З работнікамі культуры Стаўбцоўшчыны сустрэўся намеснік пракурора раёна Уладзімір Савіцкі
Сустрэча была прысвечана тэме генацыду беларускага народа, вяртання гістарычнай памяці.
— Генеральная пракуратура рэспублікі працягвае расследаванне ў рамках крымінальнай справы адносна знішчэння нашых грамадзян і населеных пунктаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Бываючы ў калектывах, нам часта задаюць пытанне: «Чаму менавіта цяпер праводзіцца гэта расследаванне?», — гаворыць Уладзімір Савіцкі і дае тлумачэнне:
— Усё часцей на Захадзе мы бачым састарэлых людзей з узнагародамі, у асноўным гэта калабарацыяністы, якія ў гады вайны адзначыліся ў складзе добраахвотных атрадаў. А за што гэтыя ўзнагароды? Высвятляецца, што за зверствы, учыненыя ў адносінах да мірных жыхароў Беларусі. У савецкія часы гэтыя людзі сядзелі ціха, а цяпер без раскаяння расказваюць пра сваё мінулае».
Уладзімір Савіцкі падкрэсліў, што Генеральнай пракуратурай накіраваны ў іншыя краіны каля 80 запытаў на выдачу ці допыт людзей, якія могуць быць датычныя да ўчыненых масавых зверстваў, аднак усе яны адхілены. Таму і распачата расследаванне, мэта якога не толькі прыцягнуць вінаватых да адказнасці, але і перазахаваць рэшткі загінулых. Апошняму надае вялікую ўвагу Прэзідэнт нашай краіны.
Паколькі ў актавай зале Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе праходзіла сустрэча, прысутнічалі тыя, хто працуе з падрастаючым пакаленнем, прадстаўнік пракуратуры раёна заклікаў даносіць гэту важную інфармацыю да моладзі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара