Камфорт людзей – у прыярытэце. Таццяна Шапецько аб штодзеннай працы дэпутата на вёсцы
З усімі хвалюючымі пытаннямі жыхары Шашкоўскага сельсавета звяртаюцца да старшыні сельвыканкама, дэпутата сельскага Савета дэпутатаў Таццяны Шапецько.
Таццяна Аляксандраўна як кіраўнік і дэпутат не пакідае ніводнага звароту без увагі. У 2023 годзе да яе паступіла 21 пытанне. Усе яны ўзяты на кантроль. Большасць зваротаў тычылася рамонту дарожнага пакрыцця ў населеных пунктах. «На вырашэнне гэтай праблемы выдзелілі 25 600 рублеў, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – На гэтыя сродкі правялі работы па расчыстцы вуліц ад снегу, падсыпцы супрацьгалалёднымі сумесямі, грэйдзіраванне. Часткова падсыпаны пясчана-гравійнай сумессю вул. Лясная ў аг. Аталезь і вул. Новая ў аг. Шашкі». Кіраўнік упэўнены, што калі людзі звяртаюцца па дапамогу, значыць, яны бачаць у прадстаўніках улады аўтарытэт, давяраюць ім.
Добраўпарадкаванне населеных пунктаў – адзін з важных напрамкаў у рабоце сельвыканкама, дэпутацкай дзейнасці. У мінулым годзе на тэрыторыі Шашкоўскага сельсавета правялі дзесяць суботнікаў. Навялі парадак і на мясцовых могілках.
Як старшыня Шашкоўскага сельвыканкама і дэпутат Таццяна Шапецько трымае на кантролі і добраўпарадкаванасць воінскіх пахаванняў, помнікаў загінулым воінам-землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, іх на тэрыторыі сельсавета налічваецца трынаццаць. Ля абеліскаў пастаянна падкошваюць траву, праводзяць выразку аварыйных дрэў і кустоў , прыбіраюць апалае лісце. Вялікую дапамогу ў гэтай рабоце аказваюць навучэнцы Шашкоўскай і Аталезскай сярэдніх школ, ААТ «ТБЗ «Нёман», мясцовыя работнікі культуры, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Асаблівая ўвага сельвыканкамам удзяляецца рэалізацыі Указа № 116, які тычыцца зносу дамоў з прыкметамі пустуючых. «Знеслі два дамы за бюджэтныя сродкі, – тлумачыць Таццяна Шапецько. – У суд Стаўбцоўскага раёна падалі адну іскавую заяву аб прызнанні пустуючага дома безгаспадарным і перадачы яго ў камунальную ўласнасць сельвыканкама. Суд падтрымаў такое рашэнне. У выніку дом прадалі шляхам прамога продажу па рыначным кошце, за 3999,89 рубля».
Добрай традыцыяй стала правядзенне свят вёсак. Дэпутат таксама яе падтрымлівае. Таццяна Аляксандраўна лічыць, што такія мерапрыемствы не толькі збліжаюць людзей, дораць пазітыўныя эмоцыі, але і абнаўляюць знешні выгляд населеных пунктаў. Адно з апошніх такіх свят у сельсавеце прайшло ў аг. Аталезь. Самым галоўным падарункам для вяскоўцаў стала асфальтаванне вул. Леніна і Мамантава аграгарадка і абсталяванне гэтых вуліц прыпыначнымі пунктамі. Правялі падсыпку і вул. Лясной. Падтрымку аказалі работнікі Апечкаўскага лясніцтва, Стаўбцоўскага АКС, ДРБУ № 135, Стаўбцоўскага райаграсэрвіса. Асаблівыя словы падзякі дэпутат выказвае жыхарам Аталезі за іх актыўнасць і неабыякавасць.
Не забываюць у сельвыканкаме пра пажылых жыхароў. Сумесна з падраднымі арганізацыямі ім аказваюць дапамогу. На тэрыторыі сельсавета працуюць 12 сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць 122 адзінокіх грамадзян і тых, хто пражывае адзін. Удзяляецца ўвага якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Пры фінансавай падтрымцы сельгаспрадпрыемстваў выкананы рамонт у двух ФАПах у вёсках Апечкі і Старына, якія аднавілі сваю работу.
Бягучы год таксама падорыць яго жыхарам прыемныя змены. На 2024 год запланаваны рамонт вул. Падлеснай і Радужнай у аг. Шашкі, вул. Цэнтральнай у в. Малая Гуменаўшчына, вул. Радужнай у в. Апечкі, вул. Цэнтральнай у в. Дудкі, вул. Цэнтральнай у в. Семенчыцы. Ад скрыжавання ў в. Старына да царквы па вул. Сонечнай у аг. Шашкі ўстановяць вулічнае асвятленне.
Жыхары расказваюць пра работу Шашкоўскага сельвыканкама.
Вольга Сычова, жыхарка аг. Шашкі:
– Радуе, што ў сельвыканкаме ўдзяляюць шмат увагі навядзенню парадку на зямлі. Тут можна казаць і аб расчыстцы могілак, і аб зносе пустуючых дамоў. Дзякуючы ўзаемадзеянню з ААТ «Шашкі» своечасова чысцяць дарогі.
Алена Бычко, жыхарка аг. Аталезь:
–Нашы просьбы выконваюцца. Раслі старыя таполі на вуліцы Ленінскай. Звярнуліся ў сельвыканкам – і ўсе аварыйныя дрэвы спілавалі. Яшчэ хачу сказаць дзякуй за свята вёскі, якое прайшло мінулым летам.
Ядвіга Радзіон, жыхарка аг. Шашкі:
– Жыхароў Шашкоў хвалююць праблемы водазабеспячэння. Яны паступова вырашаюцца. Дзякуючы зваротам да мясцовай і раённай улады замянілі воданапорную вежу.
Ксенія РУБІН
Фота Наталлі КЛЫГАЧ