Меню

Тут рэалізуюць вытанчаныя пажаданні любога кліента. Пабывалі ў мясцовай цырульні «Звязда»

Общество

Для многіх стаўбчан «сваёй» стала цырульня «Звязда». Тут робяць мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя стрыжкі, афарбоўку валасоў любой складанасці, прычоскі. 

Сямейная дынастыя

Гаспадыня цырульні Вера Бяляева працуе ў індустрыі прыгажосці больш за 45 гадоў.

– Нарадзілася ў сям’і цырульніка Івана Рубіна, які ўсё жыццё працаваў майстрам у цырульні горада, – расказвае Вера Іванаўна. – Памятаю, як назірала за той магіяй, якую стваралі рукі майго бацькі.

На працягу 32 гадоў працавала ў мужчынскай зале РКБА. У 2004 годзе Вера Іванаўна па ініцыятыве сына Генадзія стала індывідуальным прадпрымальнікам і адкрыла цырульню «Звязда». Цяпер яна ўніверсальны спецыяліст, які рэалізуе вытанчаныя пажаданні любога кліента.

Па шляху Веры Іванаўны пайшла і дачка Марына, якая таксама працуе ў цырульні.

Да майстра Веры Бяляевай стаўбчане прыходзяць не толькі зрабіць стрыжку, але і падзяліцца патаемным

Калектыўная работа

У «Звяздзе» кожны наведвальнік знойдзе свайго майстра. Тут акажуць не толькі традыцыйныя, але і сучасныя, модныя паслугі. Пры гэтым можна запісацца ў зручны для кліента час.

Ганна Амельчанка, Людміла Дабравольская і Марына Смальянінава робяць людзей прыгожымі і абаяльнымі, дораць пазітыў кожнаму кліенту

Марына Смальянінава, дачка Веры Іванаўны, можна сказаць, з’яўляецца прадаўжальніцай дынастыі цырульнікаў. Наведвальнікі давяраюць ёй свой вобраз. Марына можа працаваць крэатыўна, адчувае жаданне кліента, таму атрымліваецца стварыць гармонію прычоскі з агульным абліччам.

Людміла Дабравольская пачынала працу ў РКБА пад чулым кіраўніцтвам Веры Іванаўны. Апошнія 11 гадоў шчыруе ў «Звяздзе».

Ганна Амельчанка можа знайсці падыход да кожнага наведвальніка і справіцца з любой пастаўленай задачай. Лічыць, што лепшы паказчык майстэрства – калі кліент прыйдзе наступны раз.

Цырульнікі задаволены выбранай прафесіяй, якая дазваляе рэалізаваць сябе, дае магчымасць знаёмства і зносін з рознымі людзьмі.

– Мы ведаем густ і перавагі ўсіх сваіх пастаянных кліентаў, – падкрэслівае майстар Марына Смальянінава. – З новымі заўсёды раімся, прапаноўваем розныя варыянты, абмяркоўваем усе тонкасці.

Часам майстры не толькі стрыгуць, фарбуюць і робяць укладку. Яны, як і псіхолагі, могуць выслухаць кліентаў. А на тварах майстроў – заўсёды ўсмешка, бо ім важна, каб чалавек пайшоў ад іх задаволены.

У дасканаласці – вынік

Ва ўмовах, калі даводзіцца канкурыраваць, майстры вельмі пазітыўна ставяцца адзін да аднаго і імкнуцца заваяваць свайго кліента майстэрствам і тактам. Увесь час павышаюць сваю кваліфікацыю, сочаць за сучаснымі тэндэнцыямі, навінкамі ў цырульніцкім мастацтве. Часта на базе цырульні для майстроў праводзяцца майстар-класы запрошанымі спецыялістамі з індустрыі прыгажосці.

Цырульнікі адчуваюць увагу і падтрымку Веры Бяляевай. Па выніках работы Вера Іванаўна заахвочвае іх прэміяй, уручае граматы за добрасумленную працу.

Майстры ўпэўнены: галоўны вынік у рабоце – не толькі бачыць, што ўсё атрымалася і кліент мае добры настрой, але і самому адчуваць задавальненне.  У гэтым і значны плюс, і вялікая адказнасць, з якой лёгка спраўляюцца ў цырульні «Звязда».

Цырульня «Звязда» супрацоўнічае з газетай «Прамень». Пры падпісцы на раёнку можна атрымаць скідку 5 % на паслугі майстра.

Пацікавіліся ў наведвальнікаў цырульні «Звязда», ці задаволены яны абслугоўваннем.

Алена НОВІК:

– Больш за сем гадоў прыязджаю ў цырульню «Звязда» толькі да майстра Веры Бяляевай. Вера Іванаўна – прафесіянал сваёй справы, прыемны чалавек, заўсёды выслухае і дасць парады. Наогул у цырульні ўсё зробяць прыгожа, якасна і нядорага.

Юлія КАСЯКОВА:

– Прыйшла ў цырульню па рэкамендацыі калег, якія з’яўляюцца яе кліентамі, і не пашкадавала. Майстар Людміла Дабравольская пачула мае пажаданні і выканала ўсё граматна і прафесійна.

Іна ГАПАНОВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем