Свята вёскі «Зямля бацькоў — жыцця крыніца» прайшло на радзіме Якуба Коласа, у славутай Мікалаеўшчыне

Вёска адзначала сваё 470-годдзе.
Ад скрыжывання вуліц Беларуская — Язэпа Лёсіка пачалося ўрачыстае шэсце ў суправаджэнні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага духавога аркестра «Віціны».
Агляд лакацый «Мы ўслаўляем вуліцу сваю!» падрыхтавалі жыхары вуліц Наднёманскай, Сянкевіча, Школьнай, Якуба Коласа, Беларускай, Язэпа Лёсіка, Піянерскай.
Усе падыйшлі да самапрэзентацыі вельмі творча, а менавіта прадэманстравалі ўмельства ў народных рамёствах, веданні радаводу, кулінарыі.


























Гучалі вершы і песні, знакамітыя Коласавы радкі і спадчына яго паслядоўнікаў — вядомых паэтаў Міколы Маляўкі, Алеся Камароўскага і інш.
У Мікалаеўшчыне нарадзілася каля дзясятка паэтаў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Да бюста Якуба Коласа былі ўскладзены кветкі.
У імправізацыях жыхары вёскі ўслаўлялі вясковыя традыцыі. Адна з адметнасцей Мікалаеўшчыны з даўніх часоў — гэта мянушкі, якія перадавалі схільнасць мікалаеўцаў да трапнасці і гумару.
Свае выставы падрыхтавалі Мікалаеўшчынскі сацыяльны пансіянат «Нёманскі» і Мікалаеўшчынская сярэдняя школа імя Якуба Коласа.





























Гасцей на свяце было багата. Удзельнікаў вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель, старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Алена Суднік, дэпутат раённага Савета дэпутатаў і воін-інтэрнацыяналіст Міхаіл Мамайка.
Былі ўшанаваны жыхары Мікалаеўшчыны — ветэраны працы ў розных галінах народнай гаспадаркі.
Падарункі ім уручалі Сяргей Шэсцель, Алена Суднік, а таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна: Мікалаеўшчынскай СШ імя Якуба Коласа, Стаўбцоўскай ЦРБ, участка паштовай сувязі, Стаўбцоўскага лясгаса, турбазы «Высокі бераг», сацыяльнага пансіяната «Нёманскі», ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і інш.
Былі ўшанаваны шматдзетныя сем’і, найстарэйшыя жыхары і маленькія мікалаеўцы.
Адметнасцю свята стала ўшанаванне заслужанай настаўніцы Лянгіны Цвірка, якой споўнілася 95 гадоў. Да віншаванняў далучыліся і яе колішнія вучні.
Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Надзея Картузава адрасавала віншаванні брыльянтавым маладажонам — сям’і Мікалая Ермаковіча і Марыі Скарабагатай. У галавы сям’і акурат двайное свята — яшчэ і асабісты юбілей, 85-годдзе.
















Падчас свята вёскі быў адкрыты абноўлены помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Іх памяць ушанавалі мінутай маўчання.
Закладзена капсула часу з пасланнем нашчадкам берагчы і любіць сваю вёску, працаваць дзеля росквіту малой радзімы. Задумана, што праз 30 гадоў, падчас святкавання 500-годдзя Мікалаеўшчыны, гэты наказ прачытаюць наступныя пакаленні жыхароў вёскі.
Святочны настрой стваралі самадзейныя артысты раёна, калектыў «Коласавы землякі», а таксама госці з Карэліцкага раёна.























Арганізатары свята выказалі падзяку ўсім жыхарам Мікалаеўшчыны за годную падрыхтоўку, а таксама спонсарам: ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (дырэктар Ю. М. Тарасевіч), ЗАТ «Агракамбінат Колас» (А. М. Скрыпко), гандлёвы ларок ‘Скрыначка» (С. І. Жарнак), ТАА «Ірыаль» (І. М. Расолька), жыхарам вёскі І.В. Кацібнікаву, І.У. Усачову, Яўгену Прадушчэнка.
Сёння ў Мікалаеўшчыне зарэгістравана 486 жыхароў, налічваецца каля 360 двароў. Вёска разрастаеццаі развіваецца. У ёй нараджаюцца новыя таленавітыя людзі, шчырыя працаўнікі і творцы.























































