Меню

У Стаўбцоўскай ЦРБ тэрапеўтычнае аддзяленне запатрабавана ў любы сезон

Медицина

У Стаўбцоўскай ЦРБ тэрапеўтычнае аддзяленне запатрабавана незалежна ад сезона, а яго персанал заўсёды падрыхтаваны да максімальнай нагрузкі.

Аддзяленне разлічана на 35 ложкаў, і папаўняецца яно, як правіла, пацыентамі пажылога ўзросту, стан якіх нярэдка ўскладняецца хранічнымі захворваннямі і спадарожнымі балячкамі. Гэта ўплывае як на колькасць абследаванняў, так і на тэрмін знаходжання ў стацыянары, які можа вагацца ад 10 дзён да аднаго месяца.

– Аддзяленне адрамантавана і аснашчана неабходным абсталяваннем. Таксама ўкамплектаваны і працэдурны кабінет. Дастаткова лекавых прэпаратаў. Персанал дружны, кваліфікаваны. Нясём кругласутачнае дзяжурства, – расказала старшая медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення Таццяна Слабко.

У тэрапеўтычным аддзяленні працуюць урачы Марына Цімафеева, Крысціна Кутас і Міраслава Ярмоленка (загадчыца аддзялення).

Медсястра Жанна Качановіч пасля дзяжурства знаёміць з абстаноўкай у тэрапеўтычным аддзяленні старшую медыцынскую сястру Таццяну Слабко

Нядаўна кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт бальніцы віншавалі медсястру Жанну Качановіч з цудоўным жыццёвым юбілеем. І ў працоўнай дзейнасці ў яе знамянальная дата – 30-годдзе.

«Не ўяўляю сябе на іншай рабоце, – кажа Жанна Сяргееўна. – Люблю ставіць кропельніцы, рабіць іншыя маніпуляцыі, з дапамогай якіх пацыенты выздараўліваюць. Многіх з іх мы добра ведаем, у пажылых людзей вучымся  жыццёваму досведу».

Некалі пасля заканчэння Дзераўнянскай школы яна паступіла ў Мінскае медвучылішча № 2. Закончыла яго і вярнулася на малую радзіму. Увесь час шчыруе ў тэрапеўтычным аддзяленні. Што датычыць зменнага рабочага графіка, то да яго з гадамі прывыкла.

У тэрапеўтычным аддзяленні на месца пацыентаў, якія выпісваюцца, паступаюць новыя. У першую чаргу ім патрэбны ўвага і клопат. А тыя, хто адпраўляецца дамоў пасля курса лячэння, – з усмешкай на твары і ўдзячнасцю медыкам за кваліфікаваную дапамогу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем