Меню

Жыццё пражыць і не стаміцца. Пра тое, як жылі людзі падчас польскай акупацыі, расказвае жыхарка Горак Паўліна Агароднік

Общество

– Мае бацькі Фёдар і Ганна Ярмак жылі ў вёсцы Асіпаўшчына. У сям’і было чацвёра дзяцей. Прычым я – старэйшая, – пачынае аповед Паўліна Фёдараўна. – Бацькі мелі чатыры гектары зямлі. Аднак гэтага было недастаткова, жылі мы вельмі бедна. У гаспадарцы былі свой маленькі конік і карова. Ужо пазней сталі трымаць авечак.

Бацькі працавалі на зямлі. Работы заўсёды было шмат, а яшчэ хадзілі ў заробкі да паноў. Памятаю, кожную восень паны наймалі жанчын капаць бульбу. Ды і летам працы ў пана хапала.

Дзеці не адпачывалі

– Працавалі не толькі дарослыя, але і дзеці.

Спачатку я дапамагала бацькам тым, што глядзела малодшых брата і сясцёр. Да таго ж яшчэ і суседка, калі ішла ў поле, магла прывесці сваіх дзяцей.

Пазней мне давялося працаваць у больш заможнага жыхара вёскі. Пасвіла дзвюх кароў і цяля на балоце. За сваю працу ў адзін год я зарабіла два мяхі жыта і адзін мех бульбы.

Дарэчы, у той  час дроў не хапала. Каб прыгатаваць ежу ці ацяпліць хату, людзі выкарыстоўвалі торф. Дык вось, калі я пасвіла кароў на балоце, то сушыла торф. Так атрымалася зарабіць яшчэ адзін мех бульбы.

Памятаю з дзяцінства такі выпадак.

Мне тады не было яшчэ і дзевяці гадоў. Раніцай, як звычайна, гнала кароў у поле. А гаспадыня, у якой я працавала, была ў агародзе. Яна выбірала агуркі. А мне так захацелася імі паласавацца, што я ціхенька і ўзяла два. Ды што тыя два агуркі? Я не паспела прайсці і 20 крокаў,  як з’ела іх.

Як гаспадыня даведалася, што я зрабіла, не ведаю. Можа, пералічыла агуркі, а можа, заўважыла, як я іх брала. Аднак увечары яна абазвала мяне зладзейкай і паабяцала расказаць усё маці.

На кірмаш па абаранкі

– Жыць даводзілася са сваёй гаспадаркі. Амаль нічога не куплялі – не было за што.

Часам мама ездзіла на кірмаш. Саб’е масла, возьме дзясятак яек і ў Гарадзеі прадасць. Пеўня, яблыкі  таксама везлі на продаж. Неабходна было купіць газу.

Часам мама прывозіла нам гасцінец – абаранкі. Цукерак не куплялі.

Увогуле ежа была простая, у асноўным бульба ды ячная каша.

Аднак здаралася, што мама прывозіла самы танны хлеб, яго называлі «сітніца». Дасць нам па лусце і па кубку малака – мы і задаволены.

За ўсё патрэбна было плаціць

– Грошай у сям’і заўсёды не хапала. А патрэбны яны былі на розныя справы. Вось, напрыклад, каб змалоць збожжа, неабходна было заплаціць. Таму на млын ездзілі толькі заможныя гаспадары. А ў нас былі свае жорны. Аднак, каб змалоць жыта, яго трэба было спачатку добра высушыць на печцы.

Яшчэ патрэбна было плаціць падаткі, а калі не было грошай, то плацілі тым, што вырасла на сваёй зямлі.

Неяк намалацілі мы  каля 12 мяшкоў збожжа, а пасля выплаты падаткаў для асабістых патрэб засталося толькі чатыры. Калі ўлічыць, што частку трэба пакінуць на насенне, то на ежу амаль і не было.

Без грошай не вучылі…

– Вучыцца мне не давялося.

У школу я хадзіла толькі тры тыдні.

Тады настаўнік сказаў бацькам, што за вучобу патрэбна заплаціць. А чым, калі грошай не было нават на самае неабходнае? Так і скончылася мая навука. Дарэчы, чытаць я сама навучылася, а вось пісаць – не.

Мае малодшыя брат і сёстры нарадзіліся значна пазней. Яны хадзілі ў школу,  да таго часу сям’я стала крыху багацейшай. Брат нарадзіўся ў 1934 годзе і ў школу пайшоў ужо пры савецкай уладзе.

І не лячылі

– Ці былі на той час якія-небудзь бальніцы, я не ведаю.

Аднак добра памятаю выпадак, калі да мяне прывозілі доктара.

Неяк мама паставіла на печы дзежку з цестам. Загадаўшы нам за ёю наглядаць, яна пайшла па ваду.

Але ж мне захацелася злезці з печы. Я ступіла на лаву, каб з яе саскочыць на падлогу, ды зачапілася кашуляй за збанок з нечым гарачым. А ў той час каструль такіх, як цяпер, не было. Амаль увесь посуд быў гліняны. Той збанок упаў і разбіўся. Я атрымала моцныя апёкі. Нават скура месцамі пачала злазіць.

Бацька з’ездзіў у суседнюю вёску і прывёз доктара. А чым ён мне дапамог? Сказаў мазаць месцы апёкаў маслам.

Аднак за візіт доктара неабходна было заплаціць два рублі. Грошай дома не было, таму мама бегала да суседзяў пазычаць.

Усё навокал – панскае

– У той час усё належала панам. Без іх дазволу забаранялася збіраць ягады ці грыбы. Трэба было браць білет на наведванне лесу. Але ж за яго патрэбна было заплаціць. Таму мы хадзілі самавольна, стараліся, каб стражнікі не ўбачылі. Бо калі ім пападзешся, то і ягады забяруць, і дубцом лупцануць.

Бацькам давалі дзялянкі лесу, каб іх ачышчалі.  Самыя тонкія дубчыкі і нават карчы збіралі, каб было чым прапаліць у печы ды прыгатаваць ежу.

Увогуле ў дзяцінстве хапіла ўсяго. Можна прыгадаць, што спалі на драўляных ложках. На дошкі клалі салому,  а зверху слалі посцілку.

Калгасы спачатку пужалі

– Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі шмат чаго змянілася. Аднак добра пажыць не давялося. Хутка пачалася вайна.

Пасля  гаспадаркі сталі аб’ядноўваць у калгасы. Спачатку іх усе баяліся. Ніхто не ведаў, што атрымаецца. Было складана, аднак з цягам часу жыццё наладзілася.

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Паулінай Агароднік у відэафармаце:

Рекомендуем