Беззямельніку адзін шлях – у парабкі. Успамінамі свайго бацькі дзеліцца Іван Хвалей
– Пра жыццё людзей у Заходняй Беларусі я ведаю са слоў свайго бацькі Сяргея Іосіфавіча Хвалея. Бацька ўсё жыццё пражыў у адной вёсцы, якая некалькі разоў мяняла назву. Так, ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў Качаноўшчыне, якая пазней стала Кісялёўшчынай, а цяпер завецца Мархачоўшчынай.
З панам у адным доме
– Бацька меў двух братоў і сястру. На той час усе сем’і былі вялікія.
Дзядуля з бабуляй нарадзіліся ў простых сялянскіх шматдзетных сем’ях, таму зямлі ў спадчыну не атрымалі. Калі прыйшоў час жаніцца, дзядуля Юзік вымушаны быў шукаць сабе прытулак. Ён наняўся ў парабкі да мясцовага асадніка пана Дашкевіча.
Гэта быў былы ваенны польскай арміі, які застаўся тут жыць. Асаднікам выдзялялі зямельныя надзелы, каб мець сваіх людзей у «Крэсах усходніх» – так палякі называлі наш край.
У пана быў вялікі дом. Ён з жонкай і дзецьмі жыў у «чыстых» пакоях, дзе было ўсё аздоблена, светла і хораша, дзед са сваёй сям’ёй – на «чорнай» палове з земляной падлогай.
Пан Дашкевіч быў небагаты, многа зямлі не меў, таму не мог дазволіць сабе шмат работнікаў. Парабкамі ў яго былі толькі мае бабуля і дзядуля. Дарэчы, пану і самому прыходзілася працаваць.
Дзядуля выконваў усе палявыя работы і даглядаў жывёлу. Бабуля рупілася па дамашняй гаспадарцы. Малыя дзеці ім заўсёды дапамагалі. Ва ўзросце дзевяці гадоў бацька ўжо ўмеў усё рабіць: і каня запрагаць, і за плугам хадзіць, і касіць.
Забягаючы наперад, адзначу, што, калі ў 1939 годзе прыйшла Чырвоная армія, пан Дашкевіч шмат вінен быў майму дзеду. Аднак ён з’ехаў, так і не разлічыўшыся.
Заплаці падаткі
– Бацька добра памятаў, што сям’я жыла бедна. Ён смяяўся, што ўсе сялянскія дзеці хадзілі з вялікімі жыватамі, бо шмат елі бульбы і паранай рэпы, якая разбівала страўнікі. Мяса на стале было вельмі рэдка, у асноўным падчас вялікіх царкоўных свят.
Яшчэ бацька неаднойчы прыгадваў пра падаткі. За кожны куст, за кожнае дрэва, нават за вырашчаны тытунь трэба было плаціць.
Часам даводзілася плаціць штрафы. Напрыклад, калі комін не пабелены ці ў двары не прыбрана.
Грошай не хапала. Пан Дашкевіч плаціў мала. Дзядуля хадзіў у мястэчка Свержань на кірмашы, якія праводзіліся ў нядзелю на гандлёвай плошчы. Там ён мог прадаць тое, што заставалася пасля выплаты падаткаў пану.
Па пакупкі таксама хадзілі ў Свержань, дзе было 20 яўрэйскіх лавак. Аднак куплялі дзядуля з бабуляй толькі самае неабходнае: соль, вопратку, абутак, метал, каб адрамантаваць касу ці плуг. Бацька казаў, калі дзеду ўдавалася добра ўтаргаваць, ён купляў цукеркі-падушачкі. Усё астатняе было з зямлі.
Пры гэтым у вёсцы не было злодзеяў. Нават хату звычайна не зачынялі або зачынялі прымітыўным спосабам – засаўкамі. Па праўдзе кажучы, красці не было чаго.
Калі хварэлі, лячыліся ў асноўным самі або хадзілі да бабак, бо зварот да доктара каштаваў грошай. Ды і не хварэлі тады асабліва, здаравейшыя былі, чым цяпер.
«Хто ты естэш?»
– Успамінаючы сваё дзяцінства, бацька шмат расказваў пра вучобу. У Свержані была польская школа, і, адпаведна, усе ўрокі праводзіліся на польскай мове. Дзецям было цяжка, бо дома размаўлялі на мясцовым дыялекце.
Дарэчы, у школах дзяўчынкі не вучыліся. Лічылася, што для іх дастаткова таго, чаму можа навучыць маці – весці хатнюю гаспадарку. У Стоўбцах у той час была гімназія і для дзяўчат, аднак навучанне было платным і дазволіць сабе паступаць туды маглі толькі дзеці з забяспечаных сем’яў.
Настаўнічаў у школе строгі мужчына. Назваць яго злым было нельга, аднак дысцыпліна ў яго была. Парадак падтрымліваўся з дапамогай жорсткіх метадаў пакарання, таксама дзеці абавязаны былі выконваць нормы этыкету. Каралі за кожную правіннасць. Калі хтосьці з хлапчукоў няўважліва слухаў ці дрэнна вывучыў дамашняе заданне, настаўнік казаў: «Давай лапу», – і біў металічнай лінейкай. Далонь імгненна апухала.
Першым урокам абавязкова быў Закон Божы для праваслаўных, а да католікаў прыходзіў ксёндз.
Кожны дзень дзецям «убівалі ў галаву», хто яны такія. Настаўнік пачынаў верш, а вучні працягвалі:
– Хто ты естэш?
– Поляк малы.
– Які знак твуй?
– Орэл бялы…
Акрамя навучання асноўным прадметам у школе далучалі да польскай культуры. Вучылі шмат песень і вершаў.
Гэта рабілася з адной мэтай – апалячыць беларускае сялянства. Да гэтага часу больш заможныя людзі, якія мелі зямлю і называлі сябе «шляхта», далучыліся да польскай культуры. Настаў час простых сялян.
Правучыўся бацька ў польскай школе толькі два гады.
Чырвоныя зоркі і руская мова
– Бацьку было восем гадоў, калі Заходнюю Беларусь вызваліла Чырвоная армія. Ён назаўсёды запомніў верасень 1939 года. Менавіта тады ўсе вяскоўцы ўпершыню ўбачылі самалёт, на крылах якога былі намаляваны чырвоныя зоркі. Лётчык крыху пакружыўся над вёскай і пачаў зніжацца недалёка ад яе. І малыя, і старыя пабеглі на поле глядзець, «што гэта за цуд».
З кабіны самалёта на крыло вылез малады хлопец. Ён зняў шлем і сказаў: «Это вы меня так встречаете, товарищи?»
Тады вяскоўцы ўпершыню пачулі рускую мову.
Людзі жылі, а ўлада мянялася
– Баявыя дзеянні пры ўз’яднанні Усходняй і Заходняй Беларусі абышлі родную вёску бацькі. Аднак побач, у Свержані, адбываліся сутычкі, да цяперашняга часу тут засталіся магілы польскіх легіянераў, якія загінулі ў 1939 годзе.
Калі прыйшла савецкая ўлада, усе паны і падпанкі, а таксама асаднікі з’ехалі. Іх зямлю раздалі сялянам.
Дашкевіч са сваёй сям’ёй выехаў на тэрыторыю цэнтральнай Польшчы, а панскі дом застаўся майму дзеду.
Пасля ўз’яднання нашай краіны школы сталі беларускамоўнымі і ў іх дазволілі хадзіць дзяўчатам. Сястра майго бацькі змагла пайсці вучыцца. Аднак праз два гады пачалася вайна.
Увогуле, у майго бацькі было цікавае жыццё. Заслугоўвае ўвагі той факт, што яму давялося жыць пры рознай уладзе. Так, нарадзіўся ён пад панскай Польшчай. Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі прыйшла савецкая ўлада. З 1941 па 1944 год тут гаспадарылі немцы. Пасля распаду Савецкага Саюза стварылася новая суверэнная дзяржава – Рэспубліка Беларусь.
Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Іванам Хвалеем у відэафармаце: