Меню

У Горкаўскім ФАПе працуе малады спецыяліст Аліна Шастакова

Общество

Малады спецыяліст Аліна Шастакова працуе ў Горкаўскім фельчарска-акушэрскім пункце,  прыехала ў жніўні 2022 года пасля заканчэння медыцынскага каледжа. У Аліны фактычна трайная кваліфікацыя – фельчара, акушэркі і памочніка ўрача.

Энергічная і адкрытая, яна вядзе прыём пацыентаў, ажыццяўляе патранаж і дыспансерызацыю. Гэтымі днямі праводзіць вакцынацыю супраць грыпу.

– На абслугоўванні ФАПа – 622 жыхары чатырох населеных пунктаў: Горак, Жацерава, Раёўшчыны, Савоняў. Сярод іх больш за 100 – гэта дзеці да 18 гадоў, у тым ліку дзевяць немаўлят, якія сёлета з’явіліся на свет, – зазначае Аліна. – З вяскоўцамі знайшла агульную мову, яны людзі прыветныя, добразычлівыя.

У будынку ФАПа ў Горках зроблены сучасны рамонт. Кіраўніцтва Стаўбцоўскай ЦРБ патурбавалася, каб стварыць добрыя ўмовы і для персаналу, і для пацыентаў. Яго загадчыцы, маладому спецыялісту Аліне Шастаковай, якая і жыве ў Горках, бальніца аплачвае здымную кватэру.

– Усё мяне задавальняе, і аграгарадок падабаецца, хоць адразу было нязвычна пасля вялікага горада, – расказвае медык. – Вучылася я ў медкаледжы ў Слуцку, які ў нечым падобны да майго роднага Светлагорска на Гомельшчыне. Ад яго цяпер аддзяляюць 300 км, таму часта ездзіць дамоў не выпадае.

…З раніцы ў Горкаўскім ФАПе не так шмат людзей. Мужчына прыйшоў на перавязку. Жанчына – набыць таблеткі. Ёсць жадаючыя зрабіць прышчэпку супраць грыпу. Фельчара могуць выклікаць на дом да хворага дзіцяці або пажылога чалавека. А ўвогуле выпадкі бываюць розныя.  Аліне Шастаковай запомніўся адзін з іх, які здарыўся з ёй у самым пачатку працоўнай дзейнасці…

На прыёме быў пацыент са збітым сардэчным рытмам, які згадзіўся на планавую шпіталізацыю. Але ўвечары дома яму ізноў стала дрэнна. Медык прыбегла і зрабіла ЭКГ, змерала ціск. Выклікала хуткую. Аднак чакаць было нельга (ад райцэнтра да Горак – 15 км. – Заўвага рэдакцыі), таму звярнулася наконт машыны ў сельгаставарыства. Такім чынам сама даставіла хворага ў бальніцу і перадала ўрачам…

Родныя гэтага мужчыны потым дзякавалі маладому медыку за прафесіяналізм і смеласць.

У размове Аліна Шастакова ўдакладняе, што за больш чым год работы ў ФАПе ёй усяго два разы давялося выклікаць хуткую. Абодва выпадкі былі экстранныя, а так на сваім участку фельчар спраўляецца сама. У дапамогу – доктар з Нававёскаўскай амбулаторыі, які раз на тыдзень вядзе прыём у ФАПе. Разам з ім выязджае і лабарант.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем