Меню

Старонка вагой сем кілаграмаў

Общество

У газеце «Прамень» я працавала 19 гадоў і столькі ж – у друкарні. Аб’яву аб тым, што патрабуецца  друкар, прачытала калісьці ў «Прамені». Падумала, гэта праца на пішучай машынцы. Праз некалькі гадоў майстар Мілістфер Маіна Нікіфараўна прызналася: «А я ж адгаворвала дырэктара. Маўляў, не будзе такая, у выпрасаванай спаднічцы, беленькай кофтачцы і з манікюрам працаваць друкаром. Ды Алешка Пётр Канстацінавіч вырашыў узяць, малайчына…»

Працавала спачатку друкаром, пасля – у наборным цэху. Затым вярстала газету. Работа гэтая была цікавай, але прыходзілася адстаяць на нагах восем гадзін, а то і больш. Формы выходзілі цяжкімі, бо газетная старонка важыла дзесьці сем-восем кілаграмаў.

У рэдакцыю мяне паклікала аператар Таццяна Мікалаеўна Шалькевіч. Не пашкадавала, што пайшла. На камп’ютары вярстала газету. Можна сказаць, першай чытала тое, што пойдзе ў свежым нумары. У той час карэктарам у газеце працавала Сурко Зінаіда Міхайлаўна. Неяк яна мне задае пытанне: «А чаму ты набрала не Дзмітраўна, як у арыгінале, а Дзмітрыеўна?» Кажу, што, напэўна, машынальна. Яна гаворыць: «Але ж правільна набрала».

Зінаіда Міхайлаўна многаму мяне навучыла. Пазней, калі сама працавала карэктарам і неяк пайшла ў водпуск, рэдактар узяў на замену Вольгу Васільеву. Здаецца, тады яна якраз была студэнткай-практыканткай. Пазней, пасля ўніверсітэта, Вольгу ўзялі ў рэдакцыю на працу. У яе я таксама шмат чаго пачэрпнула, маючы пастаянныя размовы адносна граматыкі, стылю газетных тэкстаў.

Скажу, што мне было камфортна працаваць з усімі кіраўнікамі – што ў друкарні, што ў рэдакцыі. Калі казаць пра вобраз кіраўніка, то, мне здаецца, ён павінен быць такім, як Багатка. Гэты чалавек трымаў калектыў, яго ўсе паважалі.

Памятаю, як Іван Мікалаевіч зазірнуў у друкарню, а я толькі пачынала асвойваць камп’ютарнае абсталяванне. «Ну што, у цацачкі гуляеце?» – пажартаваў ён. «Ды не, – адказваю яму. – Дырэктар Валяр’ян Часлававіч Савіцкі даў заданне зрабіць наклейку для садавінна-агародніннага завода».

У сувязі з юбілеем жадаю супрацоўнікам газеты з радасцю ісці на працу і з такім жа настроем вяртацца дамоў. Няхай «Прамень» працвітае, каб у яго было шмат заказчыкаў аб’яў і магчымасць друкавацца бліжэй, не так далёка, як цяпер – у г. Магілёве.      

Рекомендуем