Меню

Дачакаліся добрага жыцця. Пра тое, як жылі людзі падчас польскай акупацыі, расказвае жыхарка Раёўшчыны Вераніка Дзярнейка

Общество

– Маё дзявочае прозвішча – Ціхановіч.  Я мясцовая і ўсё жыццё пражыла ў Раёўшчыне. Аднак трэба зрабіць агаворку, што нарадзілася я ў 1937 годзе на хутары. Ужо пазней, у савецкія часы, адбылося ссяленне хутаран у вёскі.

З княжацкай зямлі – на хутары

– Першая зямля ў нашай сям’і была арэндная. Належала яна нясвіжскаму князю.

На ёй было цяжка разжыцца, плата за карыстанне была непасільнай.

Настаў час, калі князь пачаў прадаваць свае землі. Арандатары мелі права першымі выкупіць яе, калі былі сродкі на гэта.

Так мае продкі набылі пяць гектараў зямлі. Не ведаю, ці гэта быў увесь надзел, якім яны карысталіся, ці купілі, на колькі хапіла грошай, аднак зямлі заўсёды было мала. Сем’і былі вялікія. Жылі толькі з таго, што вырасцілі.

Каб жыць крыху лепей, патрэбна была зямля, ды каштавала яна вельмі дорага.

Між тым быў шанц атрымаць яе бясплатна. У той час польскія ўлады рассялялі людзей на хутары і ў якасці стымулу выдзялялі надзелы зямлі.

Бацька з братамі абмеркавалі гэтае пытанне і вырашылі прыняць такую прапанову. Малодшы застаўся ў бацькоўскай хаце, старэйшыя паехалі абжываць хутары.

Вяроўка – выхавацель

– У сям’і бацькі было шасцёра дзяцей: чатыры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Адзін з братоў загінуў на вайне яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя.

Бацька расказваў, што выхоўвалі іх ў строгасці. Ён добра памятаў, што ў іх была вялікая печ, у якой мамка (менавіта так яны называлі сваю маці) гатавала ежу. Каля печы заўсёды вісела вяроўка. Калі хтосьці з дзяцей не слухаўся, мамка брала тую вяроўку і «выхоўвала».

Будаўнік і камерсант

– Мама родам з Казеек. У сям’і было восем дачок.

Бацька быў будаўніком. Калі каму дом трэба было ўзвесці ці яшчэ што змайстраваць, звярталіся да яго.

Разам з тым, каб пракарміць вялікую сям’ю, бацькам даводзілася займацца, як цяпер кажуць, «бізнесам». Яны куплялі ў людзей свіней, быкоў і перапрадавалі іх на кірмашы ў Гарадзеі.

Нягледзячы на тое, што дзед жыў не бедна, сваёй зямлі не меў.

А трэба было і жыта пасеяць, і бульбу пасадзіць, і сена накасіць. Таму ён браў пад распрацоўку панскі лес. На выдзеленым участку неабходна было выкарчаваць дрэвы, сабраць і спаліць вецце – адным словам, з лесу зрабіць поле. Пасля можна было карыстацца гэтым кавалкам для сваёй патрэбы. Аднак праз тры гады пан забіраў зямлю сабе. Хочаш – бяры новы ўчастак лесу, расчышчай яго.

Сасваталі ў 17 гадоў

– Панскі лес, які выразалі, быў каля Раёўшчыны. Адпаведна там размяшчалася і поле, на якім дзед некалькі гадоў запар сеяў збожжа.

Мясцовыя (жыхары Раёўшчыны) убачылі, што дзед возіць збожжа. Адзін год, другі. Вырашылі, што сям’я не бедная, трэба адтуль браць дзеўку замуж. Так маю маці і сасваталі.

Яна была старэйшая ў сям’і. Паколькі восем дзевак трэба было выдаць замуж, ніхто доўга не чакаў. Як сасваталі, так і пайшла. А было ёй толькі 17 гадоў. Аднак пазней свякроў яе хваліла, казала, што ўсё ўмее.

Адзначу, што сям’я дзеда была заможная. Дочкі ў дзеўках не засядзеліся, усіх забралі замуж.

З печы – за парту

– З ранняй вясны да позняй восені вясковыя дзеці дапамагалі бацькам. Хто кароў пасвіў, хто сена нарыхтоўваў, а хто малодшых братоў і сясцёр даглядаў. А вось зімою дзеці мелі магчымасць вучыцца. Тады бацькі наймалі настаўніка, які хадзіў па хатах. Да нас таксама прыходзіў.

Мая старэйшая сястра расказвала: «Сяджу на печы. Тут ўжо ўрок пачынаецца. Я бягом за парту». Яна хутка навучылася чытаць і любіла ў вольную хвілінку пасядзець за кнігай.

Адзін час мой бацька таксама настаўнічаў. Сам ён скончыў школу ў Гарадзеі, быў граматны.

Запаленне лёгкіх не вылечыць

– З медыцынай было складана.

Бацькава маці памерла ад запалення лёгкіх. Перад смерцю яна наказала, каб не крыўдзілі малодшую дачку, якой тады было толькі сем гадоў.

Яшчэ ведаю, што ў Гарадзеі быў аптэкар, да якога ўсе хадзілі купляць лекі.

Расстрэлы за палоннага немца

– Як змянілася жыццё пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, цяжка сказаць.

Хутка пачалася вайна. Шмат выпрабаванняў выпала на долю людзей.

Памятаю выпадак, калі партызаны ўзялі ў палон немца. Тады фашысты сабралі ўсіх мірных жыхароў і паставілі ў рад. Адзін карнік ідзе і адлічвае дзевяць чалавек, а кожнага дзясятага расстрэльвае. Пазней палонны перадаў запіску, што ён сам пайшоў да партызан. Толькі тады немцы адпусцілі людзей.

Ведаю сям’ю, у якой фашысты расстралялі бацьку і двух сыноў. А трэці хлопец кажа: «Страляйце і мяне, чаго я буду адзін заставацца». Застрэлілі.

Вяртанне ў вёску

– Пасля вайны жыццё наладзілася. На нашай тэрыторыі стварылі калгас. Уся моладзь туды пайшла.

З хутароў зноў вярнуліся ў вёскі. Мы таксама перавезлі хату, паціху абжыліся.

Людзей было многа. Шчыра працавалі. У выхадныя ладзілі танцы – з-пад Вішняўца прыходзіў гарманіст. Увогуле было весела.

Неяк мая мама і кажа: «Мабыць, прыйшоў мой час, вельмі добра стала». І прыгадала такі выраз: «Каму гараваць, таму не ўміраць».

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Веранікай Дзярнейка ў відэафармаце:

Рекомендуем