Меню

Аліна Халявінская працягвае спрадвечна беларускія традыцыі

Общество

Вырабы з саломкі цэняцца ва ўсім свеце. Сёння традыцыі гэтага старажытнага рамяства працягваюць развіваць народныя майстры. Сярод іх – Аліна Халявінская, якая, дарэчы, першай на Стаўбцоўшчыне пачала займацца саломапляценнем.

Больш за 30 гадоў Аліна Антонаўна працавала ў сферы культуры: была кіраўніком народнай студыі «Пралеска» пры раённым Цэнтры культуры, у Старасвержанскай сярэдняй школе – кіраўніком народнай студыі «Чароўная саломінка», разам з іншымі настаўнікамі школы ажыццяўляла работу этнакласа, у Доме творчасці ў Стоўбцах вяла гурток па саломапляценні. Цяпер уваходзіць у Саюз майстроў Беларусі.

– Спачатку мне імпанавалі мастацтва складання ікебан, разнастайная вышыўка, дыванаткацтва, – расказвае майстрыха. – Аднак хацелася больш традыцыйнага, беларускага. Вырашыла спыніцца на адным напрамку. Ім стала саломапляценне. Памятаю, так захапілася саломкай, што нават сядзела па начах. Чаму менавіта гэтае рамяство, нават не ведаю. Проста неяк прыйшло само па сабе. Мабыць, творчая жылка перадалася ад бацькоў: мама ў свой час займалася ткацтвам, тата шыў абутак.

Аліна Халявінская – чалавек з творчым патэнцыялам, таму бярэцца за любую работу з энтузіязмам, поўнасцю ўкладваючы ў вырабы сваю душу. Майстрыха дакладна прадумвае кожны свой выраб. Нярэдка падчас пляцення можа нешта памяняць ці дапоўніць. У яе спрытных руках саломка ператвараецца ў аплікацыю, аб’ёмныя фігуры. У зімні час разам з мужам Чаславам Антонавічам плятуць кошыкі з сасновай драніцы. «Атрымліваецца вялікая колькасць. Пасля іх рэалізуем на разнастайных выстаўках-кірмашах па ўсёй Беларусі», – кажа жанчына.

Фантазія і майстэрства Аліны Антонаўны не ведае меж. З залацістай саломкі яна стварае прыгожыя капелюшы, букеты, пано, скульптуры і нават лялькі.  Свае вырабы дэманструе на розных конкурсах і фестывалях. Майстрыха з’яўляецца ўладальніцай дыпломаў, грамат, падзяк раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. «Самае дарагое для мяне – гран-пры IV Міжнароднага Пярнускага фестывалю славянскіх культур «Светач», які праходзіў у 2016 годзе ў Эстоніі», – прызнаецца Аліна Халявінская. Майстрыха ўдзельнічае ў выстаўках, якія арганізоўвае раённы Цэнтр культуры. Для членаў клуба «Пралеска» праводзіць майстар-класы, семінары па навучанні саломапляценню.

Творчайсць майстрыхі – гэта працяг спрадвечна беларускіх традыцый, якімі будуць ганарыцца нашчадкі.

Марына КУТАС,

 фота аўтара

Рекомендуем