Жывое слова — пульс нацыі. У Стаўбцоўскай цэтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, у Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа панавала асаблівая атмасфера. Тут сабраліся не проста чытачы, а сапраўдныя аматары беларускага слова. Тыя, для каго родная гаворка — гэта не сродак зносін, а часцінка душы.


Гэтая дата, устаноўленая ЮНЕСКА яшчэ ў 1999 годзе, кліча нас да захавання моўнай разнастайнасці планеты. Але для беларусаў яна мае глыбокі сэнс.
— Наша мова — унікальны скарб, які прайшоў праз стагоддзі выпрабаванняў, захаваўшы ў сабе мудрасць продкаў, гістарычную памяць і нацыянальную ідэнтычнасць. Яна багатая на сакавітыя выразы і глыбокія сэнсы, аднак жыве мова толькі тады, калі гучыць. Сёння мала проста ганарыцца спадчынай — важна штодзень узбагачаць ёю сваё жыццё, — адзначыла мадэратар сустрэчы, бібліятэкар Ірына Грышан.



Менавіта гучаннем слова пачалася сустрэча ў бібліятэцы. Ганаровымі гасцямі сталі нашы таленавітыя пісьменнікі-землякі: Алена Жаўнерчык, Яўген Карпуць і Алесь Клім.

Іх вершы прасякнуты любоўю да роднага краю, шаноўным стаўленнем да мовы. Кожны радок знаходзіў водгук у сэрцах прысутных, нагадваючы, што мова — гэта адлюстраванне нацыі.
Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы таксама прадэкламавалі вершы на беларускай мове.





Асаблівым упрыгажэннем свята стала выступленне вакальнай студыі «Родны кут». Колькі мілагучнасці і цеплыні было ў іх выкананні! «Ты квітней, мой сад», «Завіруха», «Стаўбцоўскі край», «Гармонік грае» — гэтыя песні не проста слухалі, іх перажывалі.


Сустрэча стала не толькі святам, але і нагодай для разважанняў. Удзельнікі паглядзелі тэматычны відэаролік, прысвечаны веданню твораў класікаў беларускай літаратуры. Абмеркаванне паказала: на жаль, не ўсе сёння памятаюць школьную праграму. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што праца па папулярызацыі роднага слова павінна весціся пастаянна.
На завяршэнне ўдзельнікі атрымалі салодкія падарункі і фірменныя міні-блакноты ад раённай бібліятэкі. Але галоўным падарункам стала ўпэўненасць у тым, што пакуль жыве слова, жыве і народ.


«Не будзе мовы — не будзе нацыі», — з такімі думкамі разыходзіліся госці. Няхай родная мовы гучыць у нашых дамах, на вуліцах і ў сэрцах — годна і неперарыўна.