Меню

Якасць – у жыццё кожнага жыхара. Расказваем, якія будаўніча-інвестыцыйныя праекты чакаць у 2024 годзе

Экономика

На фінішы года гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Цывакам пра тое, як змянілася Стаўбцоўшчына ў 2023 годзе і што ў будаўніча-інвестыцыйным партфелі на 2024 год

– Сёлетні год характарызуецца выкананнем амаль усіх даведзеных заданняў,  – падводзіць вынік Аляксандр Цывака. – Калі ў 2022 годзе будаўніча-мантажных работ па ўсіх аб’ектах было выканана на 93,8 мільёна рублёў, то ў 2023 годзе з улікам прагнознага індэкса – на 104,7 мільёна рублёў, ці 100 працэнтаў адносна леташняга ўзроўню.

Заўважым, што не ўсе аб’екты бачныя звычайнаму жыхару раёна, бо гэта інвестыцыі ў вытворча-тэхналагічную, інжынерную інфраструктуру, якія дазваляюць рухацца наперад.

У 2023 годзе ўведзены ў эксплуатацыю сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы з даільна-малочнымі блокамі на МТК «Ніўнае» (ААТ «Дзераўное»), МТК «Шашкі» (ААТ «Шашкі»). Блізкія да завяршэння работы на МТК «Скамарошкі» (ААТ «Агранёманскі»). У 2024 годзе запланавана будаўніцтва на МТК «Ручын» (ААТ «Рубяжэвічы») і МТК «Асіпаўшчына» (ААТ «Вялікі Двор»), а таксама рэканструкцыя МТФ «Церабейнае» (ТАА «СЖК «Налібакі»).

Шматпавярховік у горадзе, сядзібныя дамы – у Налібаках

Напрыканцы года здадзены ў эксплуатацыю 54-кватэрны жылы дом па вуліцы Маторабудаўнікоў у Стоўбцах (2952 м2).

– Дзевяць кватэр – арэндныя, якія выдзелены супрацоўнікам міліцыі, органаў па надзвычайных сітуацыях і Следчага камітэта. У новым доме для 24 шматдзетных сем’яў пабудавана 26 кватэр, – расказаў Аляксандр Цывака.

Увогуле ў 2023 годзе палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 35 шматдзетных сем’яў, прычым гэты працэс закрануў і жыхароў сельскай мясцовасці. Жылы дом (85 м2) узведзены ТАА «СЖК «Налібакі», у перспектыве чакаецца ўзвядзенне яшчэ чатырох. Гэтае сельгаставарыства вядзе будаўніцтва за ўласныя сродкі, а для стварэння інфраструктуры да новабудоўляў выдзелена бюджэтная падтрымка. Праектуецца будаўніцтва 8-кватэрнага жылога дома па вуліцы Дземідовіча ў Новай Вёсцы.

На цяперашні момант распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва трох шматкватэрных дамоў па вуліцы Машынабудаўнікоў у Стоўбцах (двух 50-кватэрных і аднаго 60-кватэрнага).

У новым доме па вуліцы Маторабудаўнікоў у Стоўбцах 26 кватэр – для шматдзетных сем’яў

Сеткі для Паўночнага-1

У 2023 годзе фактычна ўведзена 27 тысяч м2  жылля (з іх 20 тысяч 324 м2 – індывідуальнага) пры плане 22 тысячы м2.

Асноўнае развіццё адбываецца за кошт мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-1, дзе заказчыкам – УКБ Стаўбцоўскага раёна – зроблены вынас ліній электраперадачы 10 кВ і такім чынам падрыхтавана пляцоўка для далейшага вы-дзялення зямельных участкаў.

– У Паўночным-1 будуюцца сеткі газазабеспячэння, неўзабаве пачнецца будаўніцтва сетак водазабеспячэння, – расказаў Аляксандр Цывака. – Адносна сетак электразабеспячэння дакументацыя перададзена ў РУП «Мінскэнерга».

У мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-2 выкананы вынас лініі 110 кВ.

Тры кіламетры вуліц – з новым пакрыццём

Актуальная тэма – асфальтаванне вуліц і дарог раёна. Усяго іх абноўлена ў 2023 годзе 24,2 км (10,2 км – рэспубліканскія аўтадарогі і магістраль М1, амаль 11 км – дарогі мясцовага значэння, 3,1 км – вулічна-дарожная сетка). Большасць абноўленых вуліц – у Новай Вёсцы. У Стоўбцах, на завулку Шаўчэнкі, распачата замена  асфальту.

Прыярытэт –  энергаэфектыўнаму цяплу

Капітальны рамонт выкананы на двух дамах у Стоўбцах – па вуліцах Сацыялістычнай, 86, і Ленінскай, 89 (4420 м2).

– На 13 дамах, дзе былі працёкі, адрамантавана 1200 м2 дахаў. Гэты бягучы рамонт выконваўся за сродкі раённага і абласнога бюджэтаў, – зазначае Аляксандр Цывака.

Для павышэння энергаэфектыўнасці работы вяліся ў цеплавузлах. У 18 жылых дамах ажыццёўлены рамонт цеплапунктаў з аснашчэннем аўтаматычнымі сістэмамі рэгулявання, якія дазваляюць аптымізаваць рэжым ацяплення ў залежнасці ад тэмпературы паветра.

Заменена 3,7 км цеплавых сетак (Новы Свержань, Мікалаеўшчына, Дзераўная, п. Нёман).

З крана – чыстая вада

Сёлета заменена 5,5 км сетак водазабеспячэння. Здадзены аб’екты ў Вішняўцы, Драздах, Галавенчыцах. Завяршаюцца работы ў Залужжы. У Стоўбцах яны вядуцца па вуліцы Кутузава, а па вуліцы Задвор’енскай ідзе замена дэфектнага ўчастка вадавода, з якога ў горад паступае пітная вада.

– Аб’ёмы работ у будаўніцтве сетак водазабеспячэння і водаадвядзення значна ўзраслі ў параўнанні з мінулымі гадамі, – канстатуе Аляксандр Цывака.

Уведзены ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў Слабадзе, Залужжы і Горках. Завяршаюцца работы ў Новай Вёсцы, Рубяжэвічах і Аталезі.

Комплексны «марафет» двара

У жылых мікрараёнах змяняецца выгляд прыдамавых тэрыторый, прычым перавага аддаецца комплекснаму падыходу, калі ўладкоўваюцца пешаходныя сувязі, тратуар, аўтапаркоўка, дзіцячая гульнявая пляцоўка.

Сёлета так зроблены двор дома № 11 па вуліцы Перамогі ў Наваколасаве.

З’явіліся пешаходныя сувязі ў дварах па вуліцы Алфёрава, 1, 2 і 3, а таксама па вуліцы Сонечнай, 1, у Заямным.

Новая дзіцячая гульнявая пляцоўка ўстаноўлена па вуліцы Чыгуначнай у Новым Свержані, даўкамплектаваны пляцоўкі па вуліцах Набярэжнай у Дзераўной,  Сонечнай у Заямным, Цэнтральнай, 13, Свярдлова, 38, і Энгельса, 8, у Стоўбцах.

Усё зробленае будзе служыць жыхарам Стаўбцоўшчыны. Гэта падмурак для таго, каб 2024 год быў не менш плённым і паспяховым, каб у кожнага з нас палепшылася якасць жыцця.

У двары дома № 11 па вуліцы Перамогі ў Наваколасаве зроблена комплекснае добраўпарадкаванне
Пешаходныя сувязі з’явіліся ў дварах дамоў № 1, 2, 3 на вуліцы Алфёрава ў Наваколасаве

У лютым 2024 года ў Стоўбцах пачнецца будаўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вясной працягнецца добраўпарадкаванне новага парку ў Стоўбцах (на месцы былога яблыневага саду высаджана больш за 1000 дрэў розных парод), для чаго за сродкі суботніка закуплена плітка і тратуарны борт. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем