Меню

Стаўбчанку Людмілу Радзькову ўзялі пад сваю апеку вучні гімназіі № 1 г. Стоўбцы

Общество

У гэтыя навагодне-калядныя дні, калі ў Беларусі праходзіць дабрачынная акцыя «Ад усёй душы», цеплыня і ўвага накіраваны на кожнага пажылога чалавека

Шаноўную Людмілу Радзькову прыйшлі павіншаваць са святамі вучні гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Як заўсёды, з падарункамі ручной работы, цукеркамі. Увосень яны прыходзілі да Людмілы Уладзіміраўны падгрэбці лісце на прысядзібнай тэрыторыі.

– Мне вельмі прыемна, што гімназісты мяне не забываюць. Яны прыходзяць і ў першую чаргу цікавяцца: «Што вам трэба дапамагчы?» Вялікі ім дзякуй за клопат, – не можа стрымаць эмоцый жанчына.

Прыходзяць да яе і вучні СШ № 3 разам са сваім настаўнікам Рыгорам Мамайкам, калі, да прыкладу, трэба ачысціць двор ад снегу. Дапамогу аказвае ва ўсім і сацыяльны работнік. Такая ўсебаковая ўвага да адзінокага пажылога чалавека вельмі кранае.

Людміла Радзькова і сама імкнецца рухацца з кіёчкам і, не зважаючы на свае амаль 90, ва ўсім падтрымлівае ідэальны парадак. У чысціні і акуратнасці ёй можа пазайздросціць нават значна маладзейшая гаспадыня. У сезон ля яе дома цвіце мноства кветак, міма якіх нельга прайсці абыякавым.

«Асабліва люблю лілеі. Іх у мяне некалькі дзясяткаў», – расказвае Людміла Радзькова і дадае, што з кветкамі ўпраўляецца сама, іх догляд нікому не давярае.

Калі ведаць, што гэтая жанчына мае пажыццёвую першую групу інваліднасці, бо перахварэла ў дзяцінстве на поліяміэліт, то на гэтае яе захапленне паглядзіш зусім іншымі вачамі. Усё – ад праполкі кветак у палісадніку да працірання пылу ў доме – ёй прыходзіцца рабіць… седзячы. Таксама ў яе парушаны слых, але гэтую праблему яна вырашае з дапамогай слыхавога апарата.

У свой час мэтанакіраванасць Людмілы Радзьковай дазволіла ёй завочна закончыць тэхнікум сувязі.

«Працавала многія гады на тэлеграфе, – гаворыць Людміла Уладзіміраўна. – На пенсію выйшла са званнем «Ветэран працы».

Адметнасць у тым, што жанчына імкнецца быць не толькі на нагах, але і за рулём. Водзіць машыну Людміла Радзькова больш за паўстагоддзя. Яе «Запарожац» у зімні перыяд «адпачывае» ў гаражы, а як толькі пацяплее, ён павязе сваю гаспадыню туды, куды ёй трэба: у магазін, бальніцу. Абавязкова – на стаўбцоўскія могілкі, дзе ў Людмілы Радзьковай, карэннай стаўбчанкі, пахаваны бацькі. Яна радуецца, што летась змагла абнавіць ім помнікі.

«Адзіноты я не адчуваю», – падсумоўвае жанчына.

І гэтае прызнанне дарагога каштуе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем