Вазіць людзей – справа адказная
Віктар Крывель працуе вадзіцелем пасажырскага мікрааўтобуса ў ААТ «Агранёманскі».
Лёс склаўся так, што ён застаўся на малой радзіме. Пасля заканчэння школы юнак вырашыў паступаць у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча. Але, на жаль, не ўсе мары збываюцца, яны проста разбіваюцца аб непераадольную перашкоду. І атрымліваецца, што аднаго толькі жадання бывае мала. Трэба яшчэ і шанцаванне. Віктар тады не прайшоў медыцынскую камісію. Наперадзе яго чакала тэрміновая служба ў арміі. А пакуль не споўнілася васямнаццаць, пайшоў на працу ў калгас, на той час, імя Леніна. Адначасова па накіраванні ад ваенкамата вучыўся на вадзіцеля і аўтакранаўшчыка ў школе ДТСААФ у г. Мінску. І гэтыя дзве прафесіі суправаджаюць яго па жыцці больш за трыццаць пяць гадоў.
Пачынаў Віктар Крывель працоўную дзейнасць на грузавой аўтамашыне, даручылі ГАЗ-52. Вопытнаму вадзіцелю, а стаж яго работы ўжо налічваў 12 гадоў, кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала прыняць аўтобус КАВЗ-685. І ён згадзіўся. Вазіць людзей – справа вельмі адказная. Не любому даверыш, бо патрабуецца адпаведная кваліфікацыя, і ад прафесіяналізму вадзіцеля часта залежыць жыццё людзей. Апошнія дваццаць сем гадоў Віктар Крывель возіць механізатараў і жывёлаводаў на работу і назад. І прэтэнзій у начальства да яго няма. Цяпер у распараджэнні дбайнага вадзіцеля «Газэль». Даставіць работнікаў, а ў перапынках падпрацоўвае аўтакранаўшчыком у будаўнічай брыгадзе таварыства.
Віктар Леанідавіч прывык да такога рытму, і работа яму падабаецца. Увогуле, мужчына ён масцеравы, з гаспадарскай жылкай. І з тэхнікай, што называецца, на «ты». Можа адрамантаваць любую. Дарэчы, мае на падворку ўласны трактар і пагрузчык.
Віктар Леанідавіч са шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася шасцёра дзяцей. Бацька быў трактарыстам, маці шчыравала ў жывёлагадоўлі і паляводстве. Самі працалюбівыя, яны і ў дзецях выхоўвалі любоў да працы, адказнасць і добрасумленнасць, што Віктару Крывялю вельмі прыдалося ў жыцці.
Варта дадаць, што і жонка Іна Сяргееўна рупіцца ў гаспадарцы ветфельчарам, сумяшчае і абавязкі тэхніка-асемянатара. Яны выгадавалі двух сыноў. Старэйшы працуе вядучым інжынерам-праграмістам у Адміністрацыі Прэзідэнта. Малодшы таксама па адукацыі інжынер, скончыў БДАТУ. У дзядулі з бабуляй падрастаюць трое ўнукаў.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара