Меню

З медыцынай – праз усё жыццё. Наталля Каляда больш 40 гадоў працуе ў Рубяжэвіцкай участковай бальніцы

Общество

Наталля Каляда ўжо 44 гады працуе ў Рубяжэвіцкай участковай бальніцы.

Сюды яна прыйшла маладым спецыялістам адразу пасля заканчэння Мінскага медыцынскага вучылішча № 1 (цяпер – Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж).

Наталля Казіміраўна прыгадвае першыя месяцы працы, як брала кроў на аналізы і гадзінамі сядзела за мікраскопам. Яна адзначае, што раней спецыялісты лабараторыі вельмі шмат  часу праводзілі за мікраскопам, цяпер частка гэтых функцый аўтаматызаваная.

– Праца фельчара-лабаранта вельмі важная ў медыцыне. Правільны дыягназ і прызначанае лячэнне залежаць менавіта ад вынікаў аналізаў, – кажа Наталля Каляда.

Працоўны дзень у жанчыны распісаны па гадзінах, трэба паспець зрабіць забор аналізаў, прапусціць іх праз аналізатар, запоўніць неабходную дакументацыю, але яна заўсёды знаходзіць час, каб сказаць наведвальніку добрае слова і проста ўсміхнуцца. За прыстойнасць, адказнасць і пазітыўны настрой Наталлю Казіміраўну паважаюць калегі і пацыенты.

Дарэчы, штодзень на прыём прыходзіць да 15 чалавек. На абслугоўванні фельчара-лабаранта знаходзіцца і Цясноўская амбулаторыя.

Нарадзілася Наталля Казіміраўна ў Дзятлаўскім раёне, а ўсё сваё свядомае жыццё звязала са Стаўбцоўшчынай. Тут яна сустрэла сваю другую палавінку. З мужам Мечыславам Лявонавічам выхавалі дваіх дзяцей. Цяпер яны шчаслівыя бабуля і дзядуля двух унукаў.

На пытанне «За што вы шануеце сваю прафесію?» Наталля Каляда адказвае:

– Я люблю працаваць з людзьмі, люблю дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў маёй падтрымцы.

Алена ГАМЗА, фота аўтара

Рекомендуем