Калі разам – ніхто не зломіць. Пра тое, як жылі людзі падчас польскай акупацыі, успамінае жыхарка Засулля Соф’я Васілеўская
– Я нарадзілася ў вёсцы Засулле ў 1948 годзе, – гаворыць Соф’я Іванаўна. – Але мой бацька Іван Мікалаевіч Васілеўскі шмат расказваў пра той час, калі іх сям’я жыла пад Польшчай.
З яго расказаў я ведаю, што ў дзеда Мікалая Антонавіча і бабкі Ганны Раманаўны было шасцёра дзяцей: два сыны, Іван і Валодзя, і чатыры дачкі: Гэлька, Анюта, Зося, Марыя.
Яны не мелі ні сваёй зямлі, ні сваёй хаты. Сям’я вымушана была наймацца на парабкавую ці арэндную работу ў пана. Таму бацька нават не меў месца нараджэння – ён не ведаў, дзе нарадзіўся.
Сезоннікі
– Дзед Мікалай і бабка Ганна з вясны да восені парабкавалі на пана. Бліжэй да зімы, калі дамашнюю жывёлу ставілі ў адрыны, а на палях работы таксама былі скончаны, у парабках не было патрэбы. Тады сезоннікаў адпраўлялі з панскага двара. Бацькі садзілі ўсіх дзяцей на павозку, грузілі рэчы і ехалі шукаць новую работу. Зусім як цыганы. Бацька расказваў, што бывалі і ў Засуллі, і ў Рубяжэвічах, і за Налібакі ездзілі. Дзе знаходзілі работу, там і спыняліся.
Нароўні з дарослымі працавалі і дзеці. Бацька з малых гадоў пасвіў гусей і свіней, потым – кароў. Калі крыху падрос, яго ўзялі конюхам. Па тых часах гэта лічылася лепш, чым быць пастухом.
Браты і сёстры бацькі таксама працавалі – хто ў полі, хто ў агародзе. Старэйшыя дзеці да таго ж даглядалі малодшых.
За працу плацілі часцей за ўсё збожжам, часам давалі грошы. Але іх не хапала нават на самае неабходнае.
Чатыры класы для пісьменнасці
– Нягледзячы на тое, што сям’я дзеда жыла бедна, бацька меў магчымасць вучыцца. Ён добра валодаў польскай мовай і спяваў на ёй песні. Але больш любіў нашу «Кацюшу». Хоць бацька скончыў толькі чатыры класы польскай школы, ён добра ведаў матэматыку і нават дапамагаў нам рашаць задачы ў школе. Ці хадзілі ў школу яго брат і сёстры, я не ведаю. Бацька пра гэта не расказваў.
Рэцэпт ад бабкі-шаптухі
– Пра медыцыну ў той час казаць няма чаго. Для наведвання доктара і лячэння ў яго неабходны былі грошы. Толькі адкуль іх было ўзяць парабкам? Аднак у вёсках былі бабкі-шаптухі. Вось яны і лячылі. Агледзяць спачатку, а потым што прыдумаюць, тое і прыпішуць. Але не лекі, а зёлкі розныя.
Маёнтак Крупскіх
– У 30-х гадах мінулага стагоддзя вёска Засулле з’яўлялася цэнтрам гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы. Тут было каля 140 дамоў і фальварак Крупскіх.
Паны Крупскія былі даволі заможнымі. Мелі сваю пілараму і спіртзавод, які размяшчаўся за сядзібай. Дарэчы, пабудавалі яго яшчэ ў 1892 годзе з колатых валуноў і бутавага каменю.
Вакол сядзібы размяшчаўся прыгожы парк, дзе раслі незвычайныя для нашых мясцін дрэвы. Было і сваё возера. Я з дзяцінства памятаю, што там плавалі прыгожыя белыя і жоўтыя лілеі. Было шмат рыбы. Дарэчы, пры савецкай уладзе жыхарам вёскі дазвалялі яе лавіць.
За спіртзаводам знаходзіліся баракі, у якіх жылі парабкі. Сям’я дзеда з бабкай некалькі разоў наймалася на працу да паноў Крупскіх.
Акрамя сезоннікаў у іх былі пастаянныя работнікі – вяскоўцы, якія абслугоўвалі домаўладанне. Гэта, да прыкладу, кухарка ці адміністратарка, якая загадвала дамашняй гаспадаркай, распараджалася ежай і посудам.
Такім працаўнікам жылося лягчэй.
У будынку, дзе цяпер знаходзіцца амбулаторыя, пры Польшчы была жандармерыя. Як жандары ставіліся да беларусаў, сказаць не магу. Бацька расказваў толькі пра пані Крупскую. Казаў, што яна была добрай у адносінах да работнікаў. Але ў яе былі памагатыя-наглядчыкі. Аднойчы брат бацькі Валодзя не паслухаўся аднаго з іх, не выканаў нейкую работу. Валодзю збілі бярозавымі розгамі. Пасля гэтага хлопец доўга хварэў і памёр, хаця яму і было ўсяго 14 ці 15 гадоў.
Пасля ўз’яднання
– У 1939 годзе сям’я майго бацькі парабкавала ў Крупскіх і жыла ў бараку.
Калі прыйшла савецкая ўлада, паны з’ехалі. Панскую зямлю, коней, свіней і іншую жыўнасць дзяржава канфіскавала і раздала сялянам.
Дзеду таксама далі зямлю і ўчастак для будаўніцтва дома.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, пані Крупская вярнулася. У сваім маёнтку яна арганізавала шпіталь для нямецкіх лётчыкаў.
У гэты час мой бацька ваяваў. У 1939 годзе ён пайшоў у войска. Служыў у конскай кавалерыі на мяжы. Потым іх дывізію перакінулі пад Маскву, там бацьку паранілі. Пасля лячэння ў шпіталі яго камісавалі і адправілі ў Баку. Бацька працаваў на кіслародным заводзе, дзе і пазнаёміўся з маёй маці.
Пасля жаніцьбы яны пераехалі ў Засулле.
Адразу жылі ў панскім бараку, а потым пабудавалі свой дом.
Бацька лічыў, што дзякуючы савецкай уладзе яны сталі жыць значна лепш. Ён працаваў конюхам, меў выхадныя дні, заўсёды было што паесці. Бацька казаў, што ў дзяцінстве даводзілася галадаць, а выхадных дзён падчас работы на пана ўвогуле не было.
Ён любіў прытчу пра венік і пруцікі і вельмі часта нам яе паўтараў: «Вось таксама бывае і ў жыцці. Калі вы будзеце разам, то вас ніхто не зломіць, а паасобку вас так лёгка перамагчы, як і зламаць пару пруцікаў».
І гэта ён казаў не толькі пра сям’ю, але і пра ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.
Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Соф’яй Васілеўскай у відэафармаце: