Меню

20 апреля в Беларуси отмечается православная Пасха

Общество

ПАСХАЛЬНАЕ ПАСЛАННЕ

                            Епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага

                                                        ПАЎЛА

                      пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям

                                          Маладзечанскай епархіі

                                 Беларускай Праваслаўнай Царквы

                       «Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста,

                                 Які па вялікай Сваёй міласці адрадзіў нас уваскрасеннем

                                 Іісуса Хрыста з мёртвых да надзеі жывой».

                                                                                                             (1 Пят. 1:3)

         Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры! Ад мноства невымоўнай душэўнай радасці сардэчна вітаю Вас святымі для кожнага словамі:

                                       ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

«Сёння вясна духмяна пахне, і наноў створанае — лікуе», наступіў сапраўдны час радасці і весялосці аб Уваскрэсшым Госпадзе! «Сённяшняя ўрачыстасць – у гонар перамогі, браты, перамогі Цара над царамі — Сына Божага! Бо сёння дыявал церпіць паражэнне дзякуючы Распятаму, а наш род радуецца дзякуючы Уваскросламу. Бо сённяшні дзень дзеля майго ўваскрасення ўсклікае і кажа: «Падчас майго руху ўбачыў я відовішча небывалае: труна адчыняецца і чалавек уваскрасае, косці радуюцца, душы весяляцца і людзі ствараюцца, нябёсы расчыняюцца і Сілы заклікаюць: «Вазьміце князі вароты вашыя»… Цяпер убачыў я, як Нябесны Цар узыходзіць, аперазаны святлом, вышэй маланкі і прамянёў, вышэй сонца і крыніц водных, вышэй аблокаў, духу сілы і жыцця вечнага». Бо Ён схаваўся спачатку ва ўлоньні плоці, а затым ва ўлоньні зямлі, там народжаных асьвячаючы знаходжаньнем ва ўлоньні, а тут мёртвых ажыўляючы ўваскрасеннем», піша ў слове на Святую Пасху прападобны Ісіхій Іерусалімскі.

 Услаўляючы Уваскрэсшага Хрыста Спасіцеля, мы ўжо, як спяваецца ў царкоўных песнаспевах, не «шукаем Жывога сярод мёртвых і не аплакваем Нятленнага сярод тленных», а спяшаемся падзяліцца са сваімі блізкімі весткай аб перамозе любові Бога да чалавека. Таму што, па словах свяціцеля Іаана Залатавуста, зноў «надышло ў нас жаданае і выратавальнае свята, дзень уваскрасення Госпада нашага Іісуса Хрыста, заснаванне свету, пачатак прымірэння, спыненне варожых дзеянняў, разбурэнне смерці, паражэнне дыявала. Сёння людзі з’ядналіся з ангеламі, і надзеленыя целам разам з безцялеснымі сіламі зараз узносяць песнаспевы».

 Светлае Хрыстова Уваскрэсенне — гэта не толькі дзень перамогі жыцця над смерцю і святла над цемрай, але і дзень, калі пацярпелы і які прыняўшы ганебную смерць за нас на Крыжы Гасподзь, «выкупіў нас ад пракляцця закона, зрабіўшыся за нас пракляццем,» (Гал. 3:13) і знішчыў уладу ворага роду чалавечага. Менавіта таму Божая любоў, якую праявіў наш Гасподзь і Спасіцель, павінна стаць для нас тым нязменным арыенцірам, які будзе ўказваць нам шлях у Нябесную Айчыну, дзе як сказаў Сам Гасподзь Іісус Хрыстос: «Я зноў убачу вас, і ўзра́дуецца сэ́рца ваша, і радасці вашай ніхто не ады́ме ў вас; » (Ін. 16:22). Уваскрасенне Хрыстова становіцца і нашай надзеяй, «як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць» (1Кар. 15:22), кажа святы апостал Павел, а свяціцель Кірыл Тураўскі заўважае: «Уваскрасенне Хрыстова называецца Вялікім днём. Сапраўды, Вялікі дзень гэты не таму, каб ён меў больш за гадзіну, але дзеля вялікіх цудаў, учыненых Спасіцелем нашым Іісусам Хрыстом. Сёння ангелы з людзьмі радуюцца і людзі асвячаюцца Госпадам, прымаючы Духа Святога».

Такім чынам, прымаючы ад Новага Адама жыццё вечнае, мы таксама павінны стаць новым чалавекам, памерці для граху і перамяніць сваё жыццё дабром і любоўю да Бога і бліжняга. Быць больш паблажлівымі да недахопаў і немачаў блізкіх да нас людзей, выбачаць крыўдзіцеляў і маліцца за тых, хто робіць нам непрыемнасці. Па слову прападобнага Іусціна (Паповіча): «Зло выцясняецца дабром, нянавісць – любоўю, гонар – пакорай, блуд – постам, сладастраснасць – малітваю. Адным словам, заганы выцясняюцца дабрадзейнасцямі». Толькі так, мы як сапраўдныя дзеці Царквы Хрыстовай зможам аб’яднацца вакол свайго Спасіцеля і годна Яго праславіць!

  Дарагія айцы, браты і сёстры! Узносячы хвалу Уваскрэсламу Спасіцелю, будзем памятаць, што Ён заўсёды з намі, і адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам усклікнем:

                                     Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

                              Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі

                                         Пасха Хрыстова, 2025 года

                                                    г.Маладзечна

Рекомендуем