Меню

«Каб не палякі, кім бы я мог стаць?». Пра тое, як жылі людзі ў Заходняй Беларусі да 1939 года, расказвае жыхарка Мікалаеўшчыны  Лілія Кротава

Общество

– Мой тата Дзмітрый Маляўка нарадзіўся ў 1924 годзе і ўсё жыццё пражыў у Мікалаеўшчыне.

Польская школа і польская мова

– Тата хадзіў у польскую школу сем гадоў.

Ён расказваў, што настаўнікі ў адносінах  да беларускіх дзяцей паводзілі сябе вельмі фанабэрыста.  Дысцыпліна падчас вучобы была жорсткая. За любую правіннасць каралі. Нават калі ў вучня проста штосьці не атрымлівалася, яго білі лінейкай па руках. Вучоба вялася на польскай мове, а на ўроках спявалі польскі гімн. У школе дзеці яшчэ і працавалі. Прычым самая цяжкая і брудная работа даставалася беларусам.

Раз на тыдзень прыходзіў ксёндз, які вучыў усіх дзяцей малітвам. Дарэчы, ён таксама ставіўся да беларусаў пагардліва.

Нягледзячы на адносіны настаўнікаў, бацька вельмі любіў вучыцца  і гэтую цягу да навукі перадаў дзецям.

Адпомсціў пугай

– Мая маці таксама ўраджэнка Мікалаеўшчыны. У яе было шасцёра братоў. Адзін з іх нарадзіўся ў 1924 годзе і таксама вучыўся ў польскай школе. Ён быў вельмі рухавым хлопцам. Настаўніца яго неўзлюбіла і часта карала. Дзядзька расказваў, што яна так моцна круціла яго за вушы доўгімі пазногцямі, што вушы на ўсё жыццё засталіся падранымі.

Але дзядзька ў даўгу не застаўся. У яго была доўгая пуга. І калі настаўніца ішла па вёсцы ў новых прыгожых шаўковых панчохах, дык ён узяў той пугай і «свіснуў» жанчыне па нагах. Зачапіў панчохі, яны падраліся.

Дзядзьку тады дасталося добра.

«Пся крэў» і «хамло»

– Бацькі часта ўспаміналі, што палякі называлі дарослых  «хамло», а дзяцей – «пся крэў». Калі перакласці з польскай мовы даслоўна, то гэта будзе азначаць сабачая (псіная) кроў. Гэта дастаткова распаўсюджаная ў Польшчы лаянка, якая вельмі часта ўжывалася ў Заходняй Беларусі.

Размаўляць можна было толькі на польскай мове. За беларускую ці рускую гаворку жаўнер мог адхвастаць нагайкай. І пры сустрэчы з ім на вуліцы патрэбна было здымаць шапку і кланяцца.

У той час людзі жылі са сваёй зямлі. А яе не хапала. Пры гэтым неабходна было плаціць падаткі і абавязкова здаваць корм у выглядзе сена ці збожжа.

Каб зарабіць нейкую капейку, даводзілася хадзіць у заработкі. Працавалі хто дзе мог. Даводзілася і лес садзіць, і на нарыхтоўках торфу працаваць. Мае дзядзькі сплаўлялі лес па Нёмане.

У Мікалаеўшчыне, дзе цяпер знаходзіцца школа, былі польскія казармы – кашары. Некаторыя мікалаеўшчынцы абслугоўвалі жаўнераў. Але, як і ў школе, беларусам давалі самую брудную работу – чысціць коней, прыбіраць канюшні. Грошай плацілі зусім мала.  На лепшай рабоце, дзе і зарабіць можна было больш, працавалі палякі і прыбліжаныя да іх.

Лячыліся травамі

– Бацькі расказвалі, што ў той час вельмі баяліся лячыць зубы. Ды не таму, што балюча, а таму, што вельмі дорага. Ды і ўвогуле дактароў не было, лячыліся самі.

Мая бабуля ведала розныя травы. Яна пражыла больш за 90 гадоў, і да яе прыходзілі па розныя зборы: каму ад удару, каму ад жывата ці ад іншых захворванняў.

Польскія святы на беразе Нёмана

– Палякі трапятліва адносіліся да сваіх свят і прымушалі ўсіх іх адзначаць. Часта святочныя мерапрыемствы ладзіліся на беразе ракі. Туды жыхары Мікалаеўшчыны павінны былі прыйсці чыста і прыгожа апранутымі. А па Нёмане хадзілі жаўнеры і ўсё кантралявалі.

Здаралася, што палякі частавалі дзяцей цукеркамі і кавалачкамі цукру. Аднак пачастункі не давалі ў рукі, а кідалі ў пясок. Дзеці гэта збіралі, а палякі насміхаліся з іх. Бацька колькі жыў, столькі гэта ўспамінаў.

За ракой – савецкая ўлада

– Я ўжо казала, што ў Мікалаеўшчыне былі польскія казармы. Знаходзіліся яны на ўскраіне вёскі. За імі раслі клёны і дубы аж да Нёмана, да якога было метраў 500. А за ракой знаходзілася тэрыторыя Усходняй Беларусі, там была савецкая ўлада.

Аднойчы тры мікалаеўшчынскія хлопцы вырашылі перайсці праз раку на савецкі бок. Стражнікі іх убачылі і адкрылі агонь. Аднаго хлопца застрэлілі, двух – паранілі.

Пасля гэтага выпадку ўсе дрэвы да Нёмана выразалі. Падысці да ракі незаўважаным было вельмі складана.

Дзе яно, сонца з усходу?

– Ці ведалі вяскоўцы, як жывуць пры савецкай уладзе? Напэўна, ведалі. Інакш бы не імкнуліся да яе.

Маці ўспамінала, што дзед заўсёды казаў: «Хутчэй бы тое сонца ўзышло з усходу».

І дзед, і бацька дачакаліся вызвалення ад палякаў. Пасля 1939 года жыццё вяскоўцаў пачало мяняцца ў лепшы бок. Яны атрымалі зямлю ва ўласнасць. Аднак большасць жыхароў працягвала працаваць на цагельным заводзе (калгасы пачалі ўтварацца толькі пасля вайны).

Адчуць перамены да лепшага пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі яны паспелі, аднак гэта цягнулася нядоўга. Хутка пачалася вайна.

Мой бацька прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Ён дайшоў да Берліна. Усё жыццё прыгаворваў:  «Калі б не палякі і не вайна, дзе б я мог быць, кім бы я мог стаць?»

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Ліліяй Кротавай у відэафармаце:

Рекомендуем