Світанак сустракалі са свежым нумарам
Падчас вучобы ў старэйшых класах Залужскай сярэдняй школы пісаў заметкі ў раённую газету. Пра школьнае жыццё, пра жыццё вёскі. Прыходзіў нярэдка ў рэдакцыю. У 1967 годзе мне прапанавалі працу літаратурнага супрацоўніка.
Удзячны лёсу за тое, што тады пазнаёміўся з выдатнымі журналістамі. У першую чаргу гэта рэдактар Шабан Антон Георгіевіч, яго намеснік Туміловіч Казімір Адамавіч, супрацоўнікі – Петрашкевіч Часлаў Вікенцьевіч (які стаў рэдактарам пасля А. Г. Шабана), Шырко Рыгор Дзмітрыевіч, Траяновіч Андрэй Сцяпанавіч, Манухін Сяргей Іванавіч. Яны вучылі пісаць. Вучылі жыццю.
Потым у мяне была служба ў арміі, вучоба ў БДУ, камсамольская і партыйная работа. Напачатку 80-х гадоў раптоўна памёр рэдактар газеты Петрашкевіч Ч. В., і мне прапанавалі ўзначаліць рэдакцыю.
80–90-я гады – гэта быў час перабудовы. Давялося перабудоўвацца і рэдакцыі. У прамым сэнсе, калі М. І. Русы, цяперашні член Савета Рэспублікі, а тады – першы сакратар Стаўбцоўскага райкама партыі, прапанаваў для больш зручных умоў пераехаць рэдакцыі ў будынак былога райкама партыі (на першы паверх). Газета тады друкавался ў стаўбцоўскай друкарні. Практычна ўсё набіралася ўручную. Сядзелі да ночы, пакуль выпусцім свежы нумар.
У гэтыя гады скарацілася бюджэтная датацыя для раённай газеты і прыйшлося думаць, як зарабіць сродкі. Першае – павялічыць тыраж газеты. Каб заваяваць цікавасць чытача, працавалі над яе зместам. З’явіліся новыя рубрыкі, крытычныя артыкулы. Бандаровіч Ф. Ф., які доўгі час працаваў намеснікам рэдактара, унёс шмат навацый. Галоўка С. А. арганізаваў гістарычную старонку «Панямонь».
Дасягнулі амаль сямітысячнага тыражу. Але трэба было думаць, як знізіць выдаткі на выданне газеты. Паехалі ў друкарню ў г. Баранавічы, самі сталі займацца яе дастаўкай. Акрамя таго, пачалі інтэнсіўна размяшчаць у газеце аб’явы, іншую рэ-кламу. Пры гэтым захоўвалі беларускамоўнасць нават у аб’явах.
У выніку наша газета першай у Мінскай вобласці выйшла на самаакупнасць. Першыя ў вобласці заваявалі галоўны прыз – аўтамабіль «Жыгулі», праз некалькі гадоў – аўтамабіль «Волга». Таксама рэдакцыя ўзнагароджвалася камп’ютарным комплексам. Усе нашы дасягненні – дзякуючы дружнаму творчаму калектыву.
Аднак гэта юбілей не толькі газеты, але і друкарні, якая доўгі час была ў складзе рэдакцыі. Яе кіраўнік Алешка П. К., калі ламаўся лінатып, мог ухіліць няспраўнасць, і газета заўсёды выходзіла своечасова. Але бывала такое, што першая і чацвёртая старонкі аддрукоўваліся, а другая і трэцяя – не. Падпісчыкі тэлефануюць: «А дзе другая і трэцяя старонкі?!» Цікавіліся ў іх: «А сусед атрымаў якія? Другую і трэцюю? Дык памяняйцеся і пачытайце». Людзі разумелі, бо ведалі, што гэта зроблена не наўмысна. Пазней друкарню ўзначаліў В. Ч. Савіцкі, і па-ранейшаму мы заставаліся ў добрых партнёрскіх адносінах. Жадаю «Праменю», каб цікавасць да яго ніколі не знікала.