Карта як сведка жыцця. Пра тое, як жылі людзі падчас Польскай акупацыі, расказвае жыхарка Вішняўца Галіна Карсека
Свой аповед Галіна Карсека пачынае з таго, што дастае карту 30-х гадоў мінулага стагоддзя. На ёй выразна бачны такія назвы, як Гавязна, Падзерычы, Крамец, Вязавец. Усе гэтыя вёскі ў той час знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы. Галіна Іванаўна паказвае месца, дзе быў дом яе бацькоў і ў якім у верасні 1937 года яна нарадзілася.
– Мой бацька Іван Русан нарадзіўся ў 1903 годзе ў Жацераве, – кажа жанчына. – У яго сям’і было яшчэ трое дзяцей. Дзядуля меў сваю зямлю, таму ўсім даводзілася шмат працаваць. Пры гэтым яны жылі нядрэнна.
Бацька нават быў граматны, закончыў чатыры класы царкоўнапрыходскага вучылішча.
Пайшоў на вяселле – і сам ажаніўся
Тата аднойчы пайшоў на вяселле да свайго стрыечнага брата ў Вішнявец і пазнаёміўся там з дзяўчынай.
Яна была адзіным дзіцем, таму ёй павінна была перайсці ў спадчыну ўся маёмасць бацькоў. У тыя часы было так прынята, што калі адзіная дачка ў сям’і ўступала ў шлюб, то не яна ішла да мужа жыць, а муж заставаўся ў яе. Як раней казалі, бралі прымака ў сям’ю.
Мой бацька вельмі закахаўся ў гэтую дзяўчыну. І, нягледзячы на тое, што быў старэйшым дзіцем у сваёй сям’і і спадчыннікам у сваіх бацькоў, пайшоў у прымакі. Так бацька апынуўся ў Вішняўцы.
Яны пажаніліся ў 1928 годзе. У іх нарадзілася трое дзетак. Аднак склалася так, што ў маці бацькавай жонкі таксама нарадзіўся сынок. Цяпер бацьку і яго сям’і трэба было адсяляцца – з’явіўся новы спадчыннік.
На хутар – па зямлю
Пры Польшчы большасць насельніцтва жыла ў вёсках. Прычым хаты будаваліся вакол царквы. Так было і ў Вішняўцы.
Людзі валодалі зямлёй, якая была нарэзана палоскамі. Адпаведна, было зручна, калі ў гаспадара быў вялікі кусок. Да яго можна было пад’ехаць на кані, каб апрацоўваць. Калі зямлі было мала, то палоска была вузкая, развярнуцца на ёй было складана.
Чамусьці польскія ўлады вырашылі рассляліць людзей на хутары. У якасці матывацыі для прыняцця рашэння выдзялялі зямлю. Бацька прыняў рашэнне адсяліцца. Яго сям’і, у склад якой уваходзіла пяць чалавек, выдзелілі шэсць гектараў зямлі.
Многа гэта ці не, сказаць складана. На гэтым кавалку пабудавалі хату, хлеў, гумно. Адвялі месца пад пашу для жывёлы. Улічваючы, што ў той час жылі толькі са сваёй гаспадаркі, то кожны кавалачак зямлі быў важны для сям’і.
Падчас жыцця на хутары бацькава жонка захварэла, аднак лячыцца не было калі. Трое дзетак і гаспадарка патрабавалі шмат часу. Акрамя догляду дзяцей і дамашняй жывёлы трэба было весці хатнюю гаспадарку. Ды не толькі прыгатаваць ежу, прыбрацца, але і вырабіць палатно, каб пашыць усім адзенне. Увогуле, у вёсцы і цяпер шмат работы. А тады ў магазінах нічога не куплялі, нават абутак рабілі самі.
У пачатку 1935 года жанчына памерла. Бацька доўгі час жыў адзін.
Горкая доля сіроцкая
У сям’і маёй маці было двое старэйшых братоў. Бабуля рана памерла. Дзед другі раз жаніўся, узяў сабе жанчыну з дзіцем. Жылі яны не так заможна, як сям’я бацькі.
Старэйшыя сыны працавалі па гаспадарцы, пасвілі кароў, авечак. Пазней хадзілі ў заробкі да больш багатых. Маці дапамагала гадаваць малодшых братоў і сясцёр, у дзеда і другой жонкі нарадзілася яшчэ шасцёра дзяцей. Пазней яна пайшла ў служкі, доўгі час працавала ў доме Вішнявецкага бацюшкі.
У школу хадзіць ёй не давялося. Дарэчы, старэйшыя браты таксама не вучыліся. Бо за вучобу трэба было плаціць, а грошай не мелі. Ды і дома неабходна было дапамагаць.
Аднак маці навучылася рабіць усю дамашнюю работу. У бацюшкі часам ладзіліся так званыя прыёмы, калі да яго збіраліся госці. А гэта значыць, што неабходна было прыгатаваць шмат разнастайнай ежы, у тым ліку рознай выпечкі. Дзякуючы гэтай «школе» маці была адмысловай кулінаркай.
Як я ўжо казала, бацька доўгі час не жаніўся, бо не кожная жанчына згодзіцца пайсці замуж за ўдаўца з траімі дзецьмі. Маці была сіратой. Адпаведна, і замуж яе не звалі. Але знайшоўся добры чалавек, які іх сасватаў. Яны абвянчаліся ў царкве, нягледзячы на тое, што маці была каталічкай.
Усё іх жыццё прайшло на хутары. Там нарадзіліся я і мой меншы брат.
Лес – не для кожнага
У польскі час усё належала панам. У тым ліку і лес. Людзям хадзіць туды ўвогуле было забаронена. Бацька казаў, што, каб назбіраць ягад ці грыбоў, трэба было купіць білет, і толькі тады можна было ісці ў лес.
Каб нарыхтаваць дроў, трэба было ўзяць дзялянку і ачысціць яе: спілаваць усе дрэвы, лепшыя скласці ў кучу, а вецце спаліць. За работу давалі дровы. Аднак іх не хапала, даводзілася выкарыстоўваць торф.
Пазней, пры савецкай ўладзе, у лесе мы былі гаспадарамі. Збіралі і грыбы, і ягады, колькі хацелі.
Паны і асаднікі
Як адносіліся палякі да мясцовых жыхароў, я не ведаю. Бацькі не расказвалі.
Паны жылі ў маёнтках. Бліжэйшыя да нас былі ў Навапольцах і Перакопаўшчыне. У бок Ахрэмавічаў таксама быў маёнтак.
На радзіме бацькі ў Жацераве былі асаднікі, якія мелі шмат зямлі. Яны жылі адасоблена.
Як асаднікі адносіліся да звычайных людзей, бацька не расказваў. Аднак ведаю, што яны наймалі людзей апрацоўваць зямлю.
У 1939 годзе, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, асаднікі выехалі ў Польшчу. Зямлю раздалі бедным людзям.
Час акупацыі
Доўга пажыць пры савецкай уладзе нам не давялося. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. З 1941 па 1944 год мы жылі ў нямецкай акупацыі. Было вельмі страшна. Колькі разоў прыходзілася хавацца ў лесе…
Я памятаю адзін выпадак. Неяк у сярэдзіне лета мы чарговы раз уцякалі ў лес. Мама несла на руках маленькага брата. Над намі праляцеў самалёт. Лётчык, пэўна, убачыў людзей, якія бягуць, развярнуўся ў небе і зноў праляцеў над намі. Пры гэтым пачаў страляць. Жыта, па якім мы беглі, было скошана кулямі, быццам касой.
За час нямецкай акупацыі амаль увесь Вішнявец спалілі, засталіся лічаныя хаты.
Пасля вайны жыццё стала наладжвацца. Самае галоўнае – быў мір. Вёскі і гарады пачалі адбудоўвацца. Дарэчы, бацька доўгі час працаваў на лесанарыхтоўках.
У 1949 годзе гаспадаркі сталі аб’ядноўваць у калгасы.
Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Галінай Карсека у відэафармаце: