Меню

«У планах — пятая вудачка». Шматдзетныя бацькі з Дзераўной знайшлі агульны для ўсіх занятак

Общество

Гэтай навагодняй парой хоць і мерзне нос, але цёпла ў душы кожнага члена шматдзетнай сям’і Аляксандра і Вольгі Босых з Дзераўной

Самае галоўнае – яны праводзяць час разам, бавяць яго ў поўным сямейным складзе.

Для іх гэта раскоша, якая стала даступнай, бо ў таты Аляксандра цяпер – водпуск, месяц заслужанага адпачынку. Усёй сям’ёй яны высыпалі катацца на санках, а потым селі ў аўто і паехалі з Дзераўной у Стоўбцы – па пакупкі для дзяцей-школьнікаў.

«І гэта так класна!» – чытаецца ў вачах пяцікласніцы Варвары і першакласніка Уладзіслава.

Варвара не першы год займаецца ў школе мастацтваў. Яна іграе на фартэпіяна, бярэ ўдзел у вакальных конкурсах і, калі трэба, дапамагае справіцца са школьнымі заданнямі брату-першакласніку.

Іх сястрычка, аднагадовая Ліза, шчаслівая, што знаходзіцца на моцных татавых руках.

Пераможца рэспубліканскага спаборніцтва

Аляксандр Босы працуе ў ААТ «ТБЗ «Нёман» з 2018 года машыністам па здабычы і перапрацоўцы торфу (у міжсезонне – машыністам бульдозера). У іншы час, акрамя зімы, у яго напружаны графік. А калі пачынаецца сезон нарыхтоўкі сыравіны, ён увогуле шчыруе ў полі ад цямна да цямна. За змену Аляксандру ўдаецца  штабеляваць дзясяткі тон торфу. Тады ўсе торфабрыкетчыкі ведаюць цану кожнай сонечнай гадзіне і імкнуцца выкарыстаць яе з максімальнай карысцю.

Тым больш што Аляксандр – нязменны лідар, у перадавікі выходзіць, лічы, з моманту працаўладкавання на завод. Яго вынікі, як і іншых калег-«нёманцаў», прызнаюць лепшымі на ўзроўні ДВА «Белпалівагаз». За гэта – дыпломы пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, падарункі, пашана…

Шматдзетнаму бацьку – новы бульдозер

Летась Аляксандр Босы дадаткова атрымаў унікальны бонус – новы бульдозер. Менавіта яму дырэкцыя завода даверыла гэтую тэхніку, фактычна набытую дзякуючы падарункаваму сертыфікату, уручанаму міністрам энергетыкі Рэспублікі Беларусь у гонар 55-годдзя ААТ «ТБЗ «Нёман».

Такім чынам на заводзе абноўлены парк тэхнікі для падрыхтоўкі палёў для здабычы торфу, на што дырэктар завода Міхаіл Камейша дадае жартаўліва-сур’ёзным тонам: «Гэта падарунак Аляксандру за тое, што яго сям’я стала шматдзетнай».

У адказ Аляксандр Босы толькі ўсміхаецца, мацней тулячы да сябе «віноўніцу» – маленькую дачушку.

Бацькоўскі дом – на сучасны лад

Вольга Босая ганарыцца сваім мужам, яго працоўнымі поспехамі і зусім не крыўдзіцца, калі Ліза часцей кліча не маму, а тату. Яна працуе медсястрой Дзераўнянскай участковай бальніцы, цяпер знаходзіцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе  дзіцяці.

Жыве сям’я ў бацькоўскім доме Аляксандра. Разбудоўваюць яго, штосьці рамантуюць на сучасны лад.

– Жыллёвыя ўмовы стварылі добрыя, у дзяцей – свае пакоі, – расказвае шматдзетная матуля. – Пасля нараджэння Лізы мы аформілі сямейны капітал, але пакуль гэтую дзяржаўную падтрымку не выкарыстоўваем. Спраўляемся за кошт тых даходаў, якія маем.

У планах – пятая вудачка

Вечарам матуля і дзеці разам увіхаюцца на кухні. «Нават Ліза дапамагае, – сцвярджае Вольга Босая. – А калі тата на рабоце, то старэйшыя дзеці – мае першыя памочнікі».

У сям’і ёсць агульнае захапленне – рыбалка.

«У кожнага з нас свая вудачка, а неўзабаве купім пятую, для Лізы», – дзеляцца бацькі.

На сваім участку Босыя выкапалі сажалку, у якой разводзяць карпа, карася, ліня, таўсталобіка. Улову хапае, каб засмажыць на патэльні смачную вячэру.

У доме гучыць смех дзяцей, пахне ўзаемаразуменнем і шчаслівым бацькоўствам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

У ААТ «ТБЗ «Нёман» у адпаведнасці з калектыўным дагаворам прадугледжаны дадатковы выхадны дзень штотыднёва для бацькоў, якія гадуюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Гэтым бонусам карыстаюцца два шматдзетныя таты – Аляксандр Босы і Аляксандр Бабіч.

Рекомендуем