Меню

«Не толькі дарогі…» Даведаліся, з якімі пытаннямі звяртаюцца стаўбчане да старшыні райвыканкама

Общество

У райвыканкаме прайшла чарговая прамая тэлефонная лінія. На званкі грамадзян адказаў старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень.

Першай патэлефанавала жыхарка дома № 4 па вул. Энгельса ў Стоўбцах. Яна  паскардзілася на тое, што ў кватэры вельмі холадна. Старшыня райвыканкама даручыў адпаведным службам выехаць на месца, разгледзець пытанне цеплазабеспячэння гэтага дома і правесці маніторынг жылых памяшканняў на прадмет захавання сацыяльнага стандарту.

Грамадзянам, якія звярнуліся наконт правядзення капітальнага рамонту дома № 2 па вул. Меліяратараў у Дзераўной, таксама будзе дадзены пісьмовы адказ пасля выезду на месца.

Частка пытанняў была растлумачана непасрэдна падчас звароту. Усе астатнія былі перададзены адпаведным службам.

Прамыя тэлефонныя лініі, як і асабісты прыём грамадзян старшынёй райвыканкама, вельмі запатрабаваны ў жыхароў Стаўбцоўшчыны. Так, у 2023 годзе паступіла каля ста пытанняў, што практычна ўдвая менш, чым у 2022 годзе. У прыярытэце – праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, водазабеспячэння і добраўпарадкавання дарог.

Актуальным у мінулым годзе было пытанне грэйдзіравання і падсыпкі дарог. Не заўсёды мелася магчымасць вырашаць гэтыя просьбы аператыўна, бо тэхніка можа пачаць выкананне такіх работ толькі пры спрыяльных умовах надвор’я. Разам з тым усе запыты былі выкананы і з мэтай паляпшэння стану дарожнага пакрыцця праведзена падсыпка з наступным рамонтным прафіляваннем праблемных участкаў вул. Зялёнай у Стоўбцах, вул. Падлеснай і вул. Новай у аг. Шашкі, вул. Свабоды ў в. Новы Свержань і інш.

Звярталіся да старшыні райвыканкама і жыхары вул. Кутузава ў Стоўбцах. Іх хвалявала пытанне замены водаправода па вуліцы. Гэтая праблема была ўзята на кантроль. КУП «Слуцкводаканал» закуплены матэрыялы, вядуцца неабходныя работы. Дарэчы, у мінулым годзе ў горадзе і раёне ўсяго заменена 5,5 км сетак водазабеспячэння.

Аператыўна было вырашана пытанне адводу дажджавой вады з вул. Машынабудаўнікоў каля рынку «Лебедзь», дзе часта ўтваралася лужына.

Жыхары пас. Наваколасава таксама засталіся задаволены вынікам звароту да старшыні райвыканкама: у 2023 годзе выкананы работы па ўладкаванні пешаходных сувязяў паблізу дома № 1 па вул. Алфёрава.

Часам для прапрацоўкі пытання неабходна выехаць на месца жыхарства заяўніка. Дарэчы, так быў вырашаны зварот сельскага жыхара наконт выдзялення рэабілітацыйных сродкаў і аказання паслуг сацыяльнага работніка.

Дзякуючы звароту на прамую тэлефонную лінію да старшыні райвыканкама вырашана пытанне спынення прыгарадных аўтобусаў на прыпынку па вул. Гагарына ў Стоўбцах. З 15 студзеня аўтобусы, што едуць на аўтастанцыю, будуць спыняцца там не толькі для высадкі, але і для пасадкі пасажыраў.

Як адзначылі ў сектары па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама, на звароты стараюцца рэагаваць аператыўна. Пытанні, якія не атрымліваецца вырашыць адразу, бяруцца на кантроль.

Алена ГАМЗА

Рекомендуем