У Лідзе – новы арт-аб’ект

Лідская раённая бібліятэка ўжо жыве ў асаблівым настроі – прадчуванні Дня беларускага пісьменства, свята, якое яднае сэрцы і ўздымае дух. На працягу некалькіх месяцаў мы з любоўю і натхненнем рыхтаваліся да гэтага дня, каб ушанаваць тых, хто праз слова захоўвае душу народа.
Дзякуючы падтрымцы Лідскага раённага выканаўчага камітэта і фінансаванню адкрытага акцыянернага таварыства «Беларусбанк» на фасадзе Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы з’явіўся арт-аб’ект, які стаў сапраўдным сімвалам культурнай памяці. Гэта не проста роспіс – гэта партрэт Янкі Купалы, а на заднім фоне – буслы, як вечны абярэг беларускай зямлі. А стварыў гэтую прыгажосць таленавіты мінскі мастак Канстанцін Віктаравіч Пахомчык.
– Наша бібліятэка носіць імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, і яго партрэт лагічна адлюстроўвае культурную і духоўную спадчыну, якую ўстанова прадстаўляе. Творчасць Купалы – гэта тое, што ведаюць і шануюць не толькі на роднай зямлі, але і далёка за яе межамі. Побач на суседняй сцяне раённую бібліятэку ўпрыгожваюць васількі – сімвал Беларусі, яе прыроднай прыгажосці і душэўнай цеплыні. А яшчэ прыемна адзначыць, што менавіта васілёк сіні ў 2025 годзе выбраны раслінай года ў нашай краіне. Блакітныя кветкі надаюць лёгкасць і паэтычны настрой кампазіцыі, ствараючы гармонію паміж вобразам Купалы і жывой прыродай, якую ён так любіў, – адзначыла дырэктар ДУК «Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы» Алена Быстрыцкая.
У гэтым годзе Янку Купалу споўнілася б 143 гады. І хоць час няспынна рухаецца наперад, яго слова з намі жыве і цяпер. Яно гучыць і ў сэрцах, і ў цішыні бібліятэк, дзе кожная старонка дыхае роднай мовай. Купала – гэта не проста паэт. Гэта голас зямлі, што ведае боль і радасць, гэта душа народа, што не згасае.
Беларусь – краіна, дзе васількі цвітуць не толькі на палях, але і ў душах людзей. Няхай кожны, хто пройдзе паблізу бібліятэкі, адчуе цёплы подых Радзімы, убачыць у вачах Купалы адлюстраванне сваёй любові да яе. Бо культура – гэта не толькі мінулае. Гэта жывое сэрца народа, якое б’ецца ў кожным з нас.