З панамі па суседстве. Пра мінулыя гады ўспамінае наш зямляк Яўгеній Крапіўніцкі
– Я нарадзіўся 27 снежня 1929 года, аднак запісалі мяне згодна з новым грыгарыянскім календаром 9 студзеня 1930 года, – гаворыць Яўгеній Крапіўніцкі. – Бацюшка прапанаваў бацькам так зрабіць, каб не лічыць 4 дні 1929 года за цэлы год жыцця. Дарэчы, матушка была маёй хроснай мамай.
Узяў пуд – аддай два
– Бацькі валодалі дванаццаццю з паловай дзесяцінамі зямлі і даволі вялікай гаспадаркай. Быў конь, некалькі кароў, свінні і авечкі. Але нягледзячы на тое, што мы былі вясковыя жыхары, у нас не было сабакі. Зразумела, што гэтая акалічнасць хвалявала больш за ўсіх мяне, бо менавіта ў мае абавязкі ўваходзіла пасвіць кароў.
Дарэчы, спачатку кожны пасвіў сваіх кароў самастойна. Было цяжка, за ўвесь дзень нікуды не адыдзеш ад свайго статка. Нават абед даводзілася браць з сабою ў поле. Дзед Максім паназіраў за гэтым і скамандаваў сабраць усіх кароў у адзін гурт і пасвіць па двое і па чарзе.
Сям’я была вялікая, працаваць прыходзілася шмат, бо жылі ў асноўным са сваёй зямлі. Часам бацька хадзіў на заробкі.
Грошай, каб нешта купіць для дзяцей, не было. З дзяцінства памятаю, які смачны, які салодкі быў цукар. Калі і частавалі ім бацькі, то кожны кавалачак рассякалі на чатыры часткі. Нехта сваю частку ўжываў разам з чаем. Я чай выпіваў з хлебам, а пасля цешыўся салодкім цукровым смакам.
Непадалёку быў панскі маёнтак, дзе жыла адна пані. Памятаецца, што яна была ў разводзе, а пан з’ехаў у Варшаву.
Бацька маёй жонкі Стэфан Красоўскі быў у пані фурманам, даглядаў коней, а яго жонка – кухаркай.
У пані было шмат зямлі. Зразумела, яны самі не спраўляліся і наймалі людзей. Плацілі за працу кожны дзень, але колькі, сказаць не магу.
Пры панскім двары жылі дзве сям’і – парабкі, як іх звалі. Вось ім даводзілася вельмі несалодка. Уявіце, у гаспадарцы было больш за 40 кароў, і іх трэба даіць па два разы на дзень. А колькі іншай працы неабходна было зрабіць?
Як ставіліся паны да простых людзей, сказаць цяжка. У кожнага засталося сваё меркаванне.
Зямля бацькі межавала з панскай зямлёй, аднак ступіць на яе ніхто не меў права. Таксама нельга было хадзіць у панскі лес. Каб назбіраць грыбоў ці ягад, трэба было ў пані дазвол узяць, а пасля за гэта адпрацаваць дзень ці два.
Памятаю, неяк сабраўся бацька ісці па такі дазвол. Я напрасіўся з ім. Вельмі мне хацелася ў маёнтку пабываць. Прыйшлі мы з бацькам, а пані сядзіць на ганку і цыгарку курыць. Каб з ёй загаварыць, трэба было пакланіцца і пацалаваць ручку.
У пані можна было пазычыць хлеба да новага ўраджаю. Але калі ўзяў пуд жыта, дык павінен быў аддаць два. А хто яго ведае, які будзе ўраджай у наступным годзе? Вельмі шмат залежала ад надвор’я.
Панскае «беззаконне»
– Паны, вядома, клапаціліся ў першую чаргу аб сваім дабрабыце. Пры любой магчымасці нават спрабавалі абдурыць простых людзей. У нашай сям’і быў такі выпадак.
Мой дзед Максім Крапіўніцкі родам з Карэліцкага раёна, яго вёска была за тры кіламетры ад Міра. Тут, на Стаўбцоўшчыне, такіх, як ён, называлі занямонцамі.
Яшчэ пры цару Мікалаю ён пераехаў у Новыя Рубяжэвічы і нават перавёз з сабой зруб свайго дома.
Сям’я ў дзеда была вялікая, а зямлі – мала. Пазней, калі сыны пажаніліся, жылі ўсе ў адной хаце. Нявесткі па чарзе гатавалі есці. Зразумела, было складана. Трэба было дзяліцца і рассяляцца.
