У 86 гадоў з кнігай у руках. Гісторыя адной чытачкі Шашкоўскай інтэграванай бібліятэкі
Мы жывём у эпоху лічбавых тэхналогій, калі інфармацыя перастае быць дэфіцытам. Яна акружае нас усюды: у смартфонах, на планшэтах, у стужках сацыяльных сетак.
Каб даведацца пра штосьці, ужо не трэба ісці ў бібліятэку – дастаткова зрабіць адзін клік. Менавіта таму пытанне “Ці патрэбна нам сёння друкаваная кніга?” гучыць усё часцей.
З аднаго боку, здаецца, што кніга састарэла як носьбіт інфрмацыі. Яна цяжкая, займае месца на паліцы, папера жоўкне. Навошта яна, калі ў маёй кішэні змяшчаецца цэлая бібліятэка? Сучасны чалавек прызвычаіўся да хуткасці: ён чытае кароткія тэксты, глядзіць відэа, пракручвае стужку. На чытанне тоўстай кнігі проста не хапае часу і канцэнтрацыі ўвагі. Таму многія лічаць, што папяровая кніга памірае, саступаючы месца аўдыякнігам і падкастам.
У Год беларускай жанчыны я хачу расказаць пра самую ўзроставую чытачку Шашкоўскай інтэграванай бібліятэкі – Лідзію Антонаўну Новік. Хоць у жанчын не прынята пытаць пра ўзрост, Лідзія Антонаўна адкрывае нам гэты сакрэт. Сёлета ёй споўнілася 86 гадоў. Першыя кнігі яна пачала чытаць, калі працавала ў Стоўбцах у маладым ўзросце будучы яшчэ незамужняй. Прыкладам для яе быў бацька, які таксама шмат чытаў, выбіраючы вольную хвілінку сярод часоў няспыннай цяжкай сялянскай працы. Бацька не проста чытаў, але і падкрэсліваў месцы, якія яму больш за ўсё спадабаліся, рабіў паметкі. Прадметам інтарэсу бацькі была праваслаўная кніга. Яшчэ Лідзія Антонаўна запомніла кнігу з разгадкамі сноў, якая была ў дамашняй бібліятэцы. У той час кнігі былі вялікай каштоўнасцю.
Першымі для Лідзіі Антонаўны былі кнігі пра каханне. Ведама, малады ўзрост і маладыя пачуцці. Калі з’явіліся свая сям’я, дзеці, гаспадарка, то стала не да чытання. Але ўсё роўна шукала хоць якую свабодную хвілінку, каб далучыцца да любімага занятку. І дзеці бачылі гэта маміна захапленне друкаваным словам. Асабовы прыклад – найлепшы інструмент для выхавання. У цяперашні час бяруць у бібліятэцы і купляюць у кнігарнях кнігі сыны і нявестка Лідзіі Антонаўны. Яны маюць і свае асабовыя бібліятэкі. Дарэчы, у яе сына Сяргея маецца два агульных сшытка, дзе запісаны назвы і аўтары кніг, якія ён прачытаў за ўсё сваё жыццё. Напэўна, і кнігі паспрыялі выхаванню такіх рыс характару дзяцей Лідзіі Антонаўны, як спагада, дабрыня, любоў да свайго блізкага. Цяпер наша чытачка пасля траўмы мае цяжкасці з самаабслугоўваннем, і сын Сяргей пакінуў любімую працу, каб даглядаць маці. Не забываюць яе і другія дзеці і ўнукі.
Лідзія Антонаўна дагэтуль з’яўляецца актыўным чытачом Шашкоўскай інтэграванай бібліятэкі. Кнігі прыносіць яе сын Сяргей. Цяпер чытачка захапляецца дэтэктывамі і ваеннымі гісторыямі. Пажадаем, каб яна яшчэ доўгі час з добрым здароўем ішла з кнігай па сваім жыцці.
У кожнай кнігі ёсць свая душа. Друкаванае выданне – гэта не толькі тэкст, але і фізічны аб’ект, які можна трымаць у руках, удыхаючы непаўторны пах тыпаграфскай фарбы. Гэта цэлы абрад, які стварае непаўторную атмасферу для чытання. У адрозненне ад абязлічаных файлаў на экране, папяровая кніга мае сваю гісторыю. Яна можа быць прэзентавана дарагім чалавекам або атрымана ў спадчыну.
На маю думку і думку маіх чытачоў, друкаваная кніга мае шмат сваіх моцных бакоў.
— Яна дае меншую нагрузку на зрок. Экран гаджэта стомлівае вочы пры працяглым чытанні. Папера не дае такога эфекту.
— У кнізе няма рэкламы, паведамленняў, спакусы пераключыцца на іншую праграму. Гэта спрыяе глыбокаму чытанню і лепшаму засваенню інфармацыі.
— Даследванні паказваюць, што пры чытанні з паперы людзі лепш запамінаюць дэталі і разумеюць структуру тэксту дзякуючы тактыльным адчуваннямі прасторавай прывязцы (напрыклад, памятаеш, што фраза была ў ніжняй частцы левай старонкі).
— Кнігу не трэба зараджаць, яна не зламаецца ад удару, не будзе абнаўляць праграмнае забяспячэнне і не перагрэецца на сонцы.
Для удумлівага глыбокага чытання многія аддаюць перавагу паперы, а для зручнасці і даведкавых мэт – гаджэтам.
У апошнія гады Шашкоўская інтэграваная бібліятэка значна папоўнілася новымі кнігамі. Асабліва шмат паступіла дзіцячых кніг: багата ілюстраваных, на якаснай паперы, на розны густ. Запрашаем наведаць і адкрыць для сябе новую прастору для правядзення вольнага часу!
Ларыса КУРЛЮТА, бібліятэкар Шашкоўскай інтэграванай бібліятэкі