Меню

«У Леона Мільцэнзона нават дасталі пух з падушак…»

Общество

Шырока вядома, што частка беларускіх зямель, у тым ліку і Стаўбцоўшчына, з 1921 па 1939 год уваходзіла ў склад Польшчы, была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі. Што ж папярэднічала гэтаму і чаму так адбылося?

Лёсавызначальным стаў Рыжскі мірны дагавор, падпісаны 18 сакавіка 1921 года. Паводле яго,  Польшчы адышло каля ста тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам больш за тры мільёны чалавек. Дагавор стаў афіцыйным сканчэннем савецка-польскай вайны – трагедыі, што разыгралася ў хуткім часе пасля падзей Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Выкарыстоўваючы складанасці Савецкай Расіі, якая перажывала грамадзянскую вайну, польскія кіруючыя колы на чале з Юзафам Пілсудскім ставілі перад сабой мэту аднавіць польскую дзяржаву ў межах XVIII стагоддзя.

Узброеныя канфлікты

Канфлікт і актыўныя баявыя дзеянні распачаліся ў лютым 1919 года. Стаўбцоўшчына трапіла пад акупацыю ўжо праз некалькі месяцаў ваеннага супрацьстаяння. Але роўна праз год войскі Заходняга фронту пад камандаваннем Міхаіла Тухачэўскага правялі маштабнае наступленне і адкінулі захопнікаў.

Нясцерпны боль любых узброеных канфліктаў – пагромы з боку акупацыйных войск, ахвярай якіх станавілася мірнае насельніцтва. У Стоўбцах падобнае марадзёрства з асаблівай жорсткасцю чынілася пры адступленні польскіх войск 10–12 ліпеня 1920 года. Грамілі як салдаты, якія адступалі з лініі фронту, так і часткі, якія тут дыслацыраваліся.

Чуткі аб адступленні польскіх войск луналі па мястэчку задоўга да 10 ліпеня. Некаторымі прадпрымальнымі жыхарамі, сярод якіх былі Хацкель Вольфсан, Янкель Брахонскі і Саламон Мірскі, нават было ўнесена каля пяці тысяч марак часоваму каменданту горада, які ў адказ хіба што не цалаваў рукі і абяцаў ледзь не цаною ўласнага жыцця абараняць іх ад грабяжоў і гвалту пры адступленні. Аднак наадварот, ён прымаў самы актыўны ўдзел у марадзёрстве.

Забіралі ўсё

Вымаганне грошай было нярэдкім падчас пагромаў. Як прыгадваў Сымон Тунік, першыя салдаты за бяспеку яго дома запатрабавалі пяць тысяч марак – сышліся на дзвюх тысячах. Неўзабаве прыйшла другая група – недатыкальнасць каштавала трыста царскіх рублёў і дзвесце марак. Нарэшце з’явіўся афіцэр і стаў патрабаваць ужо дзевяць тысяч марак. Прыйшлося бегчы да суседа – толькі атрымаўшы іх, афіцэр падзякаваў і з’ехаў.

Рабаўнікі забіралі ўсё, што траплялася пад руку: абутак, бялізну, сукенкі, грошы, каштоўнасці, мэблю, гадзіннікі. У Леона Мільцэнзона нават дасталі пух з падушак і забралі навалачкі з пялёнкамі груднога дзіцяці – сабе на анучы.

Вайскоўцы, якія блукалі па крамах і кватэрах, былі добра забяспечаны ўсім неабходным для падпалаў. Як вынік – згарэла чатыры дамы і гандлёвыя рады з трынаццаці лавак на рынкавай плошчы. Звестак жа пра забойствы, на шчасце, няма – толькі адна жанчына была паранена стрэлам у сцягно. Акрамя таго, паўсюль адбываліся гвалтоўныя  зразанні барод у яўрэйскага насельніцтва.

Паводле ўспамінаў Сары Рудніцкай, польскія салдаты ўзялі шклянку з невядомай вадкасцю і падпалілі хату ў пяці месцах. Людзі кінуліся па ваду, каб пачаць тушыць, але салдаты накіравалі на іх стрэльбы і не сыходзілі, пакуль увесь дом не ахапіла агнём. Калі ж яны сышлі, жыхары ўжо не маглі нічога зрабіць – хата амаль дагарала.

Элья Найфельд прыгадвала, што польскія салдаты прынеслі нарабаванае (пераважна натуральную скуру) з іх кватэры свайму камандзіру Яну Чапкоўскаму. Той выбраў сабе боты і іншыя лепшыя рэчы, а астатняе аддаў салдатам – такому «добрасумленнаму» падыходу мог пазайздросціць і Робін Гуд…

Паралельна з трагедыямі квітнеў спецыфічны «гандаль»: асабліва прадпрымальныя жыхары паспявалі набыць у салдат нарабаваныя рэчы і прапаноўвалі іх па вельмі завышаных цэнах законным уладальнікам.

А вось успаміны Зіновія Дварэцкага блізкія да сапраўднай трагікамедыі: «Польскія салдаты сталі па-варварску рабаваць наш дом. Тады мой швагер Лазар Радунскі паклікаў польскага афіцэра, які ахвотна згадзіўся дапамагчы. Калі афіцэр прыйшоў, то аблаяў салдат, сказаў, што іх паводзіны шкодзяць польскай дзяржаве і яе іміджу, даў аднаму з іх моцную аплявуху і разагнаў, выбачыўся перад намі і дазволіў забраць нарабаванае. А праз паўгадзіны ўсё той жа афіцэр пад’ехаў да нашай хаты на легкавым аўтамабілі, зноўку выбачыўся… і зрабіў у нас ператрус, загадаўшы грузіць у аўтамабіль тое, што яму спадабалася».

Супярэчлівая старонка ў гісторыі Стаўбцоўшчыны

Увечары 12 ліпеня польскія вайскоўцы нарэшце пакінулі Стоўбцы. У выніку маштабнага наступлення войск Заходняга фронту пад камандаваннем Міхаіла Тухачэўскага нашы землі былі цалкам вызвалены, а польскія войскі адкінуты ажно да Варшавы. Але з-за тактычных пралікаў у хуткім часе Чырвоная армія была вымушана ізноў адступаць, і ўжо ўвосень 1920 года авансцэнай баявых дзеянняў чарговы раз стала Міншчына.

Адным з напамінкаў аб тых падзеях сёння з’яўляюцца вайсковыя могілкі ў Новым Свержані, рупліва адноўленыя мясцовымі жыхарамі ў пачатку XXI стагоддзя.

У тым жа месяцы перамір’е было дасягнута. А паўнавартаснае мірнае пагадненне на зусім нявыгадных умовах, як мы ўжо прыгадвалі, было аформлена ў Рызе ў сакавіку 1921 года.

Міжваенны час стаў супярэчлівай старонкай у гісторыі Стаўбцоўшчыны. Горад быў важнай кропкай на сусветнай карце: мясцовая чыгуначная станцыя злучала капіталістычныя і савецкія краіны. Тут спыняліся вядомыя асобы, аб Стоўбцах пісалася ў замежнай прэсе. Дзякуючы гэтаму развівалася і інфраструктура. Але за бляскам велічнага і шыкоўнага будынка вакзала, які дайшоў і да нашых дзён, хаваўся і іншы бок медаля – незайздроснае жыццё мясцовых жыхароў, пазбаўленых сваіх правоў. 

У верасні 1939 года дзякуючы вызваленчаму паходу Чырвонай арміі тэрытарыяльная цэласнасць беларускіх зямель была адноўлена. Гістарычная справядлівасць перамагла.

Выкарыстаныя крыніцы:

1. Доклад Минского отдела ЕКОПО о погромных действиях польских воинских частей в м. Столбцы Минского уезда Минской губ. 10–12 июля 1920 г. // Материалы об антиеврейских погромах. Серия 1. Погромы в Белоруссии. С. 27–31.

2. Борьба за Советскую власть в Белоруссии: 1918–1920 гг. Минск, 1971. Т. 2. С. 491–492.

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Канстанцінам Нашчынцом у відэафармаце:

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ

Рекомендуем