«У памяці і сэрцы. Назаўжды». Воін-інтэрнацыяналіст аб службе ў гарачай кропцы
З нагоды 35-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана Сяргей Лютаровіч з Даўнароў расказаў пра сваю службу ў гарачай кропцы.
Сяргей Лютаровіч быў маладым хлопцам, калі стаў удзельнікам ваенных падзей у Афганістане. «У армію пайшоў у 18-гадовым узросце. У той час быў у вучэбцы ў Мар’інай Горцы, затым перавялі ў часць, якая знаходзілася недалёка ад Казахстана, а адтуль – у Афганістан. Я служыў вадзіцелем і вазіў агнямётчыкаў на баявыя рэйды», –расказвае Сяргей Леанідавіч.
Суразмоўнік не ўтойвае, што лічыць сябе шчасліўчыкам: ён уцалеў пад абстрэламі, хоць нярэдка кулі праходзілі блізка.
– Падчас баявых дзеянняў ты не думаеш пра смерць. Калі пад абстрэл траплялі, галоўнае было не спыняцца, а хутчэй ехаць. Калі б спыніўся, там бы і застаўся, – дзеліцца Сяргей Лютаровіч.
Дадому малады чалавек дабіраўся шэсць сутак. Спачатку на самалёце даляцеў да Ташкента, затым на цягніку – да Масквы, а адтуль – да Мінска.
Афганістан у памяці і сэрцы Сяргея Лютаровіча – назаўжды. З усмешкай расказвае пра сустрэчы з таварышамі па службе. Сярод іх – мінчанін Андрэй Кулінковіч, з якім любіць наш герой успомніць былыя часы.
Сёння Сяргей Лютаровіч працуе вадзіцелем аўтамабіля медыцынскай дапамогі ў Рубяжэвіцкай участковай бальніцы. З жонкай Марыяй Васільеўнай выгадавалі дачку Іну і сына Анатолія.
Па характары наш герой добры, сціплы. Ён выдатны сем’янін. Напэўна, такім і павінен быць абаронца сям’і і Радзімы, сапраўдным патрыётам, які свята шануе гісторыю сваёй краіны.
Марына КУТАС, фота аўтара