Старшы ўчастковы інспектар міліцыі Руслан Пазняк — універсальны салдат
Старшы ўчастковы інспектар міліцыі Руслан Пазняк мае вялікі досвед у сваёй сферы дзейнасці.
Ён служыць у міліцыі ўжо 25 гадоў. Руслан Іванавіч адзіны ў райаддзеле міліцыі, хто мае такі стаж работы на адным месцы.
Яго вотчына – Дзераўнянскі сельсавет. А гэта 17 населеных пунктаў, 1086 домаўладанняў.
Практычна няма такога чалавека на тэрыторыі сельсавета, з кім бы ён не сутыкаўся з абавязку службы. Даводзілася выступаць у ролі псіхолага, супакойваць дэбашыраў, наладжваць узаемаадносіны ў сем’ях.
Ёсць на рахунку Руслана Іванавіча і выратаваныя жыцці. «Пры наведванні грамадзян па месцы жыхарства ў адным з дамоў выявілі задымленне, – сціпла расказвае старшы ўчастковы. – У пакоі знаходзіўся мужчына, якому аказалі дапамогу».
Такія ўчынкі Руслана Пазняка дазваляюць жыхарам Дзераўнянскага сельсавета разлічваць на свайго ўчастковага пры любых абставінах.
– Сёння мой участак – гэта людзі, якія мяне ведаюць, гэта мае землякі, – кажа Руслан Іванавіч. – Звяртаючыся да мяне па дапамогу, яны ўпэўнены, што іх пытанне будзе вырашана. І я не маю права іх падвесці.
У адрас старшага ўчастковага інспектара ад мясцовых жыхароў гучаць толькі словы падзякі. Людзі ўжо пачалі трывожыцца, як будуць без свайго Руслана Іванавіча, калі той пойдзе на заслужаны адпачынак.
– Жыхары давяраюць Руслану Іванавічу, – кажа старшыня Дзераўнянскага сельсавета Таццяна Босая. – Ён чалавек адказны і аўтарытэтны, справядлівы і стараецца дайсці да кожнага.
Сам Руслан Пазняк лічыць сваю работу даволі спецыфічнай і складанай. Аднак прызнаецца, што з цягам часу, з набытым вопытам усё пачынае ўспрымацца прасцей, з’яўляецца ўпэўненасць і праца даецца лягчэй. У абавязкі ўчастковага ўваходзіць вельмі шырокі спектр задач і дзейнасць не прадугледжвае «сядзення» на месцы, а патрабуе аператыўнага рэагавання.
Разам з тым Руслан Іванавіч адзначае, што ў гэтай прафесіі варта папрацаваць хаця б таму, што можна набыць каласальны вопыт у зносінах з людзьмі.
Алена ГАМЗА
Фота Ксеніі РУБІН