Ствараў канкурэнцыю газетчыкам
Працаваў карэспандэнтам, арганізатарам раённага радыё з 1973 года. Затым быў рэдактарам раённага радыё. Асвятляў праблемы раёна, яго дасягненні. Крытыка не была ў пашане, хаця менавіта яна дазваляе паляпшаць наша жыццё.
На радыё я прапрацаваў да 2019 года. Столькі гадоў на адным месцы.
Скончыў БДУ імя У. І. Леніна, папярэдне папрацаваўшы два гады ў газеце Літоўскай Рэспублікі (тады без працоўнага стажу нельга было паступіць на журфак). Беларускую мову сустрэў толькі ва ўніверсітэце. Прыйшлося вывучыць яе. На цяперашні момант валодаю ёю гэтак жа, як і рускай, і роднай польскай.
Быў свайго роду канкурэнтам для газетчыкаў «Праменя», таму што мог раней за іх расказаць пра тую ці іншую падзею. А выязджалі на раён мы заўсёды дружнай брыгадай на чале з вадзіцелем, загадчыкам сельгасаддзела Манухіным Сяргеем Іванавічам, потым – Надзеяй Іванаўнай Баталка. Я ў любы час кідаў сваю работу – і з мікрафонам да людзей, працаўнікоў.
Дзякуючы знаёмым з універсітэта і дапамозе трэцяга сакратара райкама партыі Урбан Марыі Вікенцьеўны атрымаў у «Белтэлерадыё» прафесійныя магнітафоны «Рэпарцёр-5» і «Рэпарцёр-6». На змену ім прыйшоў век японскіх лічбавых апаратаў вагою 20-30 грамаў. Далей камп’ютар аблегчыў мне работу.
Заўсёды, калі заканчваў радыёперадачу, жадаў слухачам: «Каб ваша хата ніколі не ведала ні доктара, ні адваката». Пачыналася ж праграма з пазыўных, напісаных музыкантамі раённага Дома культуры на словы Якуба Коласа «Мой родны кут».
У свой час былі вельмі папулярнымі музычныя заяўкі на радыё. Заказвалі па тры-чатыры песні. А вяшчанне – 15 мінут. Ганаруся тым, што не змяніў прафесіі, хаця былі розныя прапановы. Запомніліся сустрэчы з вядомымі людзьмі, якія наведвалі наш раён: Мітрапалітам Філарэтам, Арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і інш.
Некаторыя кіраўнікі на месцах адмаўляліся гаварыць у мікрафон, тады «абяцаў» ім не станоўчы, а крытычны матэрыял. Звычайна спрацоўвала. Манціраваў запіс, дабіваючыся жаданай якасці. Па сутнасці прыходзілася быць рэдактарам, дыктарам, аператарам. Кожны тыдзень рыхтаваў тры перадачы.
Мне добра працавалася з рэдактарам газеты «Прамень» Нэлі Леанідаўнай Астрэйка. Яна жыла праблемамі радыё. Мне набылі камп’ютар, дыктафон.
Калектыву рэдакцыі – творчых поспехаў, здароўя, больш чытачоў!