Меню

Усё пачыналася з хутароў. Пра жыццё сваіх бацькоў расказвае жыхарка Дзераўной Яніна Вайткевіч

Общество

– Як жылі людзі ў той час, калі наша зямля знаходзілася пад Польшчай, ведаю мала, – кажа жанчына. – Толькі тое, што расказала маці. Нарадзілася я акурат у тым годзе, калі прыйшла савецкая ўлада. Якраз на Каляды – 25 снежня 1939 года.

Маці была з 1917 года, а бацька – з 1912 года. Іх маладосць прыпала на тыя часы.

Адсяліцца, каб атрымаць зямлю

– Мой дзед Баляслаў Кліменцьевіч Лукашэвіч нарадзіўся ў 1898 годзе ў Церабейным. Бабка Дамініка Іванаўна была родам з Налібакаў і мела ў дзявоцтве прозвішча Фарботка. Дарэчы, яна нарадзілася ў адзін год з дзедам.

У іх было шасцёра дзяцей: чатыры дачушкі і два сыны.

Лёс у дзеда быў сіроцкі: бацька загінуў праз восем месяцаў пасля яго нараджэння. Праз нейкі час маці ізноў выйшла замуж і нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей.

Хлопцы падрасталі. Калі дзед ажаніўся, давялося жыць усім разам у адной хаце.

У той час польскія ўлады рассялялі людзей на хутары. Навошта яны так рабілі, цяжка сказаць. Аднак тым, хто згаджаўся з адсяленнем, выдзялялі зямлю.

Дзед вырашыў скарыстаць такі шанц, хацеў мець сваю гаспадарку. Так ён з сям’ёй апынуўся на хутары, які называлі Ферма. Дарэчы, пазней там нарадзілася і я.

Дзед адразу атрымаў надзел ворнай зямлі і сенакос. Не ведаю, колькі было гектараў, аднак маці казала, што нямнога. Для добрага жыцця гэтай зямлі не хапала.

У дзеда была свая гаспадарка: конь, каровы, авечкі. Працы заўсёды хапала. І была яна цяжкая. Усё рабілі самі. Жыта жалі ўручную, малацілі цапамі. Малолі дома ў жорнах.

Цяжкая была праца і ў жанчын. Патрэбна было не толькі накарміць усю сям’ю, але і адзець. Для гэтага сеялі лён. Ворыва і сяўба звычайна былі на мужчынах. А праполка і ўся астатняя работа па апрацоўцы льну была на жанчынах: ірваць, мяць, часаць, прасці, ткаць і шыць.

Збіралі грошы на зямлю

– Кожны землеўладальнік павінен быў плаціць падаткі. Даводзілася аддаваць малако, яйкі, збожжа. Але зямлі было мала, таму ўраджаю збіралі недастаткова.

Каб наладзіць жыццё лепшым чынам, дзед імкнуўся прыкупіць сабе больш зямлі. Для гэтага даводзілася хадзіць у заробкі. Мужчыны часцей за ўсё працавалі на нарыхтоўцы лесу або на заводах.

У той час быў завод у Кляцішчы. Там рабілі фарфоравы посуд. Казалі, што прадукцыю адпраўлялі нават за мяжу.

У Налібаках быў ліцейны завод. На ім выраблялі помнікі, агароджы з чыгуну. Дарэчы, на мясцовых могілках да гэтага часу можна сустрэць тыя помнікі. А ў адным з паркаў Мінска ёсць чыгунная агароджа з Налібакаў.

Жанчыны таксама хадзілі зарабляць грошы. Мама казала, што яшчэ малымі яны даглядалі саджанцы ў гадавальніку, які называлі «школка». Пасля вайны яна паказвала, дзе была тая «школка», а таксама лес, які менавіта сама садзіла.

Калі ўдавалася нешта зарабіць, аддавалі ўсе грошы дзеду – на зямлю.

Яўрэі замест паноў

– Маці мала расказвала пра паноў. Мабыць, у нашых краях іх было нямнога. А вось яўрэяў жыло шмат. У цэнтры Дзераўной была сінагога, там вучыліся яўрэйскія дзеці. Быў рабін, які здзяйсняў розныя абрады.

Амаль усе яўрэі былі заможныя. Яны трымалі гандлёвыя лаўкі і наймалі сабе памочнікаў па гаспадарцы. Да іх, як да паноў, хадзілі на работу.

Сярод яўрэяў былі вельмі добрыя людзі.

Забягаючы наперад, раскажу такую гісторыю. У 1943 годзе ў маёй будучай свекрыві загінуў муж. Яна засталася адна з трыма дзецьмі. Неяк у яе захварэла і здохла карова. Яўрэй, прозвішча якога было Тоцкель, забраў гэтую карову, а свекрыві сабраў грошай, каб купіла другую. Падчас вайны і першыя гады пасля яе жыць было вельмі цяжка. Карова з’яўлялася карміцелькай.

У лес – толькі з талонам

– Побач з дзедавым полем быў Жандовы лес. Яго яшчэ называлі  Князеўскім. Не ведаю, чаму так. Можа, ад прозвішча пайшло, а можа, якія-небудзь князі там жылі.

У лес хадзіць было нельга. Калі лавілі, то давалі штраф. Да таго ж маглі яшчэ забраць і посуд, з якім прыйшоў. Часцей за ўсё гэта быў гліняны збаночак. У Івянцы існавала фабрыка, на якой іх рабілі. Каштавалі яны дорага.

Каб назбіраць грыбоў ці ягад, неабходна было ў лясніцтве ўзяць спецыяльны талон у лес.

Адрабіць за новую сукенку

– Грошай не хапала на самае неабходнае. У магазінах нічога не куплялі, нават адзенне рабілі самі.

Маці, праўда, расказвала, што неяк хадзіла да пані, якая жыла на Усе, каб пашыць сукенку. Пані грошы за пашыў не ўзяла. Трэба было адрабляць. Даводзілася і агарод палоць, і жыта жаць, і бульбу капаць.

Ляжаць – бясплатна, лячыцца – за грошы

– Тады ў Налібаках была бальніца, разлічаная на 10 ці 15 ложкаў. Ляжаць у ёй можна было бясплатна. Але калі хацеў падлячыцца, то павінен быў сам купіць лекі. А яны былі вельмі дарагія.

Маці расказвала, што, калі ёй было каля чатырох гадоў, яна апарылася кіпячоным малаком. Бацька вымушаны быў звярнуцца да доктара ў Налібакі. Звалі яго Вільям. Візіт доктара на дом быў платны.

Вучыцца давялося не ўсім

 – Мама тры гады вучылася ў польскай школе ў Налібаках, таму ёй даводзілася жыць у бабулі і дзядулі. Пасля таго як скончыла тры класы, захварэла і навука для яе скончылася.

Старэйшая сястра маці ўвогуле скончыла толькі адзін клас. А самая малодшая, якая нарадзілася ў 1930 годзе, хадзіла ўжо ў савецкую школу.

Бацька адвучыўся ўсяго два гады. Ён быў старэйшы ў сям’і, таму павінен быў дапамагаць па гаспадарцы. Увогуле, яму давялося шмат працаваць у дзяцінстве. Ужо з 12 гадоў бацька вымушаны быў хадзіць у лес. Нараўне з дарослымі мужчынамі рэзаў, траляваў, вывозіў лес.

Імкненне да лепшага жыцця

 – І дзяды, і бацькі імкнуліся да лепшага жыцця. Аднак не вельмі шанцавала, бо было на нашай зямлі шмат войнаў. Здаецца, толькі наладжваецца  жыццё, а вайна тут як тут.

Мой дзед прымаў удзел у «мікалаеўскай» вайне (Першая сусветная вайна).  Там яго кантузіла, і на ўсё жыццё ён застаўся глухаватым.

У 1939 годзе вызвалілі Заходнюю Беларусь ад палякаў. Не паспелі нарадавацца, як пачалася вайна з немцамі. Усю нашу сям’ю вывезлі ў Германію. Хутары і вёскі, якія знаходзіліся побач з лясамі, немцы спалілі за сувязь з партызанамі.

Цяжка прыйшлося і ў першыя пасляваенныя гады.

Паціху адбудаваліся, абжыліся.

Самае страшнае, што ёсць на свеце, – гэта вайна. Яна пакідае пасля сябе папялішча. А калі мірнае неба і добрыя людзі побач, тады ўсё можна пераадолець.

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Янінай Вайткевіч у відэафармаце:

Рекомендуем