Меню

У жыцці не так, як у кіно. У РАУС праходзіць практыку курсант Артур Грачоў

Общество

Курсант Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Артур Грачоў праходзіць практыку ў Стаўбцоўскім райаддзеле міліцыі.

На пытанне, што падштурхнула да рашэння стаць следчым, хлопец усміхаецца – у дзяцінстве вельмі падабалася глядзець дэтэктыўны серыял «Вяртанне Мухтара» і чытаць апавяданні са   зборніка Артура Конана Дойла «Прыгоды Шэрлака Холмса». Да таго ж і бацькі раілі звязаць сваё жыццё з міліцыяй.

Падрыхтоўка да службы ў аддзеле ўнутраных спраў для маладога чалавека пачалася задоўга да паступлення ў вядучую міліцэйскую ВНУ краіны. Ён разумеў: каб стаць курсантам, трэба добра вучыцца і рыхтаваць сябе фізічна. У выпускным класе паралельна займаўся на падрыхтоўчых курсах у акадэміі.

На працягу чатырох гадоў Артур старанна асвойваў на факультэце крымінальнай міліцыі спецыяльнасць «барацьба з эканамічнымі злачынствамі».

Артур запэўнівае, што за перыяд вучобы ў акадэміі ён ні разу не ўсумніўся, што прафесія выбрана па прызванні. Аднак дадае, што тэорыя без практыкі мёртвая.

– Акадэмія дае добрую тэарэтычную аснову. Да таго ж у нас выхоўваюць маральна-валявыя якасці, каб у будучым мы годна выконвалі пастаўленыя задачы, – кажа курсант. – Але неабходна спрабаваць свае сілы ў рэальных умовах. І кожны дзень знаходжання на практыцы – гэта замацаванне тэарэтычных ведаў і новы крок у прафесію.

Цяпер хлопец пад кіраўніцтвам старэйшых таварышаў старанна вучыцца складаць службовыя дакументы, выязджае ў складзе следча-аператыўнай групы на месцы здарэнняў, прымае ўдзел у правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у рамках расследавання ўчыненых злачынстваў.

– У райаддзеле міліцыі добры і зладжаны калектыў, заўсёды дапамогуць, падкажуць і падтрымаюць, – дзеліцца ўражаннямі практыкант. – Мае чаканні і ўяўленні аб працы не разышліся з рэальнасцю. Даўно зразумеў, што ў жыцці зусім не так, як у кіно.

Дзейнасць курсанта ацэньвае  кіраўнік практыкі – старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі маёр міліцыі Аляксандр Валовіч:

– Артур ведае заканадаўчую базу на «выдатна», а стаць добрым практыкам мы яму дапаможам. Тым больш што прыйшоў ён з вялікім жаданнем працаваць і з энтузіязмам бярэцца за любыя даручэнні.

У курсанта Акадэміі МУС практыка працягнецца да мая. Потым Артура Грачова чакаюць выпускныя экзамены. У жніўні ён, ужо малады лейтэнант, вернецца на малую радзіму для праходжання далейшай службы на пасадзе оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку.

Алена ГАМЗА, фота аўтара

Рекомендуем