Стратэгія і перспектыва «Нёмана» – быць на плыні эфектыўнасці
Прадукцыю торфабрыкетнага завода добра ведаюць у Беларусі і за яе межамі. Сёння торфабрыкет, выпушчаны на Стаўбцоўшчыне, адгружаецца арганізацыям палівазабеспячэння і насельніцтву, а таксама цэментным заводам. Яго выкарыстоўваюць у кацельні на мясцовых відах паліва, з якой абаграваецца наш горад. І ў суседнія краіны вытворцы пастаўляюць паліва ў адмысловай тэрмаўсадачнай плёнцы – такі брыкет можна адпраўляць у печ, не распакоўваючы.
У апошнія гады ў ААТ «ТБЗ «Нёман» праводзяць мэтанакіраваную работу па пашырэнні сыравіннай базы. Распрацоўваюцца новыя радовішчы з маштабнымі запасамі торфу, што гарантуе стабільную работу вытворчага канвеера на некалькі дзясяткаў гадоў наперад.
У гэтым – развіццё і перспектыва прадпрыемства, якое летась адзначыла сваё 55-годдзе. Адметна, што па выніках работы за 2023 год, знамянальны для торфабрыкетчыкаў, завод «Нёман» атрымаў перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве па здабычы торфу (назапашана 131 тысяча тон чорнага золата) і заваяваў пераходны Кубак.
«Перамога дасягнута намаганнямі ўсяго калектыву і ў першую чаргу тых, хто рыхтаваў тарфяныя палі, шчыраваў на іх ад цямна да цямна, выкарыстоўваючы кожны пагодлівы дзень. Усім работнікам – дзякуй за самаадданую працу», – гаворыць дырэктар завода Міхаіл Камейша.
Асабісты ўклад Міхаіла Францавіча ў поспех прадпрыемства цяжка пераацаніць. Яму ён прысвяціў усё сваё жыццё, калісьці пачаўшы шлях з першай службовай прыступкі – майстра. Не менш каштоўныя яго чалавечыя якасці, дзякуючы якім у калектыве пануе здаровы мікраклімат.
Заняўшы восем гадоў таму дырэктарскую пасаду, Міхаіл Францавіч застаўся ў адносінах з людзьмі тым жа майстрам, сваім чалавекам: неганарлівым, шчырым, даступным, з пачуццём гумару.
Курс на амаладжэнне і кваліфікацыйную годнасць
Вялікая ўвага ўдзяляецца на заводзе кадравай палітыцы, якая вылучаецца збалансаваным падыходам.
Галоўнае – курс на амаладжэнне калектыву, адпаведнасць работнікаў кваліфікацыйным патрабаванням.
Плануецца, што сёлета, як і ў мінулыя гады, павысяць сваю кваліфікацыю не менш за 16 працэнтаў завадчан. З пачатку бягучага года двое з іх (машыніст брыкетнага прэса, качагар кацельні) ужо прайшлі навучанне ў «Газ-Інстытуце». У сакавіку запланавана вучоба яшчэ 10 работнікаў з розных структурных падраздзяленняў.
З пачатку 2024 года на заводзе ўкаранёна дадатковая форма абароны работнікаў – медыцынскае страхаванне.
Прафесіяналы ведаюць, як сэканоміць
На прадпрыемстве сфарміравана моцная інжынерная каманда, якая працуе над тым, каб не толькі бесперабойна функцыянаваў вытворчы канвеер, але і рэалізоўваліся мерапрыемствы па энергазберажэнні.
Да прыкладу, летась на торфабрыкетным заводзе было сэканомлена 74 тоны ўмоўнага паліва дзякуючы замене помпаў артсвідравін, устаноўцы частотных пераўтваральнікаў электраабсталявання.
У бягучым годзе намечана замяніць свяцільнікі ўнутранага і знешняга асвятлення на энергаэфектыўныя, аўтаматызаваць дымасос сушылкі «ЦЭМАГ», устанавіць падагравальнік вады пасля дэаэратара.
У 2024 годзе плануецца здабыць 124 тысячы тон торфу, выпусціць 49,5 тысячы тон брыкету.
За год – пяць адзінак тэхнікі
На заводзе істотныя зрухі з абнаўленнем тэхнікі.
Летась быў набыты аўтамабіль ГАЗ-А22R32 для перавозкі рабочых (на заводзе чатыры змены), два трактары МТЗ-1221.3 для здабычы торфу, аўтамабіль МАЗ-555026 для аказання паслуг па перавозцы брыкету і торфу спажыўцам. З’явіўся і новы бульдозер, сертыфікат на які падаравала Міністэрства энергетыкі рэспублікі да 55-годдзя завода.
Сёлета плануецца набыць у лізінг два трактары МТЗ-1221.3.
Цяпер актыўнымі тэмпамі вядзецца рамонт тэхнікі, каб пры спрыяльных умовах надвор’я пачаць працу на тарфяных палетках.
Ёсць і трынаццатая зарплата
Не пазнаць цэхі і тэрыторыю завода, якая агароджана і добраўпарадкавана альтанкамі, зялёнымі насаджэннямі і клумбамі. Устаноўлена сістэма відэаназірання, якая ў тым ліку дазваляе адсочваць вытворчы працэс і выкананне патрабаванняў аховы працы.
Работнікі працуюць на вынік і, дзякуючы прыбытковай вытворча-гаспадарчай дзейнасці, дадаткова атрымліваюць трынаццатую зарплату і прэмію за выкананне планавых паказчыкаў вытворчасці брыкету. Прадугледжаны і ёмісты сацыяльны пакет.
У дружным калектыве кожны імкнецца дапамагчы свайму напарніку. Нядзіўна, што для многіх мясцовых жыхароў торфабрыкетны завод «Нёман» стаў нечым большым, чым месца працы, – неад’емнай часткай жыцця, прычым не аднаго, а двух-трох пакаленняў.
У студзені 2024 года сярэднямесячная заработная плата работнікаў перавысіла 1700 рублёў. Па яе памеры «Нёман» – у пяцёрцы лідараў сярод торфапрадпрыемстваў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара