Тры дні да вызвалення
Давайце ўзновім карціну баявых дзеянняў з канкрэтнымі эпізодамі і падзеямі франтавых будняў тых часцей, якія вызвалялі наш горад 80 гадоў таму, у пачатку ліпеня 1944 года
Звернемся да гістарычнай крыніцы – «Вызваленне гарадоў: Даведнік па вызваленні гарадоў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.».
З гэтых пушак падбівалі бронепаязды і знішчалі агнявыя кропкі праціўніка
Чытаем наступныя звесткі:
«Стоўбцы. Акупіраваны 28 чэрвеня 1941 г. Вызвалены 2 ліпеня 1944 г. войскамі 1-га Беларускага фронту падчас Мінскай аперацыі:
Конна-механізаваная група – 30 кавалерыйская дывізія(генерал-маёр Галаўской Васілій Сяргеевіч) 4 гвардзейскага кавалерыйскагка корпусу (генерал-лейтэнант Пліеў Іса Аляксандравіч).
48 армія – часць сіл 217 стралковай дывізіі (палкоўнік Масонаў Мікалай Паўлавіч) 29 стралковага корпусу (генерал-маёр Андрэеў Андрэй Мацвеевіч); 713 самаходна-артылерыйскага палка (падпалкоўнік Васільеў Іван Васільевіч).
Авіяцыя далёкага дзеяння – 7 гвардзейская авіяцыйная дывізіядалёкага дзеяння (палкоўнік Шырокі Феафан Сяргеевіч) 3 гвардзейскага авіяцыйнага корпусу далёкага дзеяння (генерал-маёр авц. Волкаў Мікалай Андрэевіч).
У вызваленні горада ўдзельнічала партызанская брыгада № 27 ім. В. І. Чапаева (Шастапалаў Мікалай Анісімавіч).
Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні г. Стоўбцы і іншых гарадоў, загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 2 ліпеня 1944 г. аб’яўлена падзяка і ў Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат».
Экіпаж баявой машыны: злева направа — камандзір танкавай роты лейтэнант Сібірцаў І. Я., камандзір вежы сяржант Туеў Н. Г., стралок-радыст Шыш І. А.
Кровапраліцце вакол станцыі Стоўбцы
За гэтымі па-вайсковаму дакладнымі і ўрачыстымі рапартамі стаяць цяжкія баі з людскімі стратамі, лёсы афіцэраў і салдат, жахі мірных жыхароў…
Стаўбцоўскую зямлю ад сканцэнтраваных уздоўж чыгункі часцей акупантаў вызвалялі тры доўгія і кровапралітныя дні. Захоп станцыі Стоўбцы не даваў фашыстам, якія трапілі ў «Мінскі кацёл», магчымасці падцягнуць рэзервы, адрэзаў апошні шлях да іх адступлення. Менавіта чыгунка – стратэгічная камунікацыйная сістэма – была важная як для наступаючых, так і для «драпаючых» войскаў.
Нядзіўна, што баі за Стоўбцы аказаліся працяглымі і сталі вырашальнымі для паспяховага вызвалення астатняй тэрыторыі Беларусі.
Як Стоўбцы пражылі гэтыя найцяжэйшыя тры дні сваёй гісторыі?
Пра гэта расказваюць бясцэнныя сведчанні і ўспаміны, занатаваныя ў лістах і пасляваенных артыкулах удзельнікамі падзей – франтавікамі і партызанамі. А сабраны былі гэтыя звесткі ў 80–90-х гадах мінулага стагоддзя пошукавымі атрадамі сярэдняй школы № 1 (цяперашняй гімназіі № 1 г. Стоўбцы) пад кіраўніцтвам дырэктара школы Васілія Міхайлавіча Зуба. У кожным лісце – кавалачак гісторыі, неўпрыгожанай і непрыдуманай.
Мы разумеем, што гэтыя сведчанні важныя і з пункту гледжання барацьбы з падтасоўваннем і скажэннем фактаў аб рэальнай карціне вызваленчых баёў.
