Меню

Ад задумкі да рэалізацыі

Общество

У Стоўбцах прайшоў занальны этап рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі».

Лепшыя распрацоўкі ад сучаснай моладзі прэзентавалі на базе цэнтра прыцягнення IGROW ААТ «Белаграпрамбанк» у г. Стоўбцы.

Канкурэнцыя была сур’ёзная: 11 праектаў прадставіла моладзь са Стаўбцоўскага, Клецкага, Дзяржынскага, Уздзенскага, Капыльскага, Нясвіжскага і Чэрвеньскага раёнаў.

Насычаная праграма конкурсу не дазволіла сумаваць яе ўдзельнікам — афармленне выставачнай пляцоўкі, абарона праекта перад экспертнай радай і доўгачаканае падвядзенне вынікаў на ўвесь дзень захапілі ўвагу моладзі.

Самыя яркія, ініцыятыўныя і неабыякавыя прадстаўнікі моладзі на працягу некалькіх гадзін прэзентавалі ўнікальныя ідэі: вывучэнне хімічнага складу адходаў перапрацоўкі расліннага паходжання, кейтэрынг, атрыманне вытанчаных водараў, эмульгатараў, пластыфікатараў, прадастаўленне паліграфічных паслуг і многія іншыя.

Аўтары не проста расказвалі пра свае праекты, але і пазначалі, як яны збіраюцца ўвасабляць іх у жыццё, колькі спатрэбіцца часу і сродкаў для рэалізацыі ідэй.

Пасля выставы і абароны экспертная рада прыступіла да адзнакі прадстаўленых распрацовак. У выніку доўгіх абмеркаванняў кампетэнтным членам журы ўсё ж удалося вылучыць 6 аўтараў лепшых ініцыятыў. Сярод іх – вучань Вішнявецкай сярэдняй школы Стэфан Бараноўскі з праектам «Цэнтр паліграфічных паслуг «Якуб».

— З дапамогай ламінатара вырабляю лэпбукі і іншую ламінаваную прадукцыю, што дазваляе палепшыць даступнасць і кіравальнасць інфармацыяй, яе сістэматызацыю і запамінанне, а таксама атрымаць новыя спосабы работы з інфармацыяй, — адзначыў Стэфан.

Па выніках мерапрыемства ўсе прадстаўнікі праектаў атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў занальнага этапа. Аўтарам лепшых праектаў уручаны дыпломы, якія даюць права ўдзелу ў абласным этапе.

Віншуем пераможцаў і жадаем поспехаў у рэалізацыі самых смелых ідэй!

Іна ГАПАНОВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем