Меню

У кінатэатр – без перашкод

Общество

Пытанні даступнасці сацыяльна значных аб’ектаў і вулічна-дарожнай сеткі для фізічна аслабленых асоб абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у Стаўбцоўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Удзел прынялі прадстаўнікі і члены грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў, бо ў цэнтры ўвагі – менавіта праблемы людзей з асаблівымі патрэбамі.

– Сёння безбар’ернае асяроддзе – гэта не толькі пандусы з поручнямі. Цяпер рэалізуецца комплексны падыход, – адзначыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Жыбуль. – Сацыяльна значныя аб’екты, будынкі, паслугі, інфармацыя, жылыя дамы, транспарт павінны быць даступныя або адаптаваныя для ўсіх груп людзей з інваліднасцю.

Што ўжо зроблена ў нас і што яшчэ трэба зрабіць для гэтага?

Як расказаў начальнік службы па адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці і ідэалагічнай рабоце Стаўбцоўскага АКС Алег Явід, у 2023 годзе вяліся работы па ўладкаванні паніжэння бардзюрнага каменю, выкладзена практычна 23 метры квадратныя тактыльнай пліткі на пешаходных пераходах. На аўтобусным прыпынку ў горадзе па вул. Ленінскай (каля парку Дружбы народаў) устаноўлены маўленчы інфарматар. Дарэчы, такі самы з’явіцца ў 2024 годзе на аўтобусным прыпынку па вуліцы Ленінскай каля райвыканкама.

Важным момантам з’яўляецца стварэнне даступнасці ў жылых дамах, дзе пражываюць інваліды. Так, летась устаноўлены перакатны пандус у доме па вул. Ленінскай у Стоўбцах, у бягучым годзе плануецца ўстаноўка пандуса адкіднога ў доме па вул. Міру.

Старшыня Стаўбцоўскай пярвічкі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Ніна Ганісеўская расказала, што інвалідам-калясачнікам, мамам з дзіцячымі каляскамі цяжка перамяшчацца па горадзе: не на ўсіх пешаходных пераходах ёсць паніжэнне бардзюрнага каменю. У прыватнасці, яна звярнула ўвагу на скрыжаванні ля раённага Цэнтра культуры. У той жа час Ніна Фёдараўна адзначыла, што ў кінатэатры «Беларусь» створаны ўсе ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І сёння яны могуць глядзець фільмы і наведваць мерапрыемствы.

Ад прысутных паступіў шэраг пытанняў і прапаноў. Усе яны ўзяты на кантроль. Для вырашэння некаторых неабходна выехаць на месца, што будзе зроблена ў найбліжэйшы час.

Алена ГАМЗА 

Рекомендуем