Меню

Стаўбчане сярод прызёраў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

Общество

Падведзены вынікі трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

Каманда Стаўбцоўскага раёна была прадстаўлена 13 вучнямі з шасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У выніку сем вучняў атрымалі ўзнагароды.

Так, дыплом І ступені па хіміі заваявала 10-класніца Любкаўшчынскай СШ Ксенія Ланкевіч. Дыпломам ІІ ступені па рускай мове і літаратуры ўзнагароджана вучаніца 10 класа СШ № 3 г. Стоўбцы Арына Чыкун. Дыпломы ІІІ ступені – у Алесі Ламан, вучаніцы 9 класа Шашкоўскай СШ, – па беларускай мове і літаратуры; Юліі Кудзінай, вучаніцы 11 класа Нававёскаўскай СШ, – па рускай мове і літаратуры; васьмікласніка Аляксея Караневіча, адзінаццацікласнікаў Паўла Готы і Івана Макаўчыка з гімназіі № 1 г. Стоўбцы – па матэматыцы, нямецкай мове і інфарматыцы адпаведна.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Скрыннік упэўнена ў ведах дзесяцікласніцы Арыны Чыкун

Арына Чыкун падзялілася з намі сваімі думкамі наконт удзелу ў алімпіядзе:

– За доўгія гады вучобы ў мяне выпрацавалася сістэма самападрыхтоўкі. У мінулым годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды я ўзяла дыплом ІІІ ступені, цяпер – ІІ ступені. Вынікам задаволена. Вялікая заслуга ў гэтым настаўніц рускай мовы і літаратуры Таццяны Паўлаўны Скрыннік і Веранікі Мікалаеўны Грыб.

Маё жыццёвае крэда – калі хочаш дабіцца таго, чаго не дабіваюцца іншыя, значыць, ты павінна рабіць тое, чаго не робяць іншыя. А менавіта: вучыцца на канікулах, на выхадных займацца. Шлях да поспеху – праз старанную працу. І мая ўзнагарода – таму пацвярджэнне.

Марына КУТАС

Фота Ксеніі РУБІН

Рекомендуем