Танкі падышлі да Новага Свержаня
1 ліпеня камандаванне 134-га асобнага танкавага палка, удзельнічаючы ў грандыёзнай аперацыі «Баграціён», атрымала заданне – адрэзаць шляхі адыходу праціўніка і заняць горад Стоўбцы. Горад знаходзіўся на галоўнай чыгуначнай магістралі і шашы Мінск – Брэст, па якой ішло наступленне конна-механізаванай групы. Таму камандаванне фронту надавала асаблівае значэнне менавіта гораду Стоўбцы. Трэба было перашкодзіць адыходу праціўніка.
2 ліпеня камандзірам 30-й кавалерыйскай дывізіі была пастаўлена задача – заняць горад Стоўбцы і ўтрымліваць да падыходу часцей злучэння.
У 6 гадзін раніцы танкі падышлі да паўднёвай ускраіны вёскі Новы Свержань. Цішыня. За ракой Нёман на ўзвышшы раскінуўся горад Стоўбцы. На чыгуначнай станцыі гулі паравозы. Праходзілі нейкія саставы. Камандзір палка палкоўнік Огнеў Н. А. загадаў камандзірам рот:
– Неадкладна захапіць масты і атакаваць!
У гэты час да камандзіра знішчальнай батарэі І. А. Косціна падышоў хлопчык гадоў 11-12 і сказаў: «Я вас непрыкметна да моста правяду». Паўлік Шкадзінскі (так звалі хлопчыка) паказаў шлях падыходу да драўлянага моста.
Зараўлі рухавікі баявых машын. Не сустракаючы супраціўлення, танкі выйшлі на паўднёва-заходні бераг ракі Нёман і захапілі чыгуначны і аўтамабільны масты. Неўзабаве танкі першай роты і частка другой роты па драўляным мосце пераправіліся і занялі пазіцыі на вуліцах горада, наблізіліся да чыгуначнай станцыі. Частка войскаў паспела ўслед за разведчыкамі хутка праскочыць праз мост. Немцы адкрылі па ім моцны агонь. Астатнія воіны перайшлі на правы бераг ракі па бродзе, які паказаў Паўлік.
У баях за наш горад змагаўся конна-механізаваны корпус генерала Пліева І. А.
Апошнія словы гераічнага экіпажа
Пры падыходзе да станцыі танкі падвергліся артабстрэлу бронецягнікоў. З танкаў быў адкрыты па іх агонь. Тут вызначыўся экіпаж танка лейтэнанта М. А. Салагуба. Трапным агнём з пушкі танкісты падбілі пярэдні браняпоезд, знішчылі некалькі агнявых кропак. Масіраваным агнём з іншых танкаў былі падпалены другі бронецягнік і састаў з боепрыпасамі.
Далёка наперад вырваўся танк лейтэнанта Зыранава Аляксея Пятровіча. Баявая машына была падбіта і акружана гітлераўцамі. Немцы прапанавалі ім здацца ў палон. Але экіпаж адказаў агнём з кулямётаў. Тады фашысты падпалілі танк. Радыст паслаў у эфір апошнія словы ўсяго гераічнага экіпажа:
– Гарым, але не здаёмся фашыстам. Адпомсціце за нас, таварышы!
Маючы на руках спісы танкістаў, якія загінулі падчас наступальнай аперацыі «Баграціён», нам удалося вылічыць, танкісты якога танка згарэлі зажыва, але не здаліся, пры вызваленні Стоўбцаў.
З аднаго з лістоў мы даведаліся пра подзвіг герояў і пра тое, што камандаваў танкам лейтэнант Зыранаў А. П. Са спіса замацаваных за танкамі воінаў знаходзім, што разам з ім у танку знаходзіліся механік-вадзіцель сяржант Глазатаў М. Н., памочнік механіка-вадзіцеля сяржант Савінаў В. А., радыст малодшы сяржант Ягораў А. Н. Усе яны загінулі. Іх імёны змешчаны на стэлах на плошчы Бессмяротнасці ў Стоўбцах, побач з Вечным агнём.
Усе члены экіпажа пасмяротна ўдастоены дзяржаўных узнагарод: камандзір танка лейтэнант Зыранаў А. П. – ордэна Айчыннай вайны I ступені, камандзір вежы малодшы сяржант Сазонаў І. І., радыст-стралок Ягораў А. Н., памочнік механіка-вадзіцеля Савінаў В. А. – ордэнаў Айчыннай вайны II ступені, механік-вадзіцель Глазатаў М. Н. – ордэна Славы III ступені.
З глыбокім смуткам успрынялі байцы і камандзіры гібель сваіх таварышаў, гнеў і нянавісць выклікала ў сэрцах танкістаў,аўтаматчыкаў, разведчыкаў зверства фашыстаў. І яны жорстка адпомсцілі за баявых сяброў.
Атакі кавалерыі і артылерыйская дуэль
3 і 4 ліпеня ў горадзе баі не спыняліся ні днём, ні ноччу. Фашысцкія начныя бамбардзіроўшчыкі жорстка бамбілі паўночную ўскраіну вёскі Новы Свержань, дзе размяшчаліся штабы і тылавыя падраздзяленні дывізіі. Былі ахвяры сярод мірнага насельніцтва.
…Падышлі эскадроны 138-га кавалерыйскага палка і іншых часцей. Наступаючы за танкамі, яны выйшлі на паўночную ўскраіну горада Стоўбцы і замацаваліся там.
У 14.00 3 ліпеня праціўнік узмацніў артылерыйскі і мінамётны агонь па кавалерыйскіх эскадронах і коннікі пачалі адыходзіць да перапраў. А драўляны мост праз Нёман быў спалены мінамётным агнём праціўніка. Танкавыя роты паспяшаліся на дапамогу кавалерыстам. Неўзабаве становішча было адноўлена. Але праціўнік падцягнуў рэзервы. Ён імкнуўся да перапраў, каб захапіць іх і вызваліць шляхі для часцей, якія адступалі з боку Мінска, каб злучыцца з ар’ергардамі, якія ішлі на дапамогу з Баранавічаў.
У 14.30 4 ліпеня танкі праціўніка прарваліся і выйшлі да перапраў. Нашы сярэднія танкі роты старшага лейтэнанта Голікава пайшлі насустрач ворагу. Завязалася артылерыйская дуэль танкаў. Агнём танка старшага лейтэнанта Рошчына быў падбіты Т-IV праціўніка, які загарэўся. Наводчык старшы сяржант Пётр Асадчаў ударыў па борце варожага танка бранябойным снарадам. Не вытрымаўшы напору нашых баявых машын, астатнія варожыя танкі адышлі на ўсходнюю ўскраіну горада. Кавалерысты 138-га палка і аўтаматчыкі, разведчыкі палка ўступілі ў бой з аўтаматчыкамі праціўніка, якія абстрэльвалі нашы баявыя сілы з гарышчаў і вокнаў дамоў.
Знішчана да 450 салдат і афіцэраў
Увесь дзень праходзілі цяжкія вулічныя баі. Нашы баявыя машыны адчувалі востры недахоп боепрыпасаў, даставіць якія з-за моцнага агню праціўніка было немагчыма. Усе атакі яго былі адбіты. 134-ы полк меў сур’ёзныя страты. Былі падбіты тры танкі. Гераічна загінулі камандзір танка лейтэнант Г. В. Еліфанкін, механікі-вадзіцелі В. В. Барляеў, Р. А. Руліян, радыст І. О. Ішкоў і іншыя.
5 ліпеня 1944 года полк атрымаў задачу – пераправіцца праз Нёман і засяродзіцца ў раёне вёскі Дразды. Вылучыўшы тры танкі ў распараджэнне кавалерыстаў, полк выйшаў з бою ў Стоўбцах і з астатнімі танкамі накіраваўся ў Мір і Жухавічы.
