Выборы 2024: на Стаўбцоўшчыне зарэгістравалі 134 кандыдаты ў дэпутаты
Найважнейшая палітычная кампанія ў нашай краіне ўваходзіць у адну з вырашальных стадый: завяршыўся прыём дакументаў, і з 16 студзеня стартавала працэдура рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.
У Стаўбцоўскую выбарчую акругу № 70 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання пададзены дакументы на вылучэнне трох кандыдатаў у дэпутаты.
У мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання зарэгістраваны 134 кандыдаты. З іх шэсць – у абласны Савет, 50 – у раённы, 78 – у сельскія.
Як адзначылі ў выбарчых камісіях, кандыдатаў вылучалі і працоўныя калектывы, і палітычныя партыі. Так, працоўнымі калектывамі вылучана 53 кандыдаты, палітычнымі партыямі – 40 (23 кандыдаты ад партыі «Белая Русь», 13 – ад Камуністычнай партыі, тры – ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і адзін – ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі).
На дэпутацкі мандат таксама разлічваюць і грамадзяне, якія з дапамогай своечасова зарэгістраваных ініцыятыўных груп самі збіралі подпісы ў сваю падтрымку. Вылучана шляхам збору подпісаў 46 кандыдатаў у дэпутаты.
Два кандыдаты вылучаліся адразу двума спосабамі.
У цэлым сярод грамадзян, якія падалі дакументы на рэгістрацыю, ёсць прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў.
Цяпер члены камісій правераць дакументы, якія паступілі, на адпаведнасць патрабаванням Выбарчага кодэкса і прымуць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. І ўжо з 31 студзеня пачнецца перадвыбарная агітацыя. Кандыдаты паўстануць перад сваімі выбаршчыкамі, каб атрымаць ад іх адпаведныя наказы. Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, прыняць зацікаўлены ўдзел у яго няпростых жыццёвых абставінах, выручыць, падтрымаць – у гэтым найвышэйшае прызначэнне дэпутата».
У Адзіны дзень галасавання – 25 лютага – нам трэба вызначыцца з кандыдатамі ў Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Кожны грамадзянін краіны павінен да выбару паставіцца сур’ёзна. Не варта вырашаць лёс краіны і яе далейшы напрамак развіцця на вуліцы. Мы цывілізаваная дзяржава, у якой выбары праводзяцца на выбарчых участках. І ўдзел у іх павінен узяць кожны грамадзянін Беларусі, тым самым свабодна праявіць сваю волю і грамадзянскую пазіцыю. Несумненна, вельмі важна, хто ўвойдзе ў дэпутацкі корпус. Менавіта на выбарчых участках мы выберам тых людзей, якія наступныя пяць гадоў будуць вызначаць курс развіцця рэспублікі.
Алена ГАМЗА