Меню

Не спыталі… раз’ядналі

Общество

Старэйшае пакаленне з аповедаў сваіх бацькоў, дзядоў і бабуль ведае шмат пра тое, як жылі нашы землякі па абодва бакі савецка-польскай мяжы, як змянілася іх жыццё пасля 1939 года. Мы сустрэліся з Уладзімірам Стомам, які падзяліўся ўспамінамі свайго бацькі.

Мяжа падзяліла лёсы людзей

– Усё маё жыццё звязана са Стаўбцоўскім раёнам. Бацькі таксама ўраджэнцы Стаўбцоўшчыны, – кажа Уладзімір Сямёнавіч. – Як складвалася жыццё карэнных беларусаў у той час, калі заходняя частка нашай краіны, у тым ліку Стаўбцоўскі раён, увайшлі ў склад Польшчы, ведаю не толькі з архіўных дакументаў, якія шмат вывучаў, а найперш з расказаў майго бацькі Сямёна Мікалаевіча Стомы (светлай памяці).

За польскім часам

У 1939 годзе бацьку споўнілася 14 гадоў. Яшчэ падлеткам ён шмат чаго разумеў і мог ацэньваць тагачасныя падзеі.

Бацька родам з Мікалаеўшчыны, што была на той час у складзе Польшчы. Тады ў вёсцы налічвалася крыху больш за 160 двароў.

У сям’і было сямёра дзяцей. Быў надзел зямлі і свая гаспадарка. Аднак працаваць даводзілася шмат, прычым не толькі дарослым, але і дзецям.

Мой бацька з маленства ўмеў араць і касіць. Ён з малых гадоў вымушаны быў працаваць на больш заможных людзей. Вясной, летам і восенню пасвіў кароў і авечак у мясцовай шляхты. За працу яму плацілі вельмі мала. Забягаючы наперад, скажу, што пасля аб’яднання з Савецкай Беларуссю сялянскі савет пераацаніў бацькаву працу і яму выдзелілі некалькі пудоў збожжа і цялушку.

Сапраўды, са сваёй зямлі было цяжка пракарміцца. Таму дзед Мікалай для дадатковага заробку вымушаны быў працаваць на лесанарыхтоўках, ганяць плыты па Нёмане.

Памятаю, як дзед казаў, што карэнныя беларусы лічыліся людзьмі «другога сорту» і не маглі займаць кіруючыя пасады. Просты чалавек не мог быць ні брыгадзірам, ні майстрам нейкага ўчастка – каб заняць пасаду, неабходна было запісацца палякам.

Сыравінны прыдатак Польшчы

Яшчэ адным яскравым успамінам бацькі і дзеда было тое, што Беларусь з’яўлялася сыравінным прыдаткам і рынкам збыту для прамысловай прадукцыі Польскай дзяржавы. Прасцей кажучы, у Польшчу вывозіліся вельмі танна збожжа і лес, а адтуль везлі дарагія прамысловыя тавары. Да прыкладу, звычайны вучнёўскі сшытак каштаваў амаль як цэлы пуд жыта.

Усё было дорага. Эканоміць прыходзілася нават на дровах. Увогуле тавары куплялі рэдка. У асноўным набывалі соль, запалкі, часам – тканіну, каб пашыць адзенне.

Вучыцца? Абавязкова!

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, сялянскія дзеці імкнуліся вучыцца. На той час не было беларускамоўных школ, таму наведвалі польскія. Бацька хадзіў у школу толькі зімою, у астатнія поры года вымушаны быў дапамагаць бацькам. У 1939 годзе ён скончыў польскамоўную сямігодку. Пасля ўз’яднання БССР і Заходняй Беларусі працягнуў вучобу, аднак яго ўзялі толькі ў пяты клас беларускамоўнай школы.

Пазней бацька казаў, што дзякуючы савецкай уладзе ён змог атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць настаўнікам.

Бацька лічыў, што да падзей 1939 года можна ставіцца па-рознаму: разглядаць іх як злачынства або акт справядлівасці, шукаць аргументы і доказы да кожнага пункту гледжання. Але тады была адноўлена цэласнасць нашай краіны і народа. І хоць гэта адбылося не ў выніку нацыянальнай рэвалюцыі ці грамадзянскай вайны, цана аб’яднання была не меншай – была ліквідавана мяжа, якая падзяліла лёсы людзей.

Сямён Стома (у цэнтры) з сябрамі

Разам з аповедамі бацькі мы ўвабралі ў сябе бязмежную любоў да сваёй радзімы. 16-гадовым падлеткам я ехаў у цягніку ў Мінск. На той час толькі скончыў школу і вёз падаваць дакументы ў інстытут. Гледзячы на нашы мясціны, якія мільгалі ў вокнах, я зразумеў, чаму бацька так любіў сваю малую радзіму. Тады ў мяне нарадзіўся невялікі верш:

Сіняй дымкаю раніца ўецца,

І мільгаюць лясы, астаноўкі,

У той прастор, што радзімай завецца,

Я ўглядаюся зноўку і зноўку.

Я ў акно цягніка пазіраю

І вачэй адарваць не магу.

Так прыгожа. Я цвёрда знаю,

Што радзіму змяніць не магу.

Фота з архіва Уладзіміра СТОМЫ

Рекомендуем