Меню

Злачыствы ў інтэрнеце застаюцца актуальнымі. Даведаліся, якія кібермахляры арудуюць у Стаўбцоўскім раёне

Общество

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, з пачатку бягучага года жыхары Мінскай вобласці добраахвотна перадалі кібермахлярам больш за 66 тысяч рублёў. Сярод пацярпелых – і жыхары Стаўбцоўшчыны.Несакрэтныя матэрыялы пра фішынгавыя спасылкі

– Аналіз злачынстваў паказвае, што ў нашым раёне кібермахляры пераважна арудуюць фішынгавымі спасылкамі, – расказаў старшы оперупаўнаважаны групы па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці райаддзела міліцыі Ілля Рыбак. – На мабільны тэлефон прыходзіць прапанова зарэгістравацца на якім-небудзь сайце і атрымаць узнагароду ці адказаць на некалькі пытанняў за грошы. Самыя даверлівыя ўводзяць рэквізіты банкаўскай карткі. У выніку ашуканцы атрымліваюць доступ да персанальных дадзеных і выкрадаюць грошы з карт-рахунку.

Напрыклад, некалькі такіх злачынстваў адбылося ў кастрычніку. Неўстаноўленая асоба, маючы намер на выкраданне грашовых сродкаў, з дапамогай фішынгавай спасылкі завалодала рэквізітамі банкаўскай карткі, эмітаванай ААТ «ААБ Беларусбанк» на імя К., пасля чаго шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі выкрала з рахунку апошняй 350 рублёў. Такім жа шляхам у грамадзяніна С. з рахунку спісана 610 рублёў, у грамадзянкі К. – 666,25 рублёў.

Зусім не смешная гісторыя

– Маюць месца і зусім кур’ёзныя выпадкі, – гаворыць Ілля Рыбак. – Жыхарцы адной з вёсак патэлефанавалі невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Ашуканцы апавясцілі жанчыну, што ў яе доме плануецца вобыск і ўсе грашовыя сродкі могуць быць канфіскаваны. Каб пазбегнуць такога развіцця падзей, будучай ахвяры парэкамендавалі ўсе грошы перавесці на ўказаны банкаўскі рахунак, дзе яны будуць захоўвацца. Жанчына згадзілася і перавяла 3360 рублёў на рахунак зламыснікаў.

Чаму звычайнага жыхара вёскі не збянтэжыў той факт, што да яе прыедуць праводзіць вобыск? Незразумела.

Актуальным застаецца такі від тэлефоннага махлярства, як падмен нумароў. Раней зламыснікі тэлефанавалі ад імя прадстаўнікоў банкаў, дзяржаўных органаў і кампаній. Цяпер яны пачалі выкарыстоўваць нумары простых абанентаў.

Ашуканцы пішуць у месенджарах часта пад маркай набыцця тавараў, нумар вызначаецца як беларускі, ад гэтага людзі губляюць пільнасць і «смела» вядуць дыялог, а ў далейшым уводзяць рэквізіты сваёй банкаўскай карткі ў фішынгавую спасылку, якую назвалі ашуканцы. Калі з карткі адбываецца спісанне грашовых сродкаў і чалавек разумее, што яго абакралі, то ён тэлефануе па тым нумары, з якога пісаў «пакупнік».  У такім выпадку адказвае зусім іншы чалавек, які сцвярджае, што ніякіх званкоў у апошні час не здзяйсняў.

На такія хітрыкі трапіліся дзве жыхаркі Стоўбцаў: адна падчас куплі тавару ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм» страціла 450 рублёў, а другая пазбавілася 470 рублёў.

Простыя парады

– Сур’ёзна стаўцеся да захаванасці персанальных дадзеных (нумара тэлефона, рэквізітаў банкаўскай карткі, асабістых дакументаў і г. д.), – дае рэкамендацыі Ілля Рыбак. – Не афармляйце крэдыты і не ўстанаўлівайце праграмы па просьбе іншых асоб, не пераводзьце грошы на «абаронены банкаўскі рахунак» і не пераходзьце па спасылках, якія вам называюць незнаёмыя грамадзяне.

Падрыхтавала Алена ГАМЗА

Рекомендуем