Польскія каланісты-гаспадары. Пра мінулыя гады ўспамінае наш зямляк Барыс Барысевіч
– Нарадзіўся я ў далёкім 1927 годзе ў простай сялянскай сям’і. Усё сваё доўгае жыццё пражыў у Вязаўцы. Ды і жонка мая – Марыя Іванаўна – таксама мясцовая, – расказвае Барыс Барысевіч.
Мае бацькі Марцін і Альжбета былі дольнікамі, інакш кажучы земляробамі. Праўда, так называць іх можна было з вялікай нацяжкай. Яны мелі ўсяго пару гектараў зямлі. А гэта і ворыва, і агарод, і паша.
У той жа час у асаднікаў было па 20-30 гектараў зямлі, яны трымалі добрую гаспадарку. Толькі кароў у іх налічвалася па 20 і больш галоў. Да асаднікаў наймаліся ў заробкі. За цэлы дзень працы плацілі адзін злоты, можна было ўзяць сенам ці іншым кормам для скаціны.
Па траву хадзілі ў лес. Нажнуць жанчыны мяшок і цягнуць дадому, каб карову пакарміць. Але калі трапляліся на вочы вартаўнікам, то маглі застацца і без травы, і без сярпа – усё забіралі. Увогуле кароў кармілі дрэнна. Зразумела, і надоі былі маленькія, за адзін раз усё выпівалі. Надоіць матуля тры літры малака, налье кожнаму па кубку і дасць лустачку хлеба – вось такі абед. А вясной часам і хлеба не было.
Ежа наша была аднастайнай. Гэта вараная бульба, каша з малаком ды квашаная капуста з агуркамі. А летам – яшчэ грыбы ды ягады. Здараліся і прыемныя сюрпрызы. Неяк я з матуляй хадзіў у грыбы і злавіў маленькую казу. Забралі яе дадому, гадавалі, пасвілі ў двары. Але потым яна стала кульгаць і прыйшлося яе зарэзаць на мяса.
Апрацоўвалі зямлю, хто як мог. Прылады працы былі драўлянымі – і барана, і плуг. Каму ўдавалася дабыць жалеза, то рабілі рог на плуг.
Нацельная бялізна і верхняя вопратка былі самаробнымі. Самі пралі і ткалі, а спачатку трэба было пасеяць лён, прыбраць, памыць, пасушыць.
Кабанчык за падаткі
– Пры Польшчы кожны мусіў плаціць падатак за зямлю. Калі своечасова не заплаціш, прыходзілі апісваць маёмасць.
Працавала каса, у якой можна было ўзяць грошы ў доўг на 2-3 месяцы. Але калі своечасова не аддасі, то раслі вялікія працэнты.
Бацькі, каб заплаціць падаткі, гадавалі двух кабанчыкаў. Аднаго прадавалі, а другога калолі для сябе. Вось і атрымлівалася, што мяса елі толькі па святах.
«Будзеш вучыцца?» – «Буду, паночку»
– Наш навучальны год пачынаўся пасля Пакроваў, а заканчваўся ранняй вясной. Увесь астатні час дзяцей адпраўлялі да паноў пасвіць кароў. За лета пастушок мог зарабіць 3-4 пуды збожжа, а гэта вельмі добрая падмога для хатняй гаспадаркі.
Увогуле польскім уладам наша адукацыя была не патрэбная. Хочаш – вучыся, хочаш – не. Праўда, у нашай вёсцы быў адзін вучоны – вучыўся ў гімназіі. У яго сям’і быў знаёмы войт Галавінскі, які і даў накіраванне.
Яшчэ пашанцавала дачцэ лесніка. Неяк прыязджаў да нас сам Пілсудскі. Дык вось дзяўчына яго сустрэла і таксама атрымала накіраванне ў гімназію.
У школе быў адзін буквар на траіх, і чытаць даводзілася па чарзе. Аднак пыталі вельмі строга: прыйшоў – значыць, павінен вучыцца. Была жорсткая дысцыпліна, за непаслушэнства ці за неахайнасць білі лінейкай па руках.
– Будзеш вучыцца? – пытае пан настаўнік і лінейкай «жах-жах»…
А ты як вуж на патэльні падскокваеш і крычыш: «Буду, паночку, буду вучыцца!»
За якую-небудзь правіннасць маглі і на калені паставіць. Насыплюць грэчкі ці гароху, а ў выцягнутыя рукі дадуць трымаць дзве дошчачкі. І пакінуць на 10 хвілін.
Урокі ішлі на польскай мове, а за размову на беларускай – каралі. Мы вельмі любілі, калі прыязджаў бацюшка і навучаў нас праваслаўным малітвам і песням. Яны засталіся ў маёй памяці на ўсё жыццё.
У школу апраналіся ў тое адзенне, якое насілі і дома, іншага не было. На ногі – драўляныя чаравікі ці плеценыя лапці.
Наша сям’я лічылася не самай беднай. Мы з братам, які старэйшы за мяне на два гады, бралі перакус – па лусце хлеба і адзін кавалачак цукру на дваіх. Аднак хіба гэтым можна было наесціся?
Для тых, хто лічыўся бедняком, у школе варылі зацірку. У яе дабаўлялі сланечнікавы алей. Як толькі пах разносіўся па школе, я адразу адчуваў голад. Праўда, часам падыходзіў да раздатчыцы, і яна налівала мне крыху заціркі.
Салявыя ванны ад прастуды
– У той час ніякіх лекаў у нас не было. Пра пілюлі нават на ведалі. Лячыліся народнымі сродкамі: малінамі, вішняй, палыном.
Калі моцна прастывалі, рабілі так: у таз налівалі гарачую ваду, сыпалі туды соль і парылі ногі. Гэта быў самы дзейсны спосаб лячэння.
Сталі адной краінай
– У 1939 годзе сталі даходзіць чуткі аб тым, што хутка прыйдзе савецкая ўлада. Размовы хадзілі розныя, крыху асцерагаліся за будучыню. Аднак усе радаваліся краху польскай улады і з нецярпеннем чакалі Чырвоную армію.
Калі прыйшлі першыя салдаты, стала зразумела, што яны добра ставяцца да мясцовага насельніцтва. Сустракалі іх радасна, з кветкамі і музыкай.
У народзе панаваў радасны настрой: мы зноў сталі адной краінай.
Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Барысам Барысевічам у відэафармаце:
Фота з архіва Барыса Барысевіча