Меню

Зімой гуляем, працуем і назіраем

Общество

У Засульскім дзіцячым садзе ведаюць: зімняя прагулка – час забаў на адкрытым паветры і выдатны спосаб аздараўлення.

На прагулцы дзеці атрымліваюць зарад бадзёрасці і добрага настрою. «Каб яны не проста стаялі і дыхалі зімнім паветрам, выхавальнікі дашкольнай адукацыі Людміла Кулішова і Алена Львова арганізоўваюць з імі разнастайныя рухомыя гульні: «Мароз Чырвоны Нос», «Замарожу» і іншыя. Прагулка выконвае навучальную функцыю: дзеці знаёмяцца з навакольным асяроддзем, прыроднымі з’явамі», – гаворыць загадчыца Засульскага дзіцячага сада Людміла Грынюк.

Сярод пазнаваўчых заняткаў – кармленне птушак. Выхаванцы з задавальненнем напаўняюць кармушкі просам, грэчкай, семачкамі. Дзецям заўсёды цікава  паглядзець, як прылятаюць крылатыя сябры і ласуюцца пакінутым пачастункам. Падчас такіх назіранняў выхавацелі шмат размаўляюць з дзецьмі. Падкормліваючы птушак на ўчастку, дарослыя выхоўваюць у дзецях дабрыню, спагадлівасць.

Можна ў зімні час  заняцца і працай на прыродзе – ачысціць сцяжынкі ад снегу, веранду. Дзецям будзе прыемна пачуць падзяку за праведзеную імі працу.

Ёсць месца і для вольнай рухальнай актыўнасці: выхаванцы лепяць снегавікоў, крэпасці, гуляюць у снежкі.

– Адметная рыса нашых зімніх прагулак – іх насычанасць, – прызнаецца Людміла Грынюк. – Станоўчы эмацыянальны настрой падтрымлівае цікавасць да фізічных практыкаванняў, прагулкі. Разнастайнасць гульняў, назіранняў, праца захапляе дзяцей: яны забываюць пра час і не хочуць вяртацца ў групы.

Радасныя вочы і румяныя шчочкі – такі вынік прагулак зімой у Засульскім дзіцячым садзе.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ

Рекомендуем