На Стаўбцоўшчыне пачалася прыпіска грамадзян да прызыўнога ўчастка
З 15 студзеня ў райваенкамаце пачалася прыпіска грамадзян да прызыўнога ўчастка Стаўбцоўскага раёна.
Сёлета падлягаюць прыпісцы маладыя людзі 2008 года нараджэння.
Першымі выкліканы юнакі, якія зарэгістраваны на тэрыторыі Вішнявецкага і Заямнаўскага сельсаветаў. Як правіла, гэта школьнікі, сярод іх таксама ёсць і навучэнцы каледжаў.
Юнакоў комплексна аглядаюць урачы Стаўбцоўскай ЦРБ розных профіляў, каб вызначыць катэгорыю годнасці да тэрміновай ваеннай службы.
– Асноўныя дні для правядзення прыпіскі да прызыўнога ўчастка – з 15 па 26 студзеня, а ўсе іншыя да канца 2024 года – рэзервовыя, — зазначае начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата Мікалай Самусевіч.
Пасля праходжання медыцынскага агляду і вынясення камісіяй па прыпісцы рашэння наступае самы хвалюючы момант – уручэнне юнакам пасведчанняў прызыўніка.
— Гэты дакумент для вас накшталт пашпарта – беражыце яго, — дае наказ маладым людзям Мікалай Самусевіч.
Мікалай Уладзіміравіч звяртае ўвагу на сёлетняе новаўвядзенне – прысваенне кожнаму з такіх пасведчанняў адпаведнага нумара, у сувязі з чым яго страта цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць.
Пасведчанне прызыўніка пад нумарам адзін атрымаў Павел Курдун з Заямнага, які цяпер навучаецца ў каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе.
Павел імкнецца атрымаць цікавую спецыяльнасць, станоўча ставіцца да арміі. Ён прызнаецца: “Адслужыць і навучыцца абараняць сваю Радзіму павінен кожны мужчына”.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара