Свае кадры – з юных карэспандэнтаў
Успамінаю той перыяд, калі працавала ў рэдакцыі, таксама наш дружны журналісцкі калектыў. Прыгадваюцца будні і святы, тыя прэс-туры, якія мы праводзілі па Стаўбцоўшчыне.
Дасягненнем можна лічыць тое, што вырас аб’ём газеты. Яна займела колер і сучасны дызайн. З’явіліся новыя праекты і цікавыя рубрыкі. Быў створаны сайт газеты. Калі наш горад Стоўбцы прымаў удзельнікаў абласных «Дажынак-2022», рэдакцыя стала кол-цэнтрам. Станоўчая адзнака яе работы была дадзена на самым высокім узроўні.
Газета неаднойчы выходзіла пераможцам сярод сродкаў масавай інфармацыі Мінскай вобласці, была лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара».
Добрых слоў заслугоўваюць супрацоўнікі, з якімі мы разам працавалі і адпачывалі. Гэта Васіль Зянько, Святлана Жыбуль, Таццяна Пяткевіч, Надзея Баталка, Раіса Клімко, Галіна Уласік, Лёнгін Ваяводскі, Наталля Клыгач, Таццяна Шалькевіч, Ганна Бычынская, прадстаўнікі маладога пакалення – Вольга Васільева, Марына Кутас, Ксенія Рубін.
Асобна хачу сказаць пра Бандаровіча Фёдара Фёдаравіча, якога, на жаль, няма з намі. Гэта быў улюбёны ў сваю справу прафесіянал. І дзень, і ноч ён мог працаваць на карысць газеты. Ён не толькі быў выдатным журналістам і намеснікам рэдактара, але і цудоўным паэтам, пісьменнікам. Якія сатырычныя мініяцюры ён ствараў, змяшчаючы іх у рубрыцы «Пад пякучы прамень»!
Патрыётам нашага краю быў Галоўка Сяргей Аляксандравіч. На жаль, хвароба забрала яго ў маладым веку, але ён шмат пакінуў пасля сябе. Гэта быў краязнавец, які часта заходзіў у рэдакцыю, прыносіў свае допісы. Ім выдадзены і кнігі, якія сёння запатрабаваны ў чытачоў бібліятэк.
Акрамя таго, што я выконвала абавязкі рэдактара раённай газеты «Прамень», яшчэ з’яўлялася на працягу трох скліканняў дэпутатам Мінскага абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў. Сустракалася з выбаршчыкамі, вырашала іх пытанні. У гэтым мне дапамагаў калектыў рэдакцыі, бо ў газеце было шмат рубрык, праектаў накшталт «На сувязі – рэдакцыя».
Увесь час імкнуліся абнаўляць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. У першую чаргу варта сказаць пра набыццё сучаснага аўтамабіля «Рэно-Дастар» і камп’ютарнага абсталявання, якое дапамагае рабіць газету якаснай. Пры падтрымцы заснавальнікаў, раённага выканаўчага камітэта, была куплена і сучасная фотаапаратура.
Рэдакцыя газеты «Прамень» заўсёды была школай не толькі для вядомых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, але і для моладзі. Чатыры чалавекі прайшлі навучанне ў школе юнага журналіста і атрымалі накіраванні на вучобу на факультэт журналістыкі, а Ксенія Рубін вярнулася ўжо з дыпломам і працуе ў рэдакцыі газеты «Прамень». Сёння ў калектыве працягваецца вялікая работа па абнаўленні кадраў. Шчыра віншую з 85-годдзем газеты ўсіх, хто любіць і чытае раёнку! Працуйце і жывіце так, каб кожны ваш дзень быў змястоўным і цікавым