Вехі перамогі: прыклад мужнасці і адвагі
Урокі мінулай вайны не трэба забываць, а кожнае новае пакаленне павінна ведаць гістарычную праўду пра Вялікую Перамогу нашага народа, нашых землякоў. У гэтым упэўнена вучаніца 10 класа гімназіі № 1 г. Стоўбцы Кацярына Юхнель.
Разам з настаўнікам геаграфіі і дапрызыўнай падрыхтоўкі Леанідам Нарановічам яна аднавіла баявы і жыццёвы шлях партызана камсамольска-маладзёжнага партызанскага атрада «Мсцівец», нашага земляка, былога настаўніка сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы Васілія Шкляра.
Крыніца звестак
Для атрымання неабходных матэрыялаў пра партызанскі рух на Стаўбцоўшчыне гімназістка разам з настаўнікам сустрэлася з былымі членамі партызанскага атрада «Мсцівец», паразмаўляла з вучнямі Васілія Мікалаевіча, пазнаёмілася з яго асабістым архівам, вывучыла дакументы па тэме даследчай работы з кнігі «Памяць. Стаўбцоўскі раён» і перыядычнага друку, спецыяльнай літаратуры, прыняла ўдзел у тэматычнай выставе ў раённай дзіцячай бібліятэцы, а таксама наведала рэдакцыю газеты «Прамень».
Атрыманыя звесткі сталі асновай творчага праекта «Настаўнік з Вялікай літары», які быў прадстаўлены падчас правядзення рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем». У намінацыі «Герояў памятаем імёны» Кацярына Юхнель у абласным этапе атрымала дыплом III ступені.
На фронт – у 17 гадоў
Нарадзіўся Васілій Мікалаевіч 3 мая 1927 года ў вёсцы Слабада Стаўбцоўскага раёна ў сям’і селяніна. Тут ён вучыўся і працаваў у мясцовым калгасе – дапамагаў бацькам на калгасных палях.
Калі пачалася вайна, яму споўнілася 17 гадоў.
Васілій Мікалаевіч дабавіў сабе гадоў, бо не хацелі браць хлопца, які не выглядаў на свой узрост. Так ён увайшоў у склад партызанскага атрада «Мсцівец». Хутка навучыўся падрыўной справе, увайшоў у групу падрыўнікоў, якая была актыўнай удзельніцай «рэйкавай вайны» на Стаўбцоўшчыне, а неўзабаве стаў і кіраваць ёю.
З даследчых матэрыялаў Кацярына Юхнель даведалася, што першыя партызанскія групы і атрады пачалі арганізоўвацца ў Стаўбцоўскім раёне ў пачатку 1942 года. Іх узначальвалі партыйныя, гаспадарчыя, камсамольскія і прафсаюзныя работнікі, воіны, якія засталіся на акупіраванай зямлі.
Да сярэдзіны 1943 года партызанскія атрады і брыгады ў Стаўбцоўскай партызанскай зоне павялічыліся, памацнелі арганізацыйна, узбагаціліся вялікім вопытам, разгарнулі небывалую па маштабах і выніках баявую дзейнасць. Атрад «Мсцівец» пачаў арганізоўвацца ў лістападзе 1943 года. Канчаткова група сфарміравалася ў атрад у снежні 1943 года. Ён узначальваў падрыўныя справы і з’яўляўся перадавіком баявых дзеянняў.
Баявыя будні мсціўцаў
Аналізуючы матэрыялы, гімназістка апісвае ў сваёй рабоце найбольш яркія, значныя і цікавыя выпадкі з баявых будняў партызанскага атрада «Мсцівец».
Так, дыверсійна-падрыўная група атрада «Мсцівец», у склад якой уваходзіў Васілій Шкляр, у ноч з 20 на 21 красавіка 1944 года ўзарвала варожы эшалон на чыгунцы ў напрамку Мінск – Баранавічы, на перагоне Атцэда – Стоўбцы. У выніку крушэння эшалон поўнасцю згарэў: знішчаны паравоз, чатыры вагоны з боепрыпасамі, пяць платформ з танкамі тыпу «Тыгр», 10 платформ з бронемашынамі, забіта 56 гітлераўцаў, паранена – 63.
У сакавіку ў раёне г. Стоўбцы на чыгуначнай лініі пусцілі пад адхон эшалон. У выніку разбіты тры паравозы, чатыры вагоны з боепрыпасамі, тры платформы з танкамі, адна – з пушкай.
«Сюрпрыз» на юбілей Адольфа Гітлера
– Асабліва запамінальным для Васілія Шкляра стаў выпадак з яго баявога мінулага, які адбыўся вясной 1944 года, калі фашысцкія ваякі збіраліся святкаваць юбілей Адольфа Гітлера, – зазначыла Кацярына Юхнель.
Камсамольская падрыўная група ў гэты дзень планавала паднесці «сюрпрыз» немцам – узарваць чыгуначнае палатно на ўчастку пуці Стоўбцы – Негарэлае.
Калі атрымалі баявую задачу, падрыхтавалі зброю, запакавалі ў драўляную скрынку тол і выйшлі з Рудзьмы ў вызначанае месца. Вырашылі паставіць міну ў раёне Кучкуноўскага лесу. Калі паравоз праехаў міма членаў групы, яны па камандзе падрыхтаваліся да выхаду на зададзены рубеж. Неўзабаве раздаўся выбух. Стала зразумела, што гэта «падарунак» фрыцам ад іншай групы. Выбух быў слабым, не мог прынесці значнага пашкоджання эшалона. Таму падрыўная група вырашыла паставіць міну на крутым павароце чыгункі, які знаходзіўся на пуці за Задвор’ем. Не прайшло і 20 хвілін, як у цемры асляпляльна палыхнула полымя, грымнуў небывалай сілы выбух. У гэтую ноч былі ліквідаваны два варожыя эшалоны, 10 платформ з танкамі «Тыгр», чатыры вагоны з боепрыпасамі, 10 платформ з бронемашынамі. Знішчана звыш 300 м чыгуначнага палатна.
За паспяховае правядзенне баявой аперацыі камандзір падрыўной групы Васілій Шкляр быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Баявога Чырвонага Сцяга.
Удзячнасць за гераізм
Аналізуючы даследчыя матэрыялы, Кацярына Юхнель высветліла, што за партызанскі перыяд і баявыя дзеянні ў складзе Савецкай арміі Васілій Мікалаевіч мае два ордэны і некалькі медалёў. Дзяўчына даведалася пра яшчэ адзін ордэнЧырвонай Зоркі, які ён не атрымаў, хаця і меў на руках Узнагародны ліст.
Так, вайсковае начальства адмовіла Васілію Шкляру ва ўзнагародзе, пазначыла гэта роспісам. Аднак такія дзеянні нельга лічыць правільнымі, бо яны былі абумоўлены тым, што партызанскі вопыт змагара на той час быў вельмі кароткім.
Прывіваў патрыятызм моладзі
Пасля Перамогі аж да 1952 года Васілій Шкляр нёс службу ў Вене. Калі вярнуўся дадому, пачаў выкладаць фізічную культуру ў сельскай школе, затым пабудаваў дом у Стоўбцах і перавёўся ў гімназію № 1 г. Стоўбцы, дзе і працаваў выкладчыкам фізічнай культуры і ваеннай падрыхтоўкі да самай пенсіі.
Настаўнік Леанід Нарановіч зазначае, што пасля заканчэння працоўнай дзейнасці Васілій Шкляр быў частым госцем у гімназіі. Ён працягваў патрыятычнае выхаванне моладзі, расказваў пра падзеі мінулай вайны, партызанскі рух на Стаўбцоўшчыне, атрад «Мсцівец», сваіх баявых таварышаў.
Вучні часта бывалі ў гасцях у Васілія Мікалаевіча. Сустрэчы заўсёды былі цікавымі і вельмі пазнавальнымі.
Кацярына Юхнель адзначыла яшчэ адну характэрную рысу гэтага паважанага чалавека – яго памяць пра баявых сяброў партызанскага часу. Памяць пра паплечнікаў, якія загінулі, Васілій Шкляр увасобіў на сваім двары ў пяці бярозках. На іх вісяць шыльдачкі з імёнамі тых, з кім яму давялося прайсці нялёгкімі сцежкамі вайны па нашай Стаўбцоўскай зямлі і хто не вярнуўся дадому, не сустрэў Дзень Перамогі.
Гімназістка ўпэўнена, што і далей неабходна працягваць збор матэрыялаў пра гераічныя дні, падзеі, жыццёвыя шляхі ветэранаў-землякоў, бо пошукавая работа дапамагае сфарміраваць свае жыццёвыя арыенціры, характар і светапогляд.
Іна ГАПАНОВІЧ, фота аўтара і з архіва Васілія ШКЛЯРА