Меню

А жыццё было нядрэнным. Пра тое, як жылі людзі ва Усходняй Беларусі да 1939 года, рассказвае жыхарка Стоўбцаў Ніна Алешчанка

Общество

– Нарадзілася я ў 1921 годзе. Як, дасць бог, дажыву, то 15 жніўня адзначу 103-і год нараджэння, – кажа жанчына. – Я ўраджэнка Магілёўшчыны. У Стоўбцы прыехала ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. З таго часу тут і засталася. Доўгі перыяд працавала ў дзіцячым садзе № 4 г. Стоўбцы памочніцай выхавацеля. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак.

Вясковае жыццё

– Сям’я наша была вялікая. Бацька Еўдакім і маці Ульяна выхоўвалі шасцярых дзяцей (у мяне былі брат і чатыры сястры).

Жылі мы ў вёсцы, якая знаходзілася ва Усходняй Беларусі. У нас была савецкая ўлада. Пра тое, што Заходняя Беларусь знаходзілася пад Польшчай, мы ведалі. Аднак мала цікавіліся гэтым фактам.

Наша вёска ўтварала адзін калгас. Быў свой старшыня. Я памятаю, што ён быў добрым чалавекам.

Ну а якая была праца? Звычайная, як і ва ўсіх, хто жыў з зямлі.

У бацькоў была свая гаспадарка. Трымалі свіней, кароў, курэй, нават авечак.

Каня ў нас не было. Гэта я добра памятаю. Аднак у калгасе была канюшня. І калі камусьці патрэбна было заараць зямлю ці прывезці дроў з лесу, то ішлі да старшыні. Ён звычайна не адмаўляў.

А працаваць сапраўды прыходзілася нямала. Тады рабілі ўсё ўручную. І пахалі самі, і сеялі, і ўбіралі.

Аднак трэба сказаць, што зямля ў нас была вельмі ўрадлівая. Можа, таму і жылі няблага.

Бацька працаваў мельнікам. Свой млын быў  у калгасе. Малоць збожжа вазілі не толькі з нашай вёскі, але і з суседніх.

У суд за самавольства

– Дзесьці за сем кіламетраў ад вёскі быў лес.

Звычайна мы прачыналіся да ўсходу сонца і ішлі ў грыбы ці ягады. Дарэчы і тых, і іншых у лесе было многа. Грыбы раслі розныя, толькі не лянуйся, збірай.

Хадзіць туды маглі ў любы час, дазволу пытацца не патрэбна было. Нават сухастой дазвалялі спілоўваць на дровы. А ўжо каб нарыхтаваць крыху лепшых, трэба дыло пытаць у лесніка.

Аднак знаходзіліся і такія, хто піліў дрэвы без дазволу.

Быў выпадак, калі людзі самавольна спілавалі дрэвы. Ляснік іх злавіў і кажа:

– Прымаць рашэнне сам не буду. Пойдзеце ў суд.

Тыя ж парушальнікі вырашылі, што ён жартуе. Вечарам сабралі торбу і пайшлі дадому да лесніка, як кажуць, каб дамовіцца.

Аб чым яны там дамовіліся, не ведаю. Суд усё ж такі быў.

Хочаш вучыцца? Калі ласка

– Наконт вучобы нам пашчасціла. Хто хацеў атрымаць адукацыю, меў такую магчымасць.

У 20-я гады была адкрыта сямігодка ў нашай вёсцы. Я была адной з першых, хто скончыў сем класаў. Аднак здольнасцей да навукі не праяўляла, таму адразу пачала працаваць.

А вось мая сястра пасля сямі класаў пайшла вучыцца ў суседнюю вёску, там была дзесяцігодка. Пазней яна скончыла ўніверсітэт і працавала настаўніцай.

Дарэчы, у пачатку 40-х гадоў наша школа таксама стала дзесяцігадовай.

Было свята, былі танцы

– Здаецца, што тады жылі добра. А на той час гэта азначала, што галадаць не прыходзілася.

Памятаю, як ладзілі розныя святы.

Бацькі раніцай управяцца з дамашнімі клопатамі і клічуць нас:

– Ну, дзеткі, садзіцеся ўсе за стол, будзем святкаваць.

У кожнага было ўсё сваё, таму і сталы заўсёды былі багатыя.

У святочныя дні ў вёсцы праводзіліся танцы. Быў свой гарманіст. Як толькі ён расцягваў гармошку, збягаліся ўсе, не толькі моладзь, але і старэйшыя жыхары. Ды што нашы, нават з суседніх вёсак да нас прыходзілі. Ведалі ва ўсёй акрузе, які заліхвацкі ў нас музыкант.

Якія танцы мы танцавалі? Ды ўсе простыя, народныя: лявоніха, полька. А найбольш мне падабаліся «страдания».

Добра памятаю, як хораша спявалі нашы жанчыны, колькі розных песень яны ведалі ды нас, маладых, вучылі.

З вёскі ў горад

– Працоўны шлях для мяне пачаўся ў калгасе. Моладзі ў вёсцы было многа, але і работы хапала для ўсіх.

У нашу вёску прыязджалі так званыя купцы. Яны прыглядаліся да нас, а тых, хто добра працаваў, запрашалі ў горад. Так я трапіла на цукровы завод.

Трэба сказаць, што работа была не надта лёгкай, аднак заробак быў добры. Нават бацькам у вёску пасылалі цукар і іншыя гарадскія пачастункі.

Хацелася і далей заставацца ў горадзе. Аднак пачалася вайна, я мусіла вярнуцца да бацькоў. 

Падчас вайны

– У гады акупацыі жыццё вельмі змянілася. Немцы для сваіх патрэб забіралі і жывёлу, і збожжа.

Аднак найбольш страшнымі былі іх адносіны. Карнікі спалілі ў нашай вёсцы сем двароў. Увогуле мы баяліся сустрэцца з нямецкімі салдатамі ці паліцаямі. Калі ім штосьці не падабалася, маглі проста забіць.

Гэта быў самы жудасны час у маім жыцці.

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Нінай Алешчанка ў відэафармаце:

Фота з архіва Ніны Алешчанка 

Рекомендуем