Дзед купіў зямлю ў Крукаўшчызне (Крукаўшчыне). Пані на гэтым участку спілавала лес, засталіся пні. Вось там і размясціўся дзед канчаткова. Пасля таго як усе пні выкарчавалі, зямлю падзялілі і пачалі будавацца.
Але, напэўна, дзед ужо раней сутыкаўся з панскім беззаконнем, таму вырашыў узаконіць зямлю. Пешшу ён адправіўся ў Навагрудак, дзе ў натарыуса заверыў усе дакументы.
У той час якраз сталі мяняцца і абясцэньвацца грошы. Я дакладна не ведаю, магчыма, на змену мікалаеўскім рублям прыйшлі польскія злотыя. Але справа ў тым, што за тыя грошы, якія дзед заплаціў за зямлю, пані змагла б набыць толькі пеўня. Вядома, ёй гэта не спадабалася, і яна сказала: «Крапіўніцкі, плаці новымі грашыма ці выбірайся з маёй зямлі».
Дзеда выклікалі ў суд у Стоўбцы. Пані, як і трэба, у павозцы з фурманам паехала. А дзед – пешшу. Але паколькі ў яго былі ўсе дакументы завераны, то зямлю пані адабраць не змагла.
Забягаючы наперад, скажу, што ў 1939 годзе савецкая ўлада адправіла пані ў ссылку. А калі на нас напалі немцы, у маёнтак вярнуўся паніч Янак з жонкай і дзецьмі. Казалі, што яны хаваліся недзе ў Літве.
Тры пуды жыта за візіт да доктара
– Пры Польшчы лячыцца было вельмі дорага. Доктар у Рубяжэвічах за прыём браў пяць злотых. За гэтыя грошы восенню можна было купіць тры пуды жыта.
У вёсцы Восава быў медык па прозвішчы Лабун. Ён некалі служыў санітарам у царскім войску, таму і вырашыў, што можа быць фельчарам. Ён мог паслухаць хворага, паставіць яму банькі. Фельчару таксама трэба было плаціць. Аднак не кожны мог сабе гэта дазволіць. Таму калі хто і хварэў, то лячылі яго, як і раней, з дапамогай народнай медыцыны.
І два вазы дроў за пражыванне
– У Запольцах была вялікая прыватная школа. Памяшканне пад яе выдзеліў гаспадар вялікай сям’і, а сам з жонкаю і дзецьмі туліўся ў невялікім збудаванні з адным акенцам.
У школе было чатыры класы, вучыліся ў дзве змены. Усе ўрокі вяла адна настаўніца – полька, дарэчы, з самой Варшавы. Па серадах прыязджаў ксёндз Карніцкі.
Навучанне вялося на польскай мове. І мы павінны былі размаўляць па-польску.
Я не памятаю, ці плацілі бацькі за навучанне, але сшыткі і кнігі куплялі самі, а каштавалі яны дорага. Нятанным было і чарніла – пісалі ў той час пёрамі.
У Рубяжэвічах працавала сямігадовая школа. Але не ўсе мелі магчымасць яе наведваць. Пешшу далёка, а кватэру зняць – дорага. На кватэру школьнікаў бралі яўрэі. За кожнага вучня, акрамя грошай, трэба было даць два вазы сухіх бярозавых дроў.
Улетку 1939 года, калі пачаліся школьныя канікулы, настаўніца паехала ў Варшаву. Больш яна да нас не вярнулася: 1 верасня 1939 года немцы напалі на Польшчу.
У сярэдзіне верасня да нас прыйшла савецкая ўлада. Адкрыліся беларускія школы, і я працягнуў навучанне. Безумоўна, спачатку было цяжка. Асабліва пісаць. Здавалася б, мовы падобныя, а вось некаторыя літары адрозніваліся. У Запольцах было два настаўнікі з Мікалаеўшчыны. Адзін з іх па прозвішчы Белы вучыў нас спевам. З ім мы развучылі шмат розных песень, і, дарэчы, ён заўсёды спяваў разам з намі.
Аднак скончыць школу мне не ўдалося, бо ў 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна і літаральна праз некалькі дзён у нашых мясцінах з’явіліся першыя немцы.
Падчас вайны было ўсяго. Даводзілася і галадаць, і ў лясах хавацца. Аднак самае страшнае, калі немцы забівалі людзей.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў жыццё стала наладжвацца. Мы атрымалі магчымасць жыць у мірнай краіне.
Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Яўгеніем Крапіўніцкім у відэафармаце: