Меню

Тут любяць і ўмеюць працаваць. Даведаліся, як дасягаюць высокіх паказчыкаў у ААТ «Вялікі Двор»

Общество

ААТ «Вялікі Двор» – сельскагаспадарчае прадпрыемства раёна, якое мае стабільнае становішча.

З кожным годам гаспадарка мацнее, тут пануюць парадак і дысцыпліна.

Зладжаную працу відаць адразу. «Паспяховая дзейнасць любога прадпрыемства прадугледжвае гарманічнае ўзаемадзеянне ўсяго калектыву, рацыянальнае выкарыстанне працоўных рэсурсаў і пастаяннае ўдасканаленне», – гаворыць дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Аляксандр Дударэвіч. І нездарма ў гаспадарцы імкнуцца своечасова выязджаць на ўборку збожжавых, адпраўляцца на вясенне-палявыя работы, дабівацца высокіх паказчыкаў падчас нарыхтоўкі кармоў.

Фотаздымкі лепшых работнікаў таварыства заносяць на раённую Дошку гонару, Дошку гонару гаспадаркі. Рупліўцы ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах і паказваюць выдатныя вынікі.

Жывёлагадоўля і раслінаводства

У 2023 годзе агульная колькасць жывёлы склала 5217 кароў, надой на карову – 9641 кг. На дадзены момант узводзіцца малочнатаварная ферма «Асіпаўшчына» паблізу в. Асіпаўшчына.

«Велікадворскае» малако цэніцца, яно заўсёды  якаснае, здаецца сортам экстра і рэалізуецца на Мінскі малочны завод № 1 і Слуцкі сыраробны камбінат.

У гаспадарцы атрымана добрая ўраджайнасць збожжавых  – 76,6 ц/га. Тут вырошчваюць пшаніцу, трыцікале, ячмень, авёс, гарох, рапс, цукровыя буракі. Шматгадовыя травы ідуць на сілас і сянаж.

Асаблівых праблем у перыяд вяснова-палявых работ не ўзнікала, тэхніка не падводзіла.

За 2023 год закуплены два трактары МТЗ, МАЗ, пяць легкавых машын, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, збожжаўборачны камбайн.

Каманда надзейная

Шчыруюць у гаспадарцы 152 чалавекі. Сярэдні ўзрост калектыву – 40-45 гадоў. Усе з ведамі, сіламі і, галоўнае, жаданнем працаваць. Каманда склалася надзейная, на любога можна спадзявацца.

«Усе працуем над вытворчасцю якаснага малака, павелічэннем надояў і атрыманнем прыбытку», – адзначыў дырэктар.

Не адзін дзясятак гадоў у гаспадарцы шчыруюць галоўны аграном Генадзій Бязушка, галоўны эканаміст Ала Полацкая, брыгадзір МТФ «Вялікі Двор» Андрэй Мяшок, механізатар Уладзімір Рулёў, аператар жывёлагадоўчага комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы Ірына Смецюх, заатэхнік Любоў Кірыкеш… Яны сапраўдныя прафесіяналы, якія працуюць дзеля дабрабыту сельгаспрадпрыемства.

Заатэхнік Любоў Кірыкеш любіць сваю прафесію
Механізатар Уладзімір Рулёў працуе над заменай счаплення ў трактары МТЗ
Аператары машыннага даення Вольга Якубоўская і Алена Швагерус на ўборцы даільнай залы

Ёсць тут і сямейныя дынастыі – Мяшок, Жылка, Тарабэш.

У Аляксандра Дзмітрыевіча як у кіраўніка на першым плане – простае чалавечае стаўленне да работнікаў. Ён лічыць: як павернешся да людзей, так і табе адкажуць.

Сельгаспрадпрыемства выдзяляе жыллё для прыезджых працаўнікоў. Транспартам гаспадаркі ажыццяўляецца падвоз рабочых з розных населеных пунктаў. Работнікаў штогод прэміруюць, радуюць падарункамі да свят.

Аляксандр Дударэвіч дзякуе ўсяму калектыву за нялёгкую працу, прафесіяналізм, адданасць абранай справе. «Без руху наперад не будзе дасягненняў», – рэзюмуе дырэктар.

Марына КУТАС,

фота аўтара

Рекомендуем