Такія родныя і блізкія: жыхары раёна падзяліліся сваімі любімымі беларускімі словамі
Калі б і дзе ні гаварылі пра нашу родную мову, хто б ні быў выступоўцам, абавязкова колькі слоў будзе сказана пра яе мілагучнасць. І гэта не проста эпітэт, які характарызуе фанетычны лад маўлення, гэта душа народа, сплеценая з казак, легендаў і песень, жывых гутарак. Гэта рэха гісторыі, нашых продкаў. Чабор і валошкі, вусцішна і знянацку, жэўжык і абібок, кужэльны і цікавосткі, пагатоў і спакваля – колькі глыбіні, звонкасці і ўяўлення дораць нашы, беларускія, словы. Да Міжнароднага дня роднай мовы любімымі і самымі пяшчотнымі з іх падзяліліся жыхары раёна.
Наталля ПЯТРОЎСКАЯ, майстар саломапляцення:
Беларускае слова для мяне цесна звязана са стваральнай працай на зямлі. У дзяцінстве я чула родную мову ад бабулі, калі дапамагала ёй па гаспадарцы: разам жалі жыта, зносілі снапы ў гумно. Памятаю, як бабуля прасіла: “схадзі ў дрывотню і прынясі бярэмя дроў”. А як жа было прыемна, напрацаваўшыся, пачуць “хадзем снедаць” або “будзем вячэраць”. А вось другая мая бабуля вельмі любіла гатаваць. Па два разы на тыдзень былі на стале калдуны, камякі (так яна называла кашу з бульбы), дранікі, пасыпаныя цукрам. Яшчэ тады, у маленстве, палюбілася мне роднае слова, праз яго цяпер адчуваю сувязь з продкамі. Калі праводжу заняткі па саломапляценні з дзецьмі, заўсёды размаўляю па-беларуску. Ведаеце, расказаць пра традыцыйнае беларускае рамяство так, каб зацікавіць і ўлюбіць у гэту справу дзяцей, напэўна, магчыма толькі на роднай мове.

Алена НІКАЛАЕВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
Родная мова – наша неад’емнае багацце. І толькі яна гучыць з вуснаў беларусаў найбольш прыгожа і арганічна. Прасцецкае, бясхітраснае “сырадойчык”, задзірыстае “панцак”, заліхвацкае “жарынкі” – для мяне гэта не проста словы, гэта цэлы свет дзяцінства, гэта скарбніца, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. А яшчэ не магу не адзначыць вельмі трапную і па гучанні, і па сэнсе беларускую прымаўку: “Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца”. Я вельмі рада, што вучу роднай мове дзяцей, і што наша школа – беларускамоўная. Сельскім дзецям родная мова даецца лягчэй, у іх ёсць неабходнае моўнае асяроддзе: яны чуюць гаворку бабуль і дзядуляў, трасянку, якая пераважна беларуская і ў любым выпадку пашырае беларускамоўную прастору. Калі дзеці чытаюць твор на роднай мове і сустракаюць незразумелае слова, пачынаюць распытваць, што яно азначае, я бачу іх зацікаўленасць.
