Меню

Украдзенае дзяцінства і падарваны давер

Общество

Тэма педафіліі сёння ў ліку актуальных у СМІ-прасторы нашай краіны. І гэта нядзіўна. Толькі ў бягучым годзе на Стаўбцоўшчыне  прызнаны пацярпелымі пяць непаўналетніх, у адносінах да якіх учынены гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.

Гвалтаўнік – родны бацька

Як расказалі ў Стаўбцоўскім раённым аддзеле Следчага камітэта, бацька дзяцей К., 1990 года нараджэння, знаходзячыся па месцы свайго жыхарства, неаднаразова здзяйсняў іншыя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да сваіх дачок.  У сілу малалетняга ўзросту пацярпелыя не маглі аказаць супраціўленне.

Бацька ўчыняў фізічнае і псіхічнае насілле над дзецьмі. Ён рассыпаў на падлогу прасяныя крупы і прымушаў дзяцей станавіцца на іх голымі каленямі.

– Сваімі наўмыснымі дзеяннямі К. учыніў злачынствы, прадугледжаныя часткай 3 артыкула 167, часткай 2 артыкула 154 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, – паведаміў начальнік Стаўбцоўскага раённага аддзела Следчага камітэта Валерый Жураўскі. – Прыгаворам суда К. прызнаны вінаватым у здзяйсненні іншых дзеянняў сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетніх, а таксама ў катаванні (наўмысным прычыненні болю спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты).

Па сукупнасці злачынстваў мужчыну чакае пазбаўленне волі на тэрмін 10 гадоў з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прыгавор не ўступіў у законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Няма сіл маўчаць

На працягу дзевяці гадоў В., 1985 года нараджэння, здзяйсняў распусныя і іншыя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да траіх малалетніх, двое з якіх з’яўляюцца яго сваякамі. Асоба педафіла «ўражвае»: перыядычна нідзе не працаваў, раней быў судзімы, пазбаўлены бацькоўскіх правоў у дачыненні да дзіцяці, злоўжываў спіртнымі напіткамі і наркотыкамі.

Як растлумачылі ў Следчым камітэце, інфармацыя аб магчымым здзяйсненні ў дачыненні да малалетніх дзеянняў сексуальнага характару паступіла з установы адукацыі, дзе навучаюцца дзве дзяўчынкі (сёстры). Педагогі школы звярнулі ўвагу на эмацыянальны стан адной з іх: дэпрэсія, канфліктныя адносіны з маці. Падчас гутаркі непаўналетняя паведаміла, што прычынай такога стану з’яўляецца здзяйсненне блізкім сваяком дзеянняў сексуальнага характару ў адносінах да яе, сястры і сяброўкі.

У працэсе расследавання ўстаноўлена, што гвалтоўныя дзеянні ўчыняліся грамадзянінам В., калі малалетнія прыязджалі ў госці да сваёй бабулi на канікулы, з 2012 па 2021 год.

Большую частку сваіх дзеянняў В. здзяйсняў з прымяненнем фізічных мер уздзеяння, што яшчэ больш абцяжарвае псіхалагічны стан малалетніх.

У Следчым камітэце паведамілі, што згодна з заключэннем стацыянарнай комплекснай судовай псіхолага-сексолага-псіхафізіёлага-псіхіятрычнай экспертызы ў В. выяўлены псіхічныя расстройствы (захворванні) у форме сіндрому спалучанай залежнасці ад алкаголю і апіёідаў (хранічнага алкагалізму і апіёіднай наркаманіі) і расстройства палавой перавагі – педафіліі. Ён усведамляў значэнне сваіх дзеянняў, грамадскую небяспеку і мог кіраваць імі. Пры гэтым дзяўчынкі не разумелі характару, значэння супрацьпраўных дзеянняў.

Расказаць пра насілле бацькам доўгі перыяд часу дзеці не асмельваліся, бо педафіл угаворваў іх аб захаванні тайны. Непаўналетнія абмяркоўвалі жахлівыя сітуацыі толькі паміж сабой, баючыся пры гэтым агалоскі. Праз некаторы час, калі псіхалагічна несці цяжар стала невыносным, дзяўчынкі пачалі пра гэта расказваць.

Педафілу месца ў турме

Расследаванне працягвалася некалькі месяцаў. Усе разумелі, што гвалтаўніку месца толькі ў турме. В. не прызнаў сваёй віны. Аднак была сабрана вычарпальная доказная база. Матэрыялы Следчым камітэтам былі перададзены ў суд. Справа слухалася на закрытым судовым пасяджэнні.

В. прызнаны вінаватым у распусных дзеяннях, учыненых з прымяненнем насілля і дзеянняў сексуальнага характару, у дачыненні да заведама малалетніх і не паўналетняй. Абвінавачванаму прызначана пакаранне ў выглядзе 13 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі паводле артыкулаў 167, 169 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адбываць яго ён будзе ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама судом прыменена да абвінавачванага прымусовае лячэнне ад наркаманіі ў адпаведнасці з артыкулам 107 КК Рэспублікі Беларусь. Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Пагаварыце са сваімі дзецьмі

Самыя галоўныя пытанні, якія ўзнікаюць у свядомасці любога дарослага, – чаму дзеці не сталі гаварыць пра тое, што адбылося, са сваімі бацькамі, чаму дарослыя не заўважылі змен у паводзінах дзяцей? Пабаяліся?

Прычын гэтаму некалькі: страх, сорам, адсутнасць даверу і г. д. А менавіта давер паміж дзецьмі і бацькамі – асабліва важны складальнік здаровых сямейных адносін.

Безумоўна, ставіцца да такіх рэчаў спакойна нельга. Калі вы ці вашы знаёмыя сталі ахвярай сексуальнага насілля, неадкладна паведаміце пра гэта, каб выратаваць не толькі сябе ці сваё дзіця, але і іншых людзей.

Іна ГАПАНОВІЧ, Алена ГАМЗА

Рекомендуем