За тры дні баёў за горад было знішчана да 450 салдат і афіцэраў праціўніка, падбіты і падпалены два танкі і два бронецягнікі, чатыры бронемашыны, восем аўтамашын, эшалон з боепрыпасамі, падаўлены агонь дзвюх артылерыйскіх і мінамётных батарэй, каля 10 кулямётных кропак. Захоплены тры эшалоны з грузамі, два склады, два бронетранспарцёры і шмат палонных.
Ордэны знайшлі герояў
Страты палка: падбіты сем танкаў, дзве аўтамашыны, загінулі ў баях смерцю адважных 11 чалавек, з іх тры афіцэры, паранена – 17 чалавек, з іх пяць афіцэраў.
Гераізм у баях за горад паказалі танкісты, разведчыкі, аўтаматчыкі, сапёры, рамонтнікі, медыкі. Асабліва вызначылася танкавая рота старшага лейтэнанта Голікава Расціслава Мікалаевіча. Ротай захоплены і ўтрыманы два масты праз Нёман, знішчаны два бронецягнікі, два танкі, да 10 зенітных гармат і шмат жывой сілы праціўніка. Сам камандзір роты паказаў сябе смелым і рашучым. Ён узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.
Рашуча і напорыста дзейнічалі танкісты роты лёгкіх танкаў лейтэнанта Сібірцава Івана Яфімавіча, якія знішчылі шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка. За асабістую мужнасць, адвагу і ўмелае кіраўніцтва падраздзяленнямі Сібірцаў удастоены ордэна Чырвонага Сцяга.
Мужна біліся з ворагам экіпажы танкаў лейтэнанта П. Е. Куляшова, Н. А. Люльчанкі, старшага лейтэнанта А. Т. Рошчына, малодшых лейтэнантаў Ф. В. Лабанка, Н. В. Праскурына, В. І. Трапезнікава, В. С. Яршова, старшыны З. С. Хусаінава. Гэтыя адважныя камандзіры ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга.
Аналагічнай высокай узнагароды ўдастоены механікі-вадзіцелі І. М. Тарануха, А. В. Радзіонаў, радыст-стралок І. А. Шыш. Радыст-стралок Пётр Асадчаў выратаваў свайго камандзіра. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Механікі-вадзіцелі М. П. Азыркін, А. С. Кадыраў удастоены ордэнаў Славы II ступені.
Разведчыкі палка заўсёды знаходзіліся на пярэднім рубяжы, уступалі ў бой з ворагам, дастаўлялі каштоўныя разведвальныя звесткі. Асабліва вызначыліся камандзіры і вадзіцелі бронемашын Н. Н. Карабкоў, Н. Е. Барынаў, Н. К. Кебала, Шайха Мухаметшын, разведчыкі С. З. Вафін, В. В. Вараб’ёў, П. Ю. Юсупаў, А. І. Карабейнікаў, Е. Д. Капкароў, В. І. Лазорын, Б. Н. Бікмаеў.
Малодшы сяржант Бікмаеў 3 ліпеня двойчы быў лёгка паранены ў галаву, але заставаўся ў страі. Увечары гэтага дня яны з камандзірам узвода разведкі лейтэнантам Н. А. Міхеевым уступілі ў сутычку з групай немцаў каля чыгуначнага вакзала, знішчылі да шасці фрыцаў, захапілі ў палон каштоўнага «языка» і пераправіліся праз раку Нёман уброд, даставіўшы «языка» ў штаб. Разведчык Б. Бікмаеў загадам камандуючага 1-га Беларускага фронту генерала арміі К. К. Ракасоўскага ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, а камандзір лейтэнант Н. Міхееў удастоены ордэна Чырвонага Сцяга. Памочнік камандзіра ўзвода сяржант С. З. Вафін узнагароджаны ордэнам Славы II ступені. Высокімі ўзнагародамі адзначаны іншыя разведчыкі…
Па выніках баявых дзеянняў экіпаж танка лейтэнанта Салагуба быў прадстаўлены да ўрадавых узнагарод, а сам камандзір – да звання Героя Савецкага Саюза.
Людміла НАЗАРАНКА
Фота з архіва аўтара
Ганаровыя грамадзяне Стаўбцоўшчыны
Народ Беларусі ўмее памятаць. Нашай памяці не будзе канца, пакуль мы будзем з удзячнасцю ўспамінаць тых, хто вызваліў нашу краіну ад карычневай чумы.
Удзельнікам вызвалення г. Стоўбцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 27.05.1994 было прысвоена званне «Ганаровыя грамадзяне Стаўбцоўскага раёна»:
БІКМАЕЎ Бадрэй Назмеевіч – разведчык, танкіст 30-й кавалерыйскай Навабугскай дывізіі, у баях за г. Стоўбцы ўзнагароджаны ордэнам Славы II ступені;
БАГДАНАЎ Мікалай Цімафеевіч – камандзір эскадрона 30-й кавалерыйскай Навабугскай дывізіі, узнагароджаны ордэнам Багдана Хмяльніцкага за ўмелае камандаванне падначаленымі;
СТУПАК Пётр Анісімавіч – разведчык-артылерыст 30-й кавалерыйскай Навабугскай дывізіі, вызначыўся пры вызваленні г. Стоўбцы;
ЦЮЛІН Уладзіслаў Паўлавіч – намеснік начальніка аператыўнага аддзялення 30-й кавалерыйскай Навабугскай дывізіі, за вызваленне г. Стоўбцы і іншых гарадоў Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені;
ФІЛОНАЎ Аляксандр Георгіевіч – камандзір эскадрона 30-й кавалерыйскай Навабугскай дывізіі, узнагароджаны ордэнам Кутузава III ступені за захоп і абарону чыгуначнага моста праз р. Нёман;
ЦУЦЫЕЎ Сяргей Естаевіч – камандзір эскадрона 30-й кавалерыйскай Навабугскай дывізіі, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі за захоп моста праз р. Нёман на шашы Брэст – Мінск.
З узнагароднага ліста
«Лейтэнант Салагуб Мікалай Андрэевіч – камандзір танка, мужны і адважны афіцэр-танкіст. У баях за горад Стоўбцы таварыш Салагуб паказаў выключны прыклад доблесці. Уварваўшыся ў горад першым, знішчаў засцігнутага знянацку ворага. На баявым рахунку за горад Стоўбцы ў таварыша Салагуба ёсць падбіты і спалены браняпоезд, тры гарматы, да 10 кулямётных кропак, знішчана да 50 салдат і афіцэраў праціўніка. У раёне Відомля 30-я кавалерыйская дывізія з боем перарэзала дарогу-шашу Камянец – Брэст. Праціўнік вырашыў вярнуць дарогу і кінуў 12 танкаў з артылерыяй на баявыя парадкі 138 кавалерыйскага палка. Стварылася крытычнае становішча. Лейтэнант Салагуб атрымаў задачу: спыніць рух варожых танкаў. Смела рухаючыся на збліжэнне з танкамі праціўніка, Салагуб з дыстанцыі 300-600 метраў адкрыў агонь па ворагу. Ад першых стрэлаў загарэліся два танкі. Фашысцкія танкі адкрылі бязладную стральбу, разварочваючыся ў розныя бакі. Снарадам праціўніка быў падбіты танк Салагуба. Салагуб вырашыў: весці агонь з падбітага танка. Адзін за другім былі падбіты яшчэ два танкі праціўніка, астатнія, не вытрымаўшы, кінуліся наўцёкі. У гэтым баі таварыш Салагуб знішчыў чатыры танкі і да 100 немцаў. Сваім гераічным учынкам ён паўплываў на поспех бою ўсёй дывізіі – немец ужо не рашыўся ў гэты дзень паўтараць атакі.
Лейтэнант Салагуб удастоены прысваення звання «Герой Савецкага Саюза».
Камандзір палка палкоўнік Огнеў Н. А.