У рэпертуары – і беларускія песні. Студэнтка Соф’я Цё праходзіць практыку ў раённым цэнтры культуры
Соф’я Цё трапіла ў раённы Цэнтр культуры на пераддыпломную практыку і, адначасова, у самы вір культурных падзей на Стаўбцоўшчыне.
– Найбольш напружаны, пераднавагодні, перыяд ужо мінуў. Выступіла не менш як у паўтара дзясятка святочных спектакляў і канцэртаў, – прызнаецца Соф’я Цё, студэнтка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Дзяўчына ўпэўнена трымаецца на сцэне і нават спявае песні на беларускай мове, хоць нарадзілася і да паступлення ў каледж мастацтваў жыла ў іншай краіне – Казахстане. У сям’і – чацвёра дзяцей.
На радзіме яна займалася эстрадным вакалам. Для навучання выбрала спецыяльнасць «народная творчасць (харавая музыка)». Кажа, што сама піша песні, у асноўным у сучасных жанрах, а вакальныя здольнасці атрымала ў спадчыну ад дзядулі па матулінай лініі. У будучым хацела б прысвяціць сябе выкладчыцкай дзейнасці, прычым менавіта па народным вакале.
Цікавімся ў Соф’і, чаму яна выбрала Мінск для вучобы і ці ёсць у яе карані ў нашай краіне.
– Захацелася пабачыць свет. Выбрала Мінск – і не шкадую, – адказвае Соф’я.
Ёй на перыяд практыкі выдзелілі месца ў інтэрнаце філіяла маторнага завода.
«Бытавыя ўмовы задавальняюць, – гаворыць Соф’я. – На работу хаджу пяшком, а калі-нікалі – езджу на таксі. Мне цікава кантактаваць з маладымі спецыялістамі, якія працуюць у раённым Цэнтры культуры. І ўвогуле гэтую ўстанову разглядаю як адзін з варыянтаў для свайго далейшага працаўладкавання».
Акрамя Стоўбцаў, Соф’я Цё разам са студэнтамі каледжа мастацтваў ужо нямала паездзіла з выступленнямі па гарадах Міншчыны